Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Куды павядзе Вялікабрытанію новая «жалезная лэдзі»?


Тэрэза Мэй

Тэрэза Мэй

Што азначае для брытанскай і сусьветнай палітыкі выбар новага брытанскага прэм’ер-міністра — Тэрэзы Мэй? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Цяперашні прэм’ер Вялікабрытаніі Дэвід Кэмэран абвясьціў, што кіраўнік міністэрства ўнутраных спраў Тэрэза Мэй стане новым прэм’ерам Вялікабрытаніі пасьля яго сыходу. Паводле яго, у сераду 13 ліпеня ён падасьць каралеве прашэньне аб адстаўцы і ўжо ўвечары пакіне свой працоўны кабінэт на Даўнінг-стрыт, 10. Сваю наступніцу ён назваў кампэтэнтным і моцным палітыкам і паабяцаў абсалютную падтрымку са свайго боку.

Гэта адбылося ў выніку таго, што ўчора намесьнік міністра энэргетыкі Вялікабрытаніі Андрэа Ледсам заявіла аб выхадзе з барацьбы за пасаду прэм’ер-міністра. Раней сваю кандыдатуру зьнялі міністар працы Стывэн Крэп і іншыя, такім чынам Тэрэза Мэй засталася адзіным кандыдатам. Цяпер найбольшая ўвага да яе асобы, і ў Брытаніі многія называюць яе новай «жалезнай лэдзі».

Напэўна, гэта банальныя параўнаньні, паколькі ў гісторыі Вялікабрытаніі была адна прэм’ер-міністар Маргарэт Тэтчар, якая атрымала гэтую мянушку. На пасадзе міністра ўнутраных справаў Тэрэза Мэй праявіла сябе як вельмі кампэтэнтны і валявы чалавек, яна вельмі доўга пратрымалася на гэтай гарачай пасадзе — 6 гадоў, і гэта ледзь не рэкорд за апошнія дзесяцігодзьдзі ў брытанскай палітыцы.

Гэта найлепшая кандыдатура, і яна можа паставіць пазытыўны знак у няпэўнасьці, якая апанавала Брытанію пасьля рэфэрэндуму аб выхадзе з ЭЗ.

Магчыма гэта нейкі «мядовы месяц» для яе, але што цікава, пераважная частка брытанскай прэсы — ад сур’ёзных выданьняў да таблоідаў — даволі пазытыўна ставяцца да спадарыні Мэй, няма ні скандалаў вакол яе, ні жорсткай крытыкі. Гэта пазытыўны знак для пачатку кар’еры.

Мы можам сказаць, што гэтай зьменай будзе перагорнутая пэўная старонка брытанскай гісторыі. Тэрэза Мэй у першых заявах адназначна сказала, што ніякага паўторнага рэфэрэндуму ня будзе, брытанскі народ сказаў сваё слова, і яна пачне працэдуру «Брэкзіту».

Гэта будзе яе першай задачай на пасадзе прэм’ера. Такім чынам на дадзены момант гэта найлепшая кандыдатура, і яна можа паставіць пазытыўны знак у няпэўнасьці, якая апанавала Брытанію пасьля рэфэрэндуму аб выхадзе з ЭЗ.

Дракахруст: Вы працытавалі вельмі спрыяльныя ацэнкі, аванс спадарыні Мэй, каля яе называлі «жалезнай лэдзі» паводле аналёгіі з Тэтчэр. Хоць можна заўважыць, што ў Вялікабрытаніі стаўленьне да спадчыны Тэтчэр зусім не адназначнае, напрыклад, не такое адназначнае, як у Беларусі. Я прачытаў недзе жарт з гульнёй словаў — Therese May Be — па-ангельску maybe гэта «можа быць». Сапраўды гэта такі пытальнік, ці яна зможа.

І справа ня толькі ў яе асабістых здольнасьцях, але і ў тым, што яна прыйшла на капітанскі масток карабля брытанскай палітыкі ў велізарную буру. Бо мы бачым, як наступствы «Брэкзіту» страсянулі ўсю палітычную сыстэму краіны, бо такі самы крызіс адбываецца і ў лейбарысцкай партыі, там таксама мяняецца кіраўніцтва.

Найджэл Фараж, адзін з ініцыятараў і ідэолягаў «Брэкзіту», сышоў у адстаўку з пасады кіраўніка сваёй партыі, сказаўшы, што выканаў мэту свайго жыцьця.

Яна была супраць «Брэкзіту», але была за абмежаваньне міграцыі.

І яшчэ адзін чыньнік — дэманстрацыя таго, што значыць страта грамадзкага даверу. Адразу пасьля рэфэрэндуму Кэмэран заявіў, што сыходзіць, але размова ішла пра кастрычнік. Але, як бачым, «кастрычнік» для яго наступіў у ліпені. Сытуацыя склалася такая, што з такімі вынікамі рэфэрэндуму Кэмэран проста ня мог кіраваць краінай.

Перадумовы посьпеху спадарыні Мэй сапраўды існуюць. Яна ня нейкім міністэрствам спорту кіравала апошнія гады, а сілавым міністэрствам. І, гледзячы па ўсім, кіравала эфэктыўна, магчыма, так будзе кіраваць і Вялікабрытаніяй.

Варта сказаць, што яна была супраць «Брэкзіту», але была за абмежаваньне міграцыі. І менавіта міністэрства ўнутраных спраў пад кіраўніцтвам Мэй у тых межах, якія задаваў Эўразьвяз, прымала даволі жорсткія меры па абмежаваньні міграцыі.

Так што гэта будзе, магчыма, адной зь першых мераў пры новым прэм’ер-міністры нават да фармальнай падачы заяўкі на выхад з Эўразьвязу. Сама яна абвясьціла, што заяўка будзе пададзеная да канца году, але не выключана, што ёй давядзецца гэта зрабіць раней.

Цыганкоў: Сапраўды, у Брытаніі вельмі неадназначна ставяцца да Тэтчэр, асабліва людзі зь ня самых багатых клясаў, але ніхто не адмаўляе ёй у жорсткасьці яе палітыкі,у пасьлядоўнасьці і ў прынцыповасьці. Менавіта гэта маюць на ўвазе, калі кажуць пра Мэй, бо ў яе менавіта гэтыя якасьці ёсьць.

Карбалевіч: Найперш хацеў бы зьвярнуць увагу на сам факт зьяўленьня новага прэм’ера ў Вялікабрытаніі.

Думаю, цяпер атрымаць візу ў Вялікабрытанію стане цяжэй.

Калі казаць пра будучую палітыку новага ўраду, то галоўнай праблемай будзе рэалізацыя выхаду краіны з ЭЗ. Што можна чакаць бліжэйшым часам, дык гэта правядзеньня больш жорсткай палітыкі адносна мігрантаў. Ужо сёньня іншаземцы, якія жывуць у Брытаніі, турбуюцца наконт свайго лёсу. Думаю, цяпер атрымаць візу ў Вялікабрытанію стане цяжэй.

Дэвід Кэмэран сышоў у адстаўку таму, што народ не падтрымаў ягоную пазыцыю на рэфэрэндуме. Закон не абавязваў яго гэта рабіць. Але ёсьць адпаведная традыцыя. І ён спачатку хістаўся, але потым усё ж вырашыў сысьці цяпер. Магчыма, пад ціскам аднапартыйцаў.

XS
SM
MD
LG