Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Стэфановіч: ЦВК мае дастаткова часу, каб перакласьці свой сайт на беларускую мову


Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

12 ліпеня каардынатары кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» атрымалі адказ на сваю прапанову пра стварэньне беларускамоўнай вэрсіі сайту Цэнтральнага выбарчага камітэту.

У адказе, які падпісала старшыня ЦВК Лідзія Яромошына, паведамляецца, што «ЦВК лічыць магчымым у далейшым прапрацаваць гэтую прапанову».

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, рэагуючы на ініцыятыву праваабаронцаў, казаў, што «мы станоўча ўспрымаем гэтую прапанову, бо і беларуская і расейская зьяўляюцца дзяржаўнымі мовамі. Гэтая прапанова не выклікае ў нас ніякага непрыняцьця. Гэта добрая і разумная прапанова, яе трэба рэалізаваць».

У той жа час Мікалай Лазавік адзначыў, што падчас цяперашніх парлямэнцкіх выбараў укараніць беларускамоўную вэрсію сайту Цэнтральнага выбарчага камітэту наўрад ці магчыма, бо «апарат складаецца ўсяго з васьмі чалавек, а зь іх толькі адзін займаецца інфармацыйнымі тэхналёгіямі».

Мікалай Лазавік, Лідзія Ярмошына, Алег Сьліжэўскі. Архіўнае фота, падчас рэгістрацыі кандыдатаў на выбарах прэзыдэнта 2015 году

Мікалай Лазавік, Лідзія Ярмошына, Алег Сьліжэўскі. Архіўнае фота, падчас рэгістрацыі кандыдатаў на выбарах прэзыдэнта 2015 году

У звароце ў ЦВК адзін з каардынатараў кампаніі Валянцін Стэфановіч адзначаў, што «адсутнасьць беларускамоўнай вэрсіі сайту не спрыяе на практыцы ажыцьцяўленьню ў поўнай меры прынцыпу роўнасьці дзьвюх дзяржаўных моваў, замацаванага ў Артыкуле 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі», а таксама апэляваў да таго, што некаторыя суб’екты выбарчага працэсу актыўна карыстаюцца беларускай мовай у пэрыяд правядзеньня выбарчых кампаній.

Камэнтуючы адказ ЦВК Свабодзе, Валянцін Стэфановіч падкрэсьліў, што накіроўваючы зварот у ЦВК, праваабаронцы не разьлічвалі, што перакласьці сайт атрымаецца хутка:

«Мы разумеем, што хутка стварыць беларускамоўную вэрсію сайту ЦВК не атрымаецца — гэта сапраўды патрабуе пэўных матэрыяльных і людзкіх высілкаў, а ў ЦВК сайтам займаецца толькі адзін чалавек».

Юрыст таксама адзначыў, што праблема, якую падымаюць праваабаронцы, значна шырэйшая — беларуская мова не выкарыстоўваецца на дзяржаўным узроўні, таму фактычна не зьяўляецца дзяржаўнай:

Заканадаўства аўтаматычна не дублюецца, а павінна адразу выходзіць на абедзьвюх дзяржаўных мовах, а ня толькі па-расейску.

«Заканадаўства аўтаматычна не дублюецца, а павінна адразу выходзіць на абедзьвюх дзяржаўных мовах, а ня толькі па-расейску. Мы ў сваім звароце выклалі спадзяваньне, што нашая прапанова будзе рэалізаваная ў будучыні. Пакуль ЦВК адказаў, што гэта пытаньне магчыма прапрацаваць. Увогуле ж, было б нармальнай практыкай для ўсіх дзяржаўных органаў мець дзьве вэрсіі сайтаў, у нас, на жаль, цяпер гэта не практыкуецца. Атрымліваецца, што ў сукупнасьці з тым, што няма заканадаўства па-беларуску, а беларуская мова не выкарыстоўваецца ў дзяржаўным ужытку, яна, мякка кажучы, не зусім дзяржаўная».

Валянцін Стэфановіч дадаў, што праваабаронцы спадзяюцца пабачыць беларускамоўную вэрсію сайту ЦВК да наступных мясцовых выбараў, якія павінна адбыцца праз 2 гады.

XS
SM
MD
LG