Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заўзець» выйшла ў фінал


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

«А вы за каго заўзееце?» – чую я з тэлевізара голас спартовага камэнтатара Ўладзімера Навіцкага, і ледзь ня падаю з крэсла.

Бо разумею, што стаўся сьведкам гістарычнай падзеі – сам мэтар ужыў дзеяслоў, які дагэтуль лічыўся хутчэй слэнгам-жартам і быў вядомы ў вузкіх колах. Праз пару дзён падчас фіналу Эўра'2016 камэнтатар Павал Баранаў таксама ўжывае дзеяслоў «заўзець», і я разумею – вось ён трыюмф!.. «Трыюмф каго ці чаго?» – задаюся пытаньнем.

Падзяліўся прыватнай моўнай радасьцю ў фэйсбуку, і сустрэў сур'ёзны адлуп у камэнтарах.

Olia Maliušyckaja: – «Заўзець» – гэта страшны словаўтварэнчы мутант, горкае наступства саўковай русіфікацыі.

Ina Berniakovich: – Ці скажа хто, як правільна?

Станіслаў Раманчук: – Ніяк ня правільна. Ёсьць літаратурныя выразы «падтрымліваць кагосьці», «быць аматарам кагосьці» і т.п.

Olia Maliušyckaja: – Насамрэч, калі зазірнуць у этымалёгію слова і гісторыю паняцьця, то атрымліваецца, што заўзятарам баліць за каманду, таму «балець» калектыўна.

Севярын Квяткоўскі: – У русіфікаваных беларусаў «балець» асацыюецца з «хварэць», і яны хацелі дэрусіфікаваць слова. Такая вось інвэрсія/канвэрсія))). І гэтае жаданьне больш важнае.

Створанае гадоў трыццаць таму кімсьці з энтузіястаў беларускай ідэі слова ўрэшце было падхопленае многімі людзьмі. Гэта самае галоўнае ў «выхадзе ў фінал» спрэчнага, крыху забаўнага слова – колькасьць. У колькасьці я ўпэўнены, бо разумею, што калі ты камэнтуеш на дзяржаўным ТВ, калі ты маеш статус мэтра ці ўзыходзячай зоркі, ты ня будзеш прасоўваць вузкаспэцыялізаваны слэнг на мільённую аўдыторыю. Ты раісься са многімі, ты сам рэгулярна сустракаеш слова сярод беларускамоўных выказваньняў аматараў футболу.

І тут ужо ня важна, што новазасвоенае слова «заўзець» не адпавядае клясычным нормам беларускага словаўтварэньня. У жыцьці шмат што не адпавядае акадэмічным нормам.

Напрыклад, фанэтыка новаабернутых у беларускую ідэю беларусаў не адпавядае клясычнай прыроднай – зь вёскі. «Гарадзкая беларуская» – зь мякчэйшым «ч» і з расейскамоўнымі канструкцыямі.

Узгадваю, як калісьці ў рэдакцыю «Радыё Рацыя», дзе я працаваў у 2000-2001 гадах, прыйшоў грамадзкі актывіст, які гаварыў па-беларуску зь вельмі моцным расейскім акцэнтам. Калі госьць сышоў, адзін з калегаў зафыркаў, маўляў, як так можна каверкаць беларускую мову? Пытаемся: «Дык як лепш – намагацца гаварыць па-беларуску, хай сабе і з расейскім акцэнтам, ці ігнараваць беларускую мову, хай сабе і з «сакавітым і пявучым» беларускім вымаўленьнем?»

Спачатку – ідэя, пасьля – мова. Спачатку людзі прыходзяць да беларускай ідэі, пасьля – да беларускай мовы. Хай сабе праз адаптаваньне, лічы – прысабечваньне – расейскай.

Падабаецца нам ці не, няма больш клясычнай беларускай вёскі. Той самай, якая захавала беларускую мову, традыцыі, якія зьвязваюць нас – сучасьнікаў – з больш як тысячагадовай мінуўшчынай нашых радоў.

Той самай, якая рукамі й нагамі трымаецца за нядаўняе мінулае: з сацыяльнымі гарантыямі, дакладней, абяцаньнямі сацыяльных гарантый ад дзяржавы. І якой абыякавыя гуманітарныя пытаньні, у тым ліку – беларускай мовы.

Таксама няма індустрыйнай поствясковай Беларусі, бо даўно грымнула інфармацыйная рэвалюцыя.

Людзі будуць зьмяняцца, разам зь імі будзе зьмяняцца і мова як такая. І канкрэтна беларуская. Яна будзе разьвівацца праз словатворчасьць. Жывая сучасная мова, якая разьвіваецца зьнізу, насуперак шматлікім перашкодам з боку дзяржавы.

Вядома, можна тыцкаць людзям пад нос іх недасканаласьцю, несапраўднасьцю, неакадэмічнасьцю. Які будзе эфэкт? Адасабленьне. Зьбіваньне памкненьня да разьвіцьця, да творчасьці, да жаданьня зьмяняць сябе і навакольную рэчаіснасьць. А можна спалучаць акадэмізм з жывымі працэсамі.

У эфіры фіналу Эўра'2016 за словам камэнтатара «заўзець» я ўбачыў трыюмф жывога беларускага крэатыву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG