Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турысцкая песьня — жанр цалкам самастойны. І часам, ля вогнішча, пасьля цяжкага пешага пераходу, у атачэньні сяброў-турыстаў, вельмі неабходны. Беларускую турысцкую песьню я чуў толькі ад Андрэя Мельнікава і Алега Мізулы. Што кажа не пра адсутнасьць у Беларусі турыстаў, а пра крыху высакамернае стаўленьне да гэтага жанру з боку беларускіх бардаў. І разносяцца па беларускіх лясах візбараўская «милая мая, солнышка лесное» ды крупаўская «всё леса, леса, леса Белоруссии, да погода по-девчоночьи капризная». Тым радасьней і нечаканей пазнаёміцца з бардам, які піша выключна беларускія турысцкія песьні.

Мы сьпяшаемся ў даль. Толькі б мара жыла.
Дзе рубінам заход афарбуе нябёсы,
Дзе вандроўнай душы дастаткова цяпла,
дзе пякуць раніцою халодныя росы.

Пафарбуе вясна першай кветкай зямлю.
Зашумяць у лістах ветру цёплага словы.
І палаткі ізноў да сябе пазавуць,
Затрашчаць у агні гучна, весела дровы.

Пэдалём ці нагой кілямэтры лічыць,
Гэта нам ўсё адно. Лёс такі у турыста.
Зноў пад сьвечкамі зор перабор загучыць
І ўначы паплыве голас лёгкі і чысты.

Зьміцер Мароз — настаўнік гісторыі ў вёсцы Вялікія Вераб’евічы. З той кагорты беларускіх настаўнікаў, якія ведаюць пра свой родны край усё, што можна ведаць, сваіх пошукаў ніколі не спыняюць і гатовыя дзяліцца сваімі ведамі заўжды і з кожным. Зьміцер наладзіў мне цікавую экскурсію па навакольлі. Я ўпершыню ў жыцьці пабачыў коркавы дуб. У суседняй вёсцы Асташына цудам захавалася шляхецкая сядзіба Чачотаў.

Але самае цікавае, як заўжды, хаваецца там, дзе і не падумаў бы. Пазалетась у Вялікіх Вераб’евічах разьбіралі старую хату. І будаўнікі знайшлі два стосы старых дакумэнтаў з архіву графа О’Рурка.

— Недалёка ад калгаснай канторы стаяў гэты стары дом. У якім паміж чорнай і белай стольлю знаходзіліся дзьве кіпы старых дакумэнтаў. Частка архіву графа О’Рурка. Многае было страчана з-за слабой дасьведчанасьці калгасных будаўнікоў, якія разьбіралі хату і знайшлі тыя дакумэнты.

Што робяць сяляне, якія знаходзяць старыя паперы? Ну вядома, паляць печкі. Што ў 21-м стагодзьдзі, што ў 19-м, што ў 17-м. Зрэшты, у 17-м стагодзьдзі беларусы, напэўна, былі больш культурныя. Сярод уратаваных дакумэнтаў заварожвае сваёй кірылічнай вязьзю купчая 17-га стагодзьдзя. Кожная старабеларуская літара, выведзеныя спрактыкаванай рукой пісара, выглядае ўзорам каліграфіі.

— Самы цікавы дакумэнт — гэта купчая на маёнтак Бардзячы. Гэта акт Галоўнага Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага 1634 году. Напісаны на дзяржаўнай старабеларускай мове. Чытаецца вельмі цяжка. Але мы здолелі гэта расчытаць, з дапамогай Мікалая Гайбы, дырэктара музэю Адама Міцкевіча. З гэтага дакумэнту ведаем, якія паны тут жылі ў тыя часы.

Сярод таго нямногага, што дайшло да настаўніка Мароза, прыцягваюць увагу цэтлікі ад лекаў з наваградзкіх аптэк сярэдзіны 19-га стагодзьдзя, дамовы на гербавых паперах. Але галоўная знаходка — мэдычны рукапісны трактат 20-х гадоў пазамінулага стагодзьдзя.

— Гэта нататкі пра лячэньне шаленства травамі. Аўтар, на жаль, невядомы. Магчыма, доктар-самавук, які служыў у О’Руркаў. І ён выклаў свае назіраньні ад 1826-га па 1838 год на сарака аркушах.

Увесь гэты трактат невядомага мэдыка Мароз разам з вучнямі пераклаў на беларускую мову. Выдатная праца для конкурсу дзіцячых творчых працаў.

— Рабілі хлопчык з 9-й клясы і дзяўчынка з 8-й. Яны вельмі добра абаранілі гэтую працу на раённым конкурсе творчых работ. На жаль, на рэспубліканскі нас не пусьцілі. Сказалі, што «краязнаўчая праца» на рэспубліцы «не каціруецца». І адправілі па гісторыі.

Гэтую краязнаўчую работу, у якой ёсьць адкрыцьцё, арыгінальную, працаёмкую чыноўнікі ад адукацыі не пусьцілі на рэспубліканскі конкурс творчых работ. Усё ж савецкая сыстэма і справядлівасьць — паняцьці супрацьлеглыя.

— У краязнаўстве можна нешта новае адкрыць, пагаварыўшы зь людзьмі і даведаўшыся нейкую невядомую інфармацыю. А тут цэлы архіў на нас зваліўся. Як можна ня выкарыстаць такое? А што можна адкрыць цяпер па гісторыі, я ня ведаю. Гэта трэба нейкія архівы знайсьці. Але ж дзеці ў архівы не паедуць. І фактычна гэты конкурс аказваецца спаборніцтвам настаўнікаў, хто разумнейшы. Паехалі тры работы з Гродна і нічога не занялі.

Будзеце ў Вялікіх Вераб’евічах, зьвярніце ўвагу на крыж, які стаіць пасярэдзіне вёскі. Каля ручая. Гэты крыж пастаўлены па вайне. І пастаўлены ў гэтым месцы ня проста так. Бо каля яго пахавалі нямецкага афіцэра. Пра гэта мне распавёў стары Іван Карповіч, які жыве каля таго крыжа.

— Той немец хаваўся на могілках. А потым выйшаў у вёску. І застрэлілі яго. У яго двое дзяцей было. Ён здымкі паказваў.

У 44-м годзе нямецкі афіцэр, які адстаў ад сваёй часткі, хаваўся ў наваградзкіх лясах. Згаладнелы, ён выйшаў у вёску, дзе яго забілі. Не салдаты. Бо армія ўжо пайшла на захад. А савецкія актывісты. А несавецкія людзі пахавалі, згодна зь людзкім законам, і крыж паставілі.

Мне вельмі нявесела сёньня гаварыць з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры. Асабліва з тымі, хто прыйшоў працаваць у школу, прабачце за высокія словы, на покліч сэрца. Бо ўсё меней і меней дзяцей абіраюць беларускую мову як мову выпускнога экзамэна. Гаворыць настаўніца роднай мовы і літаратуры Ларыса Мароз, жонка Зьмітра.

— Калі раней усе выпускнікі здавалі беларускую мову на іспытах, то цяпер — адзін-два працэнты. Пераходзяць на расейскую. Я веру, што заўсёды нейкі працэнт патрыётаў будзе. Пяць ці дзесяць. Але ня масава. Масава ніколі не было і, напэўна, ня будзе. У 90-х быў гістарычны ўсплёск, які беларусы не скарысталі. Аптымізму гэта не дадае. Пэрыядычна такія ўсплёскі адбываюцца. Таму ня скажаш, што ўсё памерла. Праз колькі гадоў ізноў будзе.

Ня раз чуў ад розных цынікаў на адрас беларускіх адраджэнцаў крыўднае слова «лох». А ведаеце, адкуль пайшло гэтае слова і што яно азначае? Вось вам на разьвітаньне гісторыя ад Зьмітра Мароза.

— За вёскай Асташына ёсьць вялікі луг. Яго мясцовыя называюць Лохава. Што ж такое «лох»? Гэта атлянтычны ласось. Сёмга, якая сюды ішла на нераст. Калі сёмга нерастуе, самка распушвае плаўнікі, луску і становіцца падобнай да вожыка. Адтапырвае ніжнюю губу і стаіць на месцы. Прыходзіш і бярэш яе рукамі. Бо яна нікуды ня рухаецца і нічога ня есьць падчас нерасту. І паводзіць сябе як лох — гэта значыць, як ласось у час нерасту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG