Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытачка «Белай мухі» са Смаргоняў дзякуе Бахарэвічу за асалоду


Таня Скарынкіна

Таня Скарынкіна

А. патэлефанавала, што дачытала «Белую муху» Альгерда Бахарэвіча. Хоча пра гэта пагаварыць. Я за кнігу амаль ня бралася, бо толькі прывезла зь Менску, і пайшла яна па руках. Адмовіць не магу, калі сябры зьвяртаюцца наконт даць пачытаць, тым больш сучаснае беларускамоўнае. Бо трэба заахвочваць такія літаратурныя пажаданьні. Нячастыя яны. Тым больш ляжала недачытанага гара. Сёньня пачну «Муху» стоадсоткава, бо ўражаньні сяброўкі ўразілі мяне. Уразіла і тое, што яна чалавек даволі спакойны і не балбатлівы, а сёньня распявадала пра раман, ажно спыніцца не магла.

— Я многа што сказаць магу пра кнігу. Разумееш? Вельмі многа.

— Кажы.

— Ну, добра... Мне падалося спачатку, што ён такі крыху цынік. Аўтар сам. Неяк так мне падалося, што ў яго цынічны гумар. А далей ўсё-такі разабралася, што гэта лёгкая іронія. На вельмі сур’ёзныя рэчы, нават на такія, як палітыка, у яго вельмі іранічнае бачаньне. А цяпер пра герояў скажу: мне больш за ўсіх спадабалася дырэктрыса Галіна Вітольдаўна. Так ўжо расьпісана! Пра яе па сутнасьці пару старонак. Але яна мне запомнілася, і на працягу ўсёй кніжкі я думала, што яна зьявіцца, але не. Толькі ў адным месцы ўскосна узьнікла, у канцы, калі разглядалі гэты выпадак на дзяржаўным ўзроўні, і яна давала паказаньні, але ні словаў, ні выразаў ейных нічога не было такога ўжо.

— Шкада табе было, што больш яна не зьявілася?

— Так. Яна мне настолькі спадабалася! Ён так апісаў, мне хацелася яшчэ пра яе болей ведаць, разумееш? Нават ня больш ведаць, а бачыць больш апісаньняў. Мяне неяк апошнім часам больш цікавіць ня сам сюжэт, а мова падачы. Як людзі пішуць. Не, калі сюжэту наогул няма і калі бачыш адны вобразы, мэтафары, эпітэты і іншыя літаратурныя прыёмы, дык таксама стамляе. Канешне, сюжэт павінен быць. Але люблю, калі мова пераважае. Тут у «Мусе» сюжэт таксама цікавы, ён такі фантастычны, магічны месцамі. Але мне больш мова спадабалася. Мне хацелася яшчэ пра Галіну Вітольдаўну пачытаць, як ён апісвае яе, таму што я так выразна ўяўляла і ўспамінала некаторых бізнэсвумэн сучасных у гэтай сувязі.

Яшчэ спадабаўся вобраз Міхаіла Юр’евіча. Ня ведаю, ці ёсьць тут асацыяцыя з Лермантавым, але ён вайсковец і Лермантаў быў вайсковец. Ды Міхаіл Юр’евіч з кнігі зусім іншага кшталту вайсковец. У мяне шмат знаёмых вайскоўцаў, таму што муж вайсковец. І сярод іх я такіх ня ведаю, як апісаны гэты вобраз. Ён у нейкім сэнсе звычайны, ня новы, пазнаць можна. Як героі анэкдотаў, вось які. Утрыраваны. І тым ня менш ў жыцьці ня бачыла такіх. А нядаўна ўключаю «Модны прыгавор». Там адзяваюць жонку афіцэра-падпалкоўніка, а гэты Міхаіл Юр’евіч таксама падпалкоўнік быў, і там дакладна гэты Міхаіл Юр’евіч выкапаны! На гэтую жонку апошнімі словамі: «А яна таўстуха! А яна такая-растакая!» Грубы ваяка-салдафон тыповы. Зьнешне вялікі, здаровы, і на жонку ўвесь час абзываўся.

— Не саромеўся выражацца на ТБ?

— Зусім не, але яго Бабкіна душыла сваім аўтарытэтам. І словамі, і ледзь не фізычна. Астатнія таксама спрабавалі яго ўтаймаваць, але ў іх лёгкі зьдзек быў зь яго, а Бабкіна адстойвала жонку ўсур’ёз: «Як, наогул, яна з табой пражыла столькі гадоў?» Во дакладна такі, як з кніжкі. Я падумала тады, што ўсё ж існуюць Міхаілы Юр’евічы ня толькі ў анэкдотах. Гіпэртрафіраваныя, гіпэрбалізаваныя. Вот яго было шмат, Міхаіла Юр’евіча ў кнізе, дастаткова многа.

— Табе ён таксама спадабаўся?

— У нейкім сэнсе, так. Гэты вобраз настолькі падрабязна расьпісаны. А дырэктрысу мне хацелася ўбачыць яшчэ.

— Магчыма, Альгерд ўсё што ведаў пра Галіну Вітольдаўну ўкінуў адным кавалкам? Такі прыём...

— Можа быць. Не хацеў, напэўна, завастраць увагу. Можа яго больш цікавалі іншыя пэрсанажы.

— Але пажаданьні чытача аўтары павінны ўлічваць. Я думаю, трэба аўтару параіць перапісаць кнігу, каб дадаць больш Галіны Вітольдаўны. Як у Індыі, памятаю ў нейкай перадачы бачыла, узьняліся гледачы, уся Індыя паўстала на дыбы, калі загінуў галоўны герой кінастужкі адной. Па-мойму яго граў народны любімец Амітабх Бачан. І рэжысэр перазьняў фінал. Героя раняць, але не сьмяротна. І ў фінальным кадры едзе на матацыклеце ўвесь перавязаны і сьмяецца ў экран. Карацей, супакоілася краіна. Героі не паміраюць!

— Вось аб гэтым я магла б таксама табе сказаць, чыста па-жаноцку мне б хацелася, каб канцоўка «Мухі» была больш шчасьлівая. А яшчэ чыста па-жаноцку, я бачу, што раман мужчынскі з-за выкарыстаньня нецэнзурнай лексыкі, у тым ліку. Можа там яе ў цэлым няшмат, але ў некаторых месцах я адчувала, што саромеюся. І гэтыя «цыцкі», разумееш, такое... Я ўродзе даўно не дзевачка, але неяк мяне бянтэжыла.

А герой, мне падаецца, гэта сам Бахарэвіч. Неяк так адчуваецца. А яшчэ... Наогул ня ведаю, як ўлада дазваляе кнігу гэтую.

— Можа ня ведае пра яе?

— Я думаю, КДБ добра працуе ў нашай краіне.

— А мне падаецца, што кнігу ўспрымаюць чыста як мастацкі твор.

— Можа быць. Але там пэрыядычна згадваецца бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта ж наколькі ўспрымаюць органы гэты сьцяг, дзе б ні ўбачылі — усё капец, палітыка. Хаця гэта частка нашай гісторыі. Я памятаю, як хадзіла на «Тутэйшых». Можа разы тры на спэктакль у студэнцтве. Пінігін ставіў, ён тады яшчэ ня быў рэжысэрам Купалаўскага, гэта недзе сярэдзіна 90-х. І там Пагоня атрымоўвалася паступова на сцэне зь дзьвюх стужак белых і чырвонай. Празь некаторы час зьнялі гэты сьцяг. І спэктакль ішоў безь сьцягу, я была на такім спэктаклі безь сьцягу. А пасьля і спэктакль наогул зачынілі. У кніжцы таксама кавалак тканіны герой адарваў і выцер кроў, атрымаўся нібыта бел-чырвона-белы сьцяг, і ўжо ў канцы гэтай гісторыі органы ўбачылі ў гэтай анучы палітыку. На пэўным этапе апісанага ў кнізе расьсьледваньня іх больш за ўсё хвалявала ануча з крывавым намёкам на Пагоню, а ня тое, што людзі пакутавалі, што сьмерці былі. Ад такіх момантаў абсурдных плакаць хацелася, таму што наша жыцьцё такое і ёсьць, што ў анучы, якой выцерлі кроў, палітыку бачаць.

— А ты доўга кнігу чытала, я і забылася калі дала...

— Я б можа прачытала за дзень! Ды магчымасьці такой не было. Але яна вельмі лёгка чытаецца, залпам. Я, бывае, некаторыя кнігі калі чытаю, то прапускаю нейкія старонкі, на мой погляд сумныя. А тут мне было цікава ўсё, і менавіта пераважна з моўнага гледзішча. А наколькі ў яго жарты ўдалыя. У нейкім сэнсе, яна мне падымала настрой!

— Здорава!

— Ну, праўда.

— Цяпер абавязкова прачытаю. Адкладу сваю «Фэрдыдурку» Гамбровіча, якую вырашыла, між іншым, ня кідаць, пакуль не скончу. А будзе гэта невядома калі, бо кніга складаная і на польскай, у якой я не вялікі спэц. Карацей, ты мяне заінтрыгавала!

— Не ведаю, можа табе яна і ня так, як мне, прыйдзецца да душы.

— Чаму? Мне «Дзеці Аліндаркі» вельмі спадабаліся, але былі моманты страшныя, нават далей не адразу наважысься чытаць.

— У «Мусе» таксама страшныя моманты, напрыклад, як мячом расьсеклі напалам чалавека... Там яшчэ мяне ўразіла, як ён напісаў, што «змрочныя»... Не, ня «змрочныя». Паспрабую ўспомніць: «На картах былі звычайныя жанчыны з млечнымі грудзямі і позіркамі»... Дакладна, ня «змрочнымі». Якія ж у іх позіркі былі? Я пераскокваю з тэмы на тэму, прабач, проста як ўспамінаецца то адно, то другое, дык і расказваю. Дык пра позіркі. Якое гэта слова, калі глядзяць расслаблена, вось як немаўляты? Во, бачыш, і ня помню. Ужо хацелася проста садзіцца і выпісваць.

— Калі глядзяць задуменна?

— Не! Такое слова на «м». Як глядзяць з ігральных картаў паўголыя жанчыны?

— Млосна?

— Во! «З млосным поглядамі ці з млоснымі вачыма і млечнымі грудзямі». Я памятаю, слова было падобнае да «млечнага».

— Вельмі паэтычна!

— І выразна. Тонка падмечана. Адкуль ён ведае, як выглядаюць млечныя грудзі? У яго ж няма дзяцей?

— Чаму няма? Мае дачку ад першага шлюбу.

— Усё ясна! Тады ён ведае пра млечныя грудзі. А то я дзівілася. Ніводная жанчына ня будзе паказваць чужым мужыкам млечныя грудзі.

— Чаму ня будзе? Я калі радзіла дачку і карміла сама, да нас зайшоўся знаёмы, а быў час кармленьня. Дык я пры ім спакойна без жаданьня зьбянтэжыць ці шакаваць, пачала дачку карміць, размаўляючы зь ім. І вельмі зьдзівілася, калі ён счырванеў, як вунь тая вяргіня на клюмбе, пачаў хаваць вочы, адварочвацца і хутка зьбег па нейкіх неадкладных справах. І тут да мяне дайшло, у чым прычына ўцёкаў. Хатнія не дзівіліся. Усе прызвычаіліся за доўгія месяцы. А ён чалавек новы быў, непадрыхтаваны. Я сябе, як сэксуальнага аб’екту, не адчувала, а была выключна «кормящая мать».

— Таму што ў мужчынаў гэтая частка жаночага цела вызывае сэксуальныя адчуваньні, нягледзячы на тое, што сапраўднае прызначэньне грудзей — вырабляць малако для немаўляці. Дзяўчат ня вучаць цяпер, што грудзі для таго, каб карміць дзяцей, што дзякуючы матчынаму малаку вырастае здаровае патомства. А вучаць і рэклямуюць павялічваць грудзі, каб прывабліваць мужыкоў, бо гэта грошы і рэкляма. А карміць дзяцей сваім малаком, каму гэта выгадна? Дзе такая рэкляма?

Але я адцягнулася ад кнігі. Там столькі ўсяго! Я чытала і спрабавала запомніць, і гэты вобраз хачу запомніць, і тую мэтафару, і той эпітэт запыняе. Столькі ўсяго прываблівага, што ўжо ня ўкладваюцца ў галаве. Ты разумееш? І вось мне цікава, як ён стварае гэтыя вобразы, гэтую мову ўласную? Напэўна, таму што ён шмат піша, гэта зразумела. Сядзіць і думае ўвесь час, прадстаўляе...

— І слухае, што гавораць людзі. Я, напрыклад, шмат запісваю на вуліцы, таму што як гавораць людзі, не прыдумаеш сам.

— Думаю, і Альгерд так робіць. Па-мойму, ён пра гэта нават пісаў: «Я слухаю, падслухоўваю і гэтак далей». І вось ягоныя маты можна апраўдаць збольшага. Бо чалавек рот раскрыў і па яго гаворцы ўжо зразумела, хто ён і што. Маты характарызуюць. Наогул, гаворка характарызуе чалавека. Я тут нядаўна ішла і падлеткаў размову падслухала. Адзін аднаму кажа: «Так добра сябе паводзіў у чвэрці. Ужо думаў, мама на бацькоўскі сход у школу хоць спакойна сходзіць. Мама вяртаецца і кажа: „Ідзі пагуляй на вуліцы паўтары гадзіны! Пакуль я цябе не забіла!“ Не разумею, што ёй такога ў школе сказалі? Я такі ўзорны быў усю чвэрць».

— Добрая мама яшчэ... А я памятаю ў школе, клясе ў 5-й, калі чакала маму са сходу, дык перад яе вяртаньнем клалася ў ложак і рабіла выгляд, быццам захварэла. Напрыклад, з сэрцам блага, нават стагнала, калі чула, як мама ўваходзіць у дзьверы. Каб яна на мяне ня кідалася, а пашкадавала. Я прыкідвалася, абы толькі пераключыць яе ад ўражаньняў сходу на сьмяротную хваробу сваю. Моцна баялася, хаця нічога такога злачыннага не рабіла. Але страшна было ад таго, што ня ведаеш, як ты выглядаеш звонку для настаўнікаў. Што тычыцца кнігі, то некаторым, хто браў у мяне, не спадабалася.

— Ну, ня ведаю! Кніга хутка зацягвае: банда нейкая зьяўляецца. Думаеш: банда — цікава! Пачатак нуднаваты крыху, ён сустракаецца там у кавярні зь некім, і пакуль справа дайшла да сапраўдных падзеяў, пакуль яны даехалі да замка, дык кніжка ня надта прыцягвала. Старонак можа 15 трэба перацярпець, а потым так наогул захапляльна! Ня ведаю, як гэта магло не спадабацца. А яшчэ гэты вобраз Белай Мухі. Яна была яго каханая і яна ж уся ў белым — белыя калготкі, белая сукенка. Ён піша нават курсівам «белая занадта белая» сукенка. Піша пра яе, што прыйшла, села ў аўтобус «белая занадта белая»... І ўсё гэта белае, белае, белае. Потым каленкі сталі чорныя. У падлеткавым ўзросьце ў яго саброўкі муха-альбінос жыла. І ў канцы гэты вобраз, што лётала белая муха і здавалася нібы зробленая зь нітак гэтых белых калготак. Разумееш? То бок, у яго нічога лішняга. Калі нейкая дэталь згадваецца, то яна недзе праз 50 старонак зьяўляецца і дапаўняецца чым-небудзь новым. Вось як муха з нітак узьнікла. Ну, блін! Так прыгожа! Сапраўды, бывае ж такое, скруцяцца ніткі і падаецца, што насякомае. Я такіх кніг даўно не чытала! Ня так часта бывае, што перагортваеш апошняю старонку і ад гэтага табе робіцца блага, што ўсё скончылася. Ты і хочаш дачытаць да канца. Чытаеш, чытаеш, чытаеш. Вось яшчэ старонку, вось можна ўжо і спаць класьціся.

— І пакінуць назаўтра можна было, каб яшчэ крыху з кнігай пабыць хоць адзін дзень дадатковы.

— Так, так! Але ўсё роўна дачытваеш адразу, не пакідаеш назаўтра нічога. І так шкада мне было, што скончылася. Яшчэ шкада, што ўсё такі канец нешчасьлівы. Гэта ён так зрабіў, як мужчына, напэўна. Жаночыя раманы звычайна добра канчаюцца.

— Жанчынам усіх шкада.

— І жанчыны не выкарыстоўваюць столькі мату. Яны наогул, падаецца, не карыстаюцца ім. Я пра літаратарак кажу. Лісіцкая, напрыклад, альбо Батракова, вядомыя аўтаркі. У іх нармальныя такія сюжэты жыцьцёвыя. Да сьлёз яны звычайна даводзяць чытача даволі таленавіта і вобразнасьць ёсьць, але чытаеш, і яны нейкія адна на адну падобныя іхныя кніжкі. А гэтая ні на што не падобная. Гэта раман лічыцца ці аповесьць?

— Раман наўродзе. У цябе з сабой няма? Там павінна быць напісана.

— Няма.

— Ты ж дачытала.

— А я хацела яшчэ некаторыя любімыя месцы перагарнуць хаця б.

— Ты што? Інтрыгуеш цэлую гадзіну і вяртаць не збіраесься? Давай зробім так. Я прачытаю, а потым табе зноў дам.

— Добра... А яшчэ мне вельмі спадабалася адно апісаньне: «дываны на сьнезе», як у песьні «Яблоки на снегу». Як дываны выбівалі па суботах. Ён ў некалькіх радках так прыгожа апісвае гэтую справу. Здаецца, ну блін, што тут такога? Людзі выбіваюць дываны. Усё. Што тут можа быць цікавага?

— А як ён напісаў?

— Вельмі прыгожа. Менавіта прыгожай мова. Вельмі вобразна.

— Ты не памятаеш? Уласнымі словамі раскажы, калі ласка.

— Ня ведаю, ці атрымаецца. Мне хацелася слова ў слова запомніць, ды памяці не хапае... Запомнілася, як ён прыходзіў дахаты пасьля выбіваньня, як раскідваў рукі, падаў у гэты дыван. І дыван падаваўся яму пухнатым, глыбокім. Нават ня гэта... А вось, як яны выходзілі, адзін каля аднаго клалі дываны, што трэба было тэрыторыю заняць, каб ня вельмі блізка і ня вельмі далёка ад суседзяў. Бо калі блізка, дык будзеш перашкаджаць суседу, а калі далёка, блізкасьць з суседзямі руйнуецца.

— Вельмі паэтычна!

— Так-так! У ім паэт такі. Ён вершы піша?

— Піша, я неяк аднойчы чула і ўразілася.

— Можаш перадаць яму ад мяне прывітаньне. Скажы, я атрымала літаратурны аргазм!

— Так і сказаць?

— Сапраўды, я атрымала такую асалоду. Неймаверную!

— То бок кніга зрабіла цябе шчасьлівай?

— Разумееш, калі сядзіш дома аблепленая дзецьмі і знаходзіцца час пачытаць... І тут такое трапляецца! Я табе магу сказаць праўду, што каб вучылася яшчэ раз на філфаку, дык напісала б дыплём па гэтай кнізе!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG