Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мармуровая» Маргарэт Тэтчэр: 20 фактаў пра будучую прэм’ер-міністарку Вялікабрытаніі


Тэрэза Мэй

Тэрэза Мэй

«Я скажу проста: я — Тэрэза Мэй, і я думаю, што я — найлепшы кандыдат, каб павесьці за сабой гэтую краіну», — з ладнай доляй самаўпэўненасьці заявіла Мэй 30 чэрвеня, вылучаючы сваю кандыдатуру на пасаду кіраўніка Кансэрватыўнай партыі і будучага прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі.

Новы лідэр спатрэбіўся кансэрватарам-торы па выніках рэфэрэндуму аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЭЗ (так званага «Брэкзіту»). 23 чэрвеня 52% брытанцаў (17.410.000 чалавек) прагаласавалі за спыненьне ўдзелу Злучанага Каралеўства ў ЭЗ, а 48% (16.140.000 чалавек) — за працяг удзелу.

Прэм’ер Дэвід Кэмэран, які быў праціўнікам выхаду, падаў у адстаўку і заявіў, што «развод» з ЭЗ будзе афармляць новы кіраўнік кабінэту. Ім, паводле брытанскіх правілаў, становіцца лідэр кіруючай партыі, гэта значыць кансэрватараў. Мэй, якая дагэтуль больш за 15 гадоў была членам парлямэнту і неаднаразова ўваходзіла ў склад розных кабінэтаў пры прэм’ерах Гордане Браўне і Кэмэране, вылучыла сваю кандыдатуру на пасаду кіраўніка партыі і хутка стала аднаасобным лідэрам у гонцы. У сераду 12 ліпеня Кэмэран афіцыйна перадасьць ёй прэм’ерскія паўнамоцтвы — пра гэта ён сам абвясьціў напярэдадні.

Хто ж такая Тэрэза Мэй, якую ўсе параўноўваюць з Маргарэт Тэтчэр, і як яна будзе кіраваць Вялікабрытаніяй і весьці перамовы з ЭЗ?

«Настоящее время» сабрала два дзясяткі фактаў пра палітыка, якія могуць даць адказ на гэтае пытаньне.

Тэрэза Мэй і Дэвід Кэмэран

Тэрэза Мэй і Дэвід Кэмэран

1. Тэрэза Мэй — дачка пратэстанцкага сьвятара, як і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель. Бацькоўскае выхаваньне наймацнейшым чынам адбілася на яе характары. Да прыкладу, Мэй ніколі не ўжывае лаянкавых словаў, а палітыку ўспрымае ня як працу ці спосаб дамагчыся грошай і славы, а як пакліканьне і спосаб служыць людзям. Сапраўды гэтак жа ўспрымалі свае прафэсію яе бацька-сьвятар і дзед-вайсковец.

2. Яна хварэе на інсуліназалежны тып дыябэту і вымушана чатыры разы на дзень рабіць сабе ўколы інсуліну.

3. Са сваім мужам Тэрэза сустрэлася на балі Асацыяцыі кансэрватараў, а пазнаёміла іх былая прэм’ерка Пакістану Беназір Бхута, якая ў той момант таксама вучылася ў Оксфардзе, як і Мэй.

Тэрэза Мэй з мужам Філіпам

Тэрэза Мэй з мужам Філіпам

4. Мэй замужам ужо 36 гадоў і кажа, што Філіп (муж маладзейшы яе на два гады) — «каменны мур» і чалавек, які заўсёды яе падтрымлівае.

5. Мэй любіць крыкет, як і яе муж. Любоў да гэтай гульні Тэрэзе прывіў бацька, з якім яны разам ў дзяцінстве глядзелі матчы.

6. Яна прапрацавала на пасадзе міністра ўнутраных спраў столькі, колькі ніводзін брытанскі палітык не прапрацаваў за апошнія 50 гадоў, а ў Парлямэнце яна засядае з 1999 году.

7. Яна вельмі складаны перамоўнік для сваіх апанэнтаў. Яе паплечнікі па партыі ўжываюць у адносінах да яе эпітэт bloody difficult, але сама Мэй напэўна не ўхваляе гэта вызначэньне, бо — гл. вышэй — не ўжывае зьняважлівых словаў.

8. Распавядаюць, што яна заўсёды вельмі ўдумліва і старанна вывучае аргумэнты супрацьлеглага боку. Асабліва, калі яны будуюцца на лёгіцы, а не ідуць ад партыйнай прыналежнасьці або ад эмоцый. Але калі рашэньне ўжо прынята — яе практычна немагчыма прымусіць яго зьмяніць. Ціснуць на Мэй, калі рашэньне ўжо прынята, бескарысна, гавораць яе калегі: яна толькі больш жорстка будзе адстойваць свае пазыцыі.

9. Мэй часта заседжваецца за дакумэнтамі да трэцяй гадзіны ночы і адказвае на рабочыя лісты нават на сьвята Божага Нараджэньня. Гэта адна з прычын, зь якой яе ня надта любяць падначаленыя

10. Другая прычына нелюбові і рыса, якую адзначаюць у Мэй многія калегі — у яе складанасьці з дэлегаваньнем паўнамоцтваў. Яна заўсёды павінна ведаць, чым у дадзены момант занятыя яе падначаленыя, і патрабуе ад іх самаахвярнай асабістай адданасьці. Калегі па парлямэнце кажуць, што з-за гэтага і з-за таго, што яна ніколі не імкнулася ўсім спадабацца, у яе былі складанасьці з падборам каманды.

Тэрэза Мэй — чалавек, з якім складана пасябраваць

Тэрэза Мэй — чалавек, з якім складана пасябраваць

11. Мэй не вялікі аматар публічных выступаў. Але калі ёсьць магчымасьць — будзе арганізатарам дыскусіі і яе мадэратарам, а ня простым удзельнікам. Яе аднакурсьнікі па Оксфардзе ўспамінаюць, што пасяджэньні дыскусійнага клюбу Эдмунда Бэрка (філёзаф, якога кансэрватары лічаць адным з выразьнікаў іх палітычных поглядаў) яна вяла як судзьдзя, дамагаючыся ў зале цішыні пры дапамозе малатка для разьмякчэньня мяса.

12. Калегі па парлямэнце і блізкія кажуць, што зь ёй складана пасябраваць: яна інтравэрт і досыць закрыты чалавек, рэдка выяўляе эмоцыі і ўступае ў канфлікты. Экс-кіраўнік UKIP Найджэл Фараж, яе прамая супрацьлегласьць, казаў, што Мэй «зроблена з мармуру». Але яе блізкія з гэтым вызначэньнем ня згодныя і адзначаюць, што калі ўдасца заваяваць яе давер — вы атрымаеце па-сапраўднаму вернага сябра, які ніколі ня будзе плесьці інтрыгі ў вас за сьпінай. Сама Мэй кажа пра сябе так: «Я ня той палітык, які ладзіць шоў. Я не хаджу па тэлепраграмах і не пляткару пра людзей за абедам. Не распавядаю ўсім, што думаю, направа і налева. Я проста раблю сваю працу».

13. Блізкія сябры кажуць, што яна заўсёды тэлефануе ім ці піша паведамленьні са словамі падтрымкі. Але такі клопат — у асноўным для «блізкага кола», а не для ўсіх запар.

14. Мэй імкнецца трымацца далей ад палітычных груповак, і адзіная пазыцыя, якая для яе важная — яе ўласная. Калі партыя кансэрватараў, як і ўся краіна, падзялілася на дзьве часткі «за» і «супраць» «Брэкзіту» (выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ), сама Мэй хоць і падтрымлівала тых, хто казаў, што краіна павінна застацца ў ЭЗ, ніколі не далучалася ні да воднага зь лягераў. А застаўшыся адзіным кандыдатам на пасаду кіраўніка партыі, яна абвясьціла, што будзе весьці перамовы аб выхадзе, нягледзячы на сваю пазыцыю, і зробіць усё, каб Вялікабрытанія «атрымала максымум».

15. Яна веруючы чалавек. Ня проста рэгулярна наведвае царкву, але шчыра імкнецца жыць па канонах пратэстантызму і прымаць выпрабаваньні, якія пасылае Бог. Гэта адна з прычын, па якой сям’я палітыка не стала абзаводзіцца прыёмнымі дзецьмі або зьвяртацца да штучнага апладненьня, калі высьветлілася, што Тэрэза ня можа мець дзяцей.

У канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель з Тэрэзай Мэй вельмі шмат агульнага. Але ці змогуць яны знайсьці агульную мову?

У канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель з Тэрэзай Мэй вельмі шмат агульнага. Але ці змогуць яны знайсьці агульную мову?

16. Яе часта апісваюць як «лібэрал-кансэрватара» (чалавека, які кансэрватыўны ва ўсім, што тычыцца рэгуляваньня сацыяльных поглядаў, але прытрымліваецца лібэральных поглядаў у эканоміцы). Але многія назіральнікі адзначаюць, што яна стараецца наогул не прытрымлівацца якой-небудзь ідэалёгіі. Галоўны прынцып для яе — «добра рабіць сваю працу». Іншыя крыніцы выказваюцца яшчэ карацей: «менш ідэалёгіі, больш маралі». Гэта любімы прынцып іншага палітыка — Ангелы Мэркель.

17. Мэй катэгарычны праціўнік наркотыкаў і з 2013 году спрабуе забараніць у Вялікабрытаніі кат (насвай). Пакуль беспасьпяхова.

18. Яна ня любіць алькаголь і замест віна і віскі аддае перавагу безалькагольным кактэйлям з апэльсінавым і лімонным сокам.

19. Яна ня любіць дакладных кулінарных рэцэптаў, у якіх няма месца творчасьці. Як яна сама кажа, «кнігам Дэліі Сьміт, дзе ўсё выверана да грама, на маёй кухні месца няма: я аддаю перавагу нечаму тыпу Джэймі Олівэра, дзе ёсьць магчымасьць адступіць ад рэцэпту».

Туфлі Тэрэзы Мэй — адна з галоўных тэмаў для абмеркаваньня палітыка

Туфлі Тэрэзы Мэй — адна з галоўных тэмаў для абмеркаваньня палітыка

20. Яна любіць туфлі і вядомая тым, што на паседжаньні парлямэнту хадзіла ў эксцэнтрычным абутку. У яе абутковай калекцыі — некалькі соцень асобнікаў, і яны нядрэнна арганізаваны. Каб не пераблытаць адну пару з другой, Мэй захоўвае абутак у празрыстых скрынках, каб адразу было відаць, дзе што ляжыць. Як кажуць яе сябры, туфлі для яе — гэта ня спосаб прыцягнуць увагу, а проста магчымасьць трохі выказаць сябе пры досыць строгім парлямэнцкім дрэс-кодзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG