Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатар «Вольнага паветра»: Нам «навязваюць» паўтара дзясятка міліцыянтаў. Навошта?


Фэстываль «Вольнае паветра» на хутары Шаблі

Фэстываль «Вольнае паветра» на хутары Шаблі

16 ліпеня пасьля гадавой паўзы на хутары Шаблі ля вёскі Малое Запрудзьдзе на Валожыншчыне аднаўляецца open-air фэстываль новага этна «Вольнае паветра». Пра адметнасьці сёлетняй імпрэзы Свабодзе расказаў гаспадар аграсядзібы Ўладзімер Шаблінскі.

Шаблі адрадзіліся і палепшыліся для гледачоў

Як удакладніў прадусар, заснавальнік канцэртнага агенцтва «Лінія гуку» Ўладзімер Шаблінскі, паўза была выкліканая ліквідацыяй наступстваў моцнага пажару, які ў ноч на 2 ліпеня 2013 году практычна зьнішчыў дом. Адноўленая цягам апошняга году інфраструктура, па словах суразмоўцы, зробіць пляцоўку больш зручнай і для артыстаў, і для гледачоў:

«У мінулы год, калі не было фэстывалю, а таксама ў першую палову 2016-га мы прысьвяцілі максымум часу перабудове хутара, аднаўленьню дому. Пакуль ён яшчэ не гатовы як жылы будынак, але, аб’ектыўна кажучы, шмат ужо чаго зроблена дзеля зьмены ўсёй інфраструктуры сядзібы. Таму спадзяюся, што гледачы, якія прыедуць у выходныя на „Вольнае паветра“, нашы навіны ацэняць. Самае галоўнае, зьявілася вялікая сцэна ў двары — там, дзе раней быў подыюм, які мы абсталёўвалі арандаваным элеватарам. Цяпер тут поўнамаштабная сцэнічная канструкцыя, на якой, уласна кажучы, і будуць выступаць удзельнікі фэстывалю».

Уладзімер Шаблінскі на сваім хутары

Уладзімер Шаблінскі на сваім хутары

Шаблі займаюць значную тэрыторыю, на якой разьмешчаныя жылы дом і некалькі пабудоваў для наведнікаў шматлікіх летніх фэстываляў — «Вольнае паветра», «Канцэрты на траве», «Пікнік.by», «Шаманы», «Beatles Shabli», «Навальніца». Да хутара прылягае поле, дзе атабарваліся жыхары намётавага лягеру. Цяпер, як кажа Ўладзімер Шаблінскі, гасьцей чакаюць некаторыя зьмены:

«Мы пазыцыянуем сябе як аграсядзіба, а такога кшталту фэстывалі — добрая магчымасьць паказаць маштабныя зьмены, якія ў нас адбываюцца. Тая інфраструктура, якая зьявілася цяпер, дазваляе пастаянна ладзіць невялікія лякальныя канцэрты. Іншымі словамі, мы палепшыліся, кардынальна павялічыўшы і ўдасканаліўшы інфраструктуру. Схіл, на якім раней над рэчкай Буянкай стаяла сцэна, будзе аддадзены выключна пад спартовыя ды іншыя забавы. Будуць мотадэльтапляны, прафэсійныя паветраныя зьмеі, абсталяваная траса для катаньня на зорбах. Таксама правядзём Holi Fest — індыйскую забаву пасыпаньня фарбамі. Шмат розных рэчаў, якіх не было ў мінулыя гады і якія зьяўляюцца цяпер. То бок робім упор ня толькі на музычны, але і на спартова-забаўляльны складнік. І гэта адно з адрозьненьняў ад папярэдніх фэстаў».

Аднаўленьне інфраструктуры аграсядзібы

Аднаўленьне інфраструктуры аграсядзібы

Уладзімер Шаблінскі кажа, што цягам канцэртнага маратону на абноўленай сцэне «Вольнага паветра» выступяць 15 выканаўцаў і калектываў, якія ў сваёй творчасьці зьвяртаюцца да народных вытокаў — ад аўтэнтычных сьпеваў да фолку ў мадэрновай апрацоўцы.

«Беларускі фальклёр — сапраўдны скарб, які трэба захаваць, у тым ліку, праз наданьне яму сучаснага гучаньня», — кажа арганізатар імпрэзы:

Шлях на Шаблі

Шлях на Шаблі

«У музычным шэрагу будзем паказваць разьвіцьцё беларускага фальклёру, скажам так, ад аўтэнтычных, вясковых самабытных сьпеваў — калі бабулі і дзядулі зьбіраюцца на нейкае сьвята ці проста сядзяць на прызьбе і сьпяваюць для сябе — і да таго моманту, калі гэтыя кампазыцыі, гэтыя песьні пачынаюць гучаць па радыё, на тэлебачаньні. Такі цывілізацыйны шлях, трансфармацыя беларускага фальклёру. Наогул, праграма вельмі разнастайная: за 8 гадзін выступяць паўтара дзясятка калектываў. Спадзяюся, будзе цікава, яскрава і маштабна».

Музыкі граюць, міліцыянты зарабляюць

Хэдлайнэрамі фэстывалю — ужо культавыя «Стары Ольса» і Re1ikt. Таксама выступяць гурты Vuraj, Iluzhan, Pawa, Triangle, «Мярэжа», «Варган», «Рада», «дзядуля-аркестар» Яўген Зінковіч з хутару Барок. Клюб традыцыйнага танцу «Сіта» і капэла «На таку» рыхтуюць «гарачую фальклёрную дыскатэку».

Шаблі: праверка гуку

Шаблі: праверка гуку

«Старое сяло» Васіля Грыня

«Старое сяло» Васіля Грыня

Сёлета суарганізатарам імпрэзы — музыка, гаспадар аграсядзібы «Засьцянак Скрыплеў» Васіль Грынь. Ягонае «Старое сяло» ў дуэце зь Юліяй Літвінавай зацягне народныя песьні, сабраныя падчас экспэдыцыяў. Завершыць дзень ужо папулярны «Сьпеўны сход» — выдатная магчымасьць прадэманстраваць свае здольнасьці для аматараў пасьпяваць разам.

Каго ня будзе на «Вольным паветры» — дык гэта замежных артыстаў. Уладзімер Шаблінскі называе гэта своеасаблівым дэмаршам. Па яго словах, неразумна плаціць немалыя грошы за атрыманьне гастрольнага пасьведчаньня, калі іншаземцы гатовыя прыяжджаць бясплатна. У эквіваленце гэта больш за 2 тысячы даляраў. У розныя гады на хутары выступалі нямецкія Di Grine Kuzine і Feindrehstar, расейцы зь піцерскай Theodor Bastard і бурацкай Namgar, літоўскія Baltic Balcan DJs, украінская «ДахаБраха» ды іншыя:

Абкатка зорба — празрыстага шара

Абкатка зорба — празрыстага шара

Мантаж лябёдкі для спуску

Мантаж лябёдкі для спуску

«З прынцыповых меркаваньняў я не аплочваў гастрольнае пасьведчаньне, каб мець магчымасьць запрасіць замежных выканаўцаў. Лічу, што гастрольнае пасьведчаньне на такога кшталту фэстывалі павінна адсутнічаць увогуле. Ёсьць шэраг музычных калектываў, якія гатовыя абсалютна бескаштоўна прыяжджаць з Украіны, Расеі, краін Балтыі, далёкага замежжа. Аднак неабходнасьць аплаты ў памеры 200 базавых велічыняў проста зводзіць на няма нішто ўсю ідэю. З гэтай прычыны сёлета замежных удзельнікаў у нас ня будзе. Хоць лічу, што дзяржава якраз магла б падтрымліваць такія ініцыятывы, як наша, ухваляючы маленькія вясковыя канцэрты, фэсты, вызваляючы іх ад аплаты гастрольнага пасьведчаньня. Каб людзі маглі рэалізоўваць свае ініцыятывы больш вольна».

Публіка на хутары Шаблі

Публіка на хутары Шаблі

Але заплаціць у бюджэт усё ж давядзецца — за паслугі праваахоўных органаў, якія будуць забясьпечваць парадак падчас фэстывалю. Дакладнай сумы Ўладзімер Шаблінскі пакуль ня ведае, але, як паказвае практыка масавых мерапрыемстваў, сілавікі сябе ацэньваюць па максымальным тарыфе:

«Гэта, натуральна, захоўваецца — дазволы, аплаты. Усе неабходныя паперы на правядзеньне нашага мерапрыемства мы атрымалі, а якраз цяпер з жонкай Аксанай, нашым дырэктарам едзем у Валожынскі РАУС забіраць дамову на аплату паслугаў праваахоўных органаў. Канкрэтна па суме пакуль ня ведаем, але з гэтай прычыны, натуральна, узьнікаюць пэўныя пытаньні».

АМАП на «Вольным паветры»

АМАП на «Вольным паветры»

Згодна зь міліцэйскім цэньнікам, кожная гадзіна «абслугоўваньня» масавага мерапрыемства каштуе 100 тысяч рублёў на супрацоўніка ўнутраных спраў. З улікам працягласьці мерапрыемства і колькасьці камандзіраваных туды людзей у пагонах — а, як удакладніў пасьля візыту ў Валожынскі РАУС Уладзімер Шаблінскі, ім «навязваюць» 14 міліцыянтаў — выходзіць больш за 10 мільёнаў рублёў.

Навошта такі дэсант, калі нашмат большыя акцыі праходзяць пад не такім пільным кантролем — спадар Шаблінскі зразумець ня можа. Але ня выключана, што галоўная мэта — ня даць вольніцы гледачам, якіх адпаведныя службы апрыёры адносяць да «сьвядомых», а значыць, «падазроных».

На сцэне «Троіца» Івана Кірчука

На сцэне «Троіца» Івана Кірчука

Артысты і гледачы

Артысты і гледачы

З улікам спадарожных выдаткаў на асаблівыя прыбыткі ад правядзеньня фэстывалю разьлічваць складана. Да таго ж, працягвае Ўладзімер Шаблінскі, з улікам падзеньня агульнага ўзроўню даходаў квіткі сёлета істотна таньнейшыя, чым колькі гадоў таму:

«Яшчэ адно адрозьненьне гэтага году — мы ня робім дарагія квіткі. Прыкладам, калі ў папярэднія гады квіток да пачатку фэстывалю каштаваў у эквіваленце 20 даляраў, то сёлета мы доўга трымалі на ўзроўні 200 тысяч рублёў, цяпер ён 250 тысяч. То бок — у межах 10 даляраў, каб даць магчымасьць людзям трапіць на імпрэзу з найменшай нагрузкай на сямейны бюджэт. Непасрэдна ў дзень мерапрыемства кошт квітка будзе 350 тысяч, хоць, зноў жа, у ранейшыя гады гэта было 30 эўра. Мы разумеем, што ў людзей стала меней грошай, складаная эканамічная сытуацыя. Адпаведна, са свайго боку ідзём ім насустрач».

Шаблі перад перабудовай, 2014 год

Шаблі перад перабудовай, 2014 год

Акрамя музыкі, удзельнікам фэсту прапануюць «экстрэмальныя забавы» — праверка вэстыбулярнага апарату ўнутры празрыстых шароў (зорбаў), катаньне на тралеі (канатная дарога), палёт над далінай на парапляне. Будуць адмысловыя майстар-клясы па запуску паветраных зьмеяў і спаборніцтвы ў кіданьні «кізякоў» (каровіных праснакоў) на дальнасьць, а таксама магчымасьць акунуцца ў фэстываль фарбаў.

Афіша фэстывалю «Вольнае паветра»

Афіша фэстывалю «Вольнае паветра»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG