Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сына былога мэра Кіева арыштавалі ў Барсэлёне


Леанід Чарнавецкі адказвае на пытаньні журналістаў. Фота 2006 году

Леанід Чарнавецкі адказвае на пытаньні журналістаў. Фота 2006 году

Сына былога кіеўскага мэра Леаніда Чарнавецкага Сьцяпана арыштавалі ў Барсэлёне ў японскай рэстарацыі Yubari па падазрэньні ў адмываньні грашовых сродкаў і падатковых махінацыях. Разам зь ім затрыманыя яшчэ дзесяць чалавек.

Рэстарацыя Yubari, у якой прайшло затрыманьне, належыць армянскаму бізнэсоўцу Армані Маіляну і карыстаецца папулярнасьцю ў гульцоў клюбу «Барсэлёна», у прыватнасьці ў Ліянэля Мэсі. Паводле інфармацыі газэты El Mundo, рэстарацыя служыла прыкрыцьцём для ўкраінскіх злачынцаў, якія інвэставалі ў яго сродкі, атрыманыя незаконным шляхам.

Акрамя Сьцяпана Чарнавецкага былі затрыманыя таксама яшчэ дзесяць іншых грамадзян Украіны і Расеі, якія пражываюць у Барсэлёне. Усіх іх падазраюць ва ўдзеле ў злачыннай групоўцы па адмываньню грошай на агульную суму ў 10 мільёнаў эўра, падробцы дакумэнтаў, а таксама падатковых махінацыях.

Бацька затрыманага Леанід Чарнавецкі, які ўзначальваў кіеўскую гарадзкую адміністрацыю з 2006 па 2012 год, заявіў, што яго сын ні ў чым не вінаваты і што яны чакаюць выбачэньняў ад паліцыі. «Мы выставім паліцыі Барсэлёны сур’ёзныя пазовы за паведамленьні, якія ганьбяць майго сына», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

XS
SM
MD
LG