Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На Гомельшчыне мясцовай інфармацыі пра выбары наогул няма», — Анатоль Паплаўны


Анатоль Паплаўны
Анатоль Паплаўны

Гомельскія сябры грамадзкай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» прааналізавалі, як у шэрагу афіцыйных раённых газэт асьвятляюцца выбары ў Палату прадстаўнікоў.

«Знайсьці нейкую актуальную інфармацыю пра выбары, а тым больш у межах канкрэтнага раёну — задача няпростая, — тлумачыць удзельнік кампаніі, каардынатар праваабарончага цэнтру „Вясна“ ў рэгіёне Анатоль Паплаўны. — Да прыкладу, ельская раённая газэта „Народны голас“ пад рубрыкай „Выбары“ паведамляе: „Тры ініцыятыўныя групы зарэгістраваныя акруговай камісіяй Палескай акругі № 43“. Але ў чыю падтрымку будуць зьбіраць подпісы ініцыятыўныя групы, не паведамляецца, быццам прозьвішчы магчымых кандыдатаў — сакрэт ці нейкая дзяржаўная таямніца».

Паводле праваабаронцы, «Хойніцкія навіны» абмежаваліся ў рубрыцы «Выбары» паведамленьнем пра стварэньне акруговай камісіі, і датуецца гэтае паведамленьне 28 чэрвеня. Ніякай інфармацыі пра ініцыятыўныя групы, якія былі зарэгістраваныя, выданьне не падае.

«Свабоднае слова» з Рагачова падае толькі інфармацыю, што прымаюцца дакумэнты для ўдзелу ў працы ўчастковых камісіяў — вось і ўсе навіны.

Жыткавіцкая раённая газэта «Новае Палесьсе» рэтрансьлявала паведамленьні БелТА наконт выказваньня Аляксандра Лукашэнка пра выбары, якія «заўсёды былі сьвятам, і зараз павінны так адбыцца». І далей пад той жа адмысловай рубрыкай «Выбары» паведамляе жыхарам раёну, што «Кім Чэн Ын прызначаны першым сакратаром Працоўнай партыі Карэі».

«Нельга зразумець, што робіцца ў раёне ў зьвязку з парлямэнцкімі выбарамі, з паведамленьняў афіцыйных раённых газэт «Авангард» (Буда-Кашалёва) «Голас Веткаўшчыны» (Ветка), «Маяк Палесься» (Брагін). Але найбольшую арыгінальнасьць выявіла, бадай, лельчыцкая раённая газэта «Сьветлае жыцьцё». Яна таксама стварыла адмысловую рубрыку «Выбары». Аднак мясцовай інфармацыі пра выбары наогул няма. Выданьне проста перанакіроўвае сваіх чытачоў на сайт vybory2016.by, — кажа спадар Паплаўны.

Праваабаронца зьвяртае ўвагу і на яшчэ адну дэталь: у акруговых выбарчых камісіях дакумэнтацыя спрэс афармляецца на расейскай мове, нібы выбары ладзяцца не ў беларускі парлямэнт, а ў заканадаўчы орган суседняй краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG