Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Брытанскі МЗС: Выхаду Вялікай Брытаніі з ЭЗ зойме да шасьці гадоў


Поўны працэс выхаду Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу можа заняць да шасьці гадоў, а магчымасьць заключэньня двухбаковых гандлёвых зьдзелак у гэты пераходны пэрыяд можа быць абцяжараная, мяркуе кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Філіп Хамонд.

Пра гэта перадае Інтэрфакс.

«Непакой выклікае наступнае. Калі ў будучыні дамова паміж Вялікай Брытаніяй і 27 сябрамі ЭЗ апынецца ў зьмешанай кампэтэнцыі, то яе павінны будуць ратыфікаваць усе 27 нацыянальных парлямэнтаў. Я думаю, што я маю рацыю, кажучы, што самы кароткі час, за які гэта можа быць зроблена ў рамках любой дамовы ЭЗ, гэта чатыры гады, і гэта, беручы пад увагу час, неабходны для перамоваў», — заявіў ён, выступаючы ў аўторак у Палаце грамадаў.

Міністар растлумачыў, што акрамя гэтага яшчэ два гады сыдуць на тое, каб правесьці перамовы з Брусэлем аб умовах выхаду Вялікай Брытаніі з ЭЗ. Такім чынам, увесь працэс выхаду з ЭЗ, па ацэнцы Хамонда, зойме шэсьць гадоў.

Хамонд таксама адзначыў цяжкасьці, зь якімі Вялікая Брытанія можа сутыкнуцца падчас новых двухбаковых гандлёвых перамоваў, застаючыся пакуль яшчэ часткай ЭЗ:

«Да таго часу, пакуль мы не задзейнічалі артыкулу 50 (Лісабонскай дамовы, якая рэгулюе пытаньне аб выхадзе з ЭЗ), мы застаемся паўнавартасным дзеючым сябрам ЭЗ, і нашы магчымасьці па перамовах аб новых гандлёвых пагадненьнях абмежаваныя дзеяньнем закону ЭЗ да таго часу, пакуль мы не дамовіліся аб нашым выхадзе з ЭЗ».

XS
SM
MD
LG