Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ганцавіцкіх вёсках людзі ў паніцы забіваюць сьвіней. Баяцца АЧС


У Ганцавіцкім раёне невядомая хвароба забірае сьвіней

У Ганцавіцкім раёне невядомая хвароба забірае сьвіней

Сяляне ў вёсках Ганцавіцкага раёну ўжо амаль месяц наракаюць на масавы падзеж сьвіней. Лічаць, што гэта афрыканская чума сьвіней, і ў паніцы самі колюць жывёлу. Чыноўнікі кажуць: «Нічога надзвычайнага», і пераконваюць, што афрыканскай чумы сьвіней у раёне няма.

Штодня ў вёсках Будча і Лактышы, што на мяжы з Клецкім раёнам, сяляне забіваюць сваіх сьвіней. Кажуць, што баяцца, каб жывёла не памерла ад хваробы, якая нібыта лютуе ў гэтых вёсках.

Будча: «Просяць людзей — каліце, не чакайце»

Вёска Будча на мяжы з Клецкім раёнам

Вёска Будча на мяжы з Клецкім раёнам

Ад самай раніцы ў вёсцы Будча амаль праз двор колюць сьвіней. Заўважаючы журналістаў, многія людзі насьцярожваюцца, некаторыя просяць не здымаць і тлумачаць, што ў іх усё ў парадку, сьвіньня хворая не была.

У адным з двароў усё ж пагаджаюцца на здымкі. Гаспадыня кажа, што «вымушаныя закалоць, каб хоць не захварэла і не прапала»:

«Такога ніколі не было. Захварэе, ня стане есьці — і праз два дні няма. У Лактышах, кажуць, самая інфэкцыя, там катлаваны парылі, магільнікі. Будуць жывёлу ўсыпляць. У нас старшыня сельсавету як прыяжджаў, сказаў, каб калолі, у каго вялікія. Не казалі, што будуць забіраць, кажуць — няма грошай на кампэнсацыю. Проста просяць людзей — каліце, не чакайце».

Большых сьвіней колюць, бо баяцца, што захварэюць

Большых сьвіней колюць, бо баяцца, што захварэюць

На пытаньне, ці ведаюць людзі, што за хвароба, спадарыня кажа:

«Вэтэрынары тлумачаць, што інфэкцыя, а якая, вызначыць ня можам».

Жыхар Будчы Мікалай — вядомы майстар калоць сьвіней. Хто ня можа сам даць рады, клічуць яго. Кажа, што толькі за гэты месяц разоў 16–17 хадзіў на такія выклікі.

Алена Кляўчэня нясе есьці сьвіньні, якую яшчэ не закалолі

Алена Кляўчэня нясе есьці сьвіньні, якую яшчэ не закалолі

Пэнсіянэры Канстанцін і Алена Кляўчэні мелі трох сьвіней. На мінулым тыдні большую закалолі. Што рабіць зь меншымі, ня ведаюць:

«Думаем патрымаць, можа, яшчэ крыху, але дзецям сказалі, каб былі напагатове, каб калоць. Два надзелы бульбы пасадзілі, каб карміць, а што цяпер будзе...» — кажа Канстанцін.

Вяскоўцы сьпяшаюцца забіваць сьвіней, бо кажуць, што ў вёсцы ў шмат якіх гаспадароў жывёла паздыхала.

Маладая сям’я, якая вырашыла гадаваць карэйскіх сьвіней, набыла шэсьць парасят. Не пасьпелі іх выгадаваць, як усіх сьвінак забрала невядомая хвароба. І такіх гаспадарак шмат.

Вяскоўцы распавядаюць, што некаторы час таму мясцовыя ўлады вывесілі каля крамы абвестку — маўляў, ад сьвіней трэба пазбаўляцца, бо ў вёсцы і ваколіцах зьявілася афрыканская чума. Але правісела тая абвестка нядоўга — празь дзень садралі.

Страта сьвіней для вяскоўцаў — істотная праблема, бо кожны, хто гадуе жывёлу, пасадзіў увесну некалькі дзясяткаў сотак бульбы, каб карміць гадаванцаў. Цяпер, як пагінулі сьвіньні, прападзе і бульба.

Пэнсіянэры Кляўчэні адну сьвіньню закалолі, меншую пакуль шкадуюць

Пэнсіянэры Кляўчэні адну сьвіньню закалолі, меншую пакуль шкадуюць

Лактышы: у вёсцы забіраюць хворых сьвіней, пэрспэктывы кампэнсацыі — цьмяныя

Вяскоўцы кажуць, што хвароба, якая забірае сьвіней, прыйшла ў вёску Лактышы. Тут ужо многія перабілі сваю скаціну. А ў іншых — сьвіньні хварэюць. У працаўніцы лактышоўскай пошты днямі забралі трох хворых сьвіней. Вялікая, кажа спадарыня, была ўжо каля 220 кіляграмаў, дзьве меншыя — за сотню:

«Кажуць — інфэкцыя, незразумела якая. Наконт кампэнсацыі кажуць, што ў раёне грошай няма, хіба Берасьце выдзеліць. Казалі, што будуць сьвіней усыпляць, тых, што засталіся, але пакуль цішыня. Яны тут эпідэмію ня спыняць, бо трэба было адразу абвясьціць карантын. А карантын — гэта ж зразумела, што будзе...»

У Лактышах мор сьвіней пачаўся раней, чым у Будчы, кажуць людзі

У Лактышах мор сьвіней пачаўся раней, чым у Будчы, кажуць людзі

У Лактышах улады пільна адсочваюць сытуацыю з сьвіньнямі ў прыватных гаспадарках, штодня наведваюцца, бяруць аналізы. Жыхарка вёскі распавяла: было нават, што «зь лядоўні забіралі сьвежыну, пасьля таго як хвароба пацьвердзілася».

Жыхары Лактышоў кажуць, што праблему спрабуюць замаўчаць, каб не плаціць людзям кампэнсацыі за сьвіней.

Гутарым яшчэ з адной жанчынай на панадворку ў Лактышах:

«Прычыну ня кажуць. Але падазраём, што чума. А ў газэце (раённай. — РС) пісалі, што інфэкцыя. Хто кажа, што дзікі прынесьлі, хто — што з мукі расейскай, прадаюць жа, возяць камэрсанты ў нас. Канкрэтна ніхто ня ведае, ад чаго. У брыгадзіркі нашай шэсьць, у суседкі — трое сьвіней забралі... Шкада, людзі ж столькі кармоў і працы ўклалі, а ніхто ж нічога ня будзе плаціць».

Лактышоўскаму коніку нічога не пагражае — коней невядомая хвароба не бярэ

Лактышоўскаму коніку нічога не пагражае — коней невядомая хвароба не бярэ

Спадарыня кажа, што некаторым, у каго забралі сьвіней, «абяцалі па 20 тысяч даць за кіляграм, а ў сельсавеце сказалі, што ніхто нічога выплочваць ня будзе, бо ў іх на балянсе яны не стаяць, і ў іх і так, маўляў, даўгоў...»

За «нагнятаньне панікі» — заява ў пракуратуру

Незалежная газэта «Ганцавіцкі час» першай пачала асьвятляць сытуацыю з морам сьвіней у Лактышах ды ў іншых вёсках. Ганцавіцкія журналісты спрабавалі дабіцца камэнтароў ад вэтэрынараў, аднак тыя ўхіляліся ад размоваў зь недзяржаўнай прэсай. Казалі, што падставаў для панікі няма, а «падзеж жывёлы здараецца штогод, асабліва ў летні час і ў сьпякотны пэрыяд».

Аўталаўка птушкафабрыкі ў Будчы — магчымая альтэрнатыва сьвініне?

Аўталаўка птушкафабрыкі ў Будчы — магчымая альтэрнатыва сьвініне?

Галоўны рэдактар «Ганцавіцкага часу» распавёў, што з райвыканкаму ў пракуратуру пайшла скарга на выданьне — маўляў, газэта «нагнятае паніку», «у інтэрнэце зноў Ганцавіцкі раён грыміць з дрэннага боку».

Галоўны вэтэрынарны ўрач Ганцавіцкага раёну Ганна Рычаева паведаміла Радыё Свабода, што надзвычайнай сытуацыі ў раёне няма. Выпадкаў афрыканскай сьвіной чумы таксама не зафіксавана. «Сытуацыя звычайная. Недзе інфэкцыя, недзе з-за сьпёкі, недзе кармы, — тлумачыць Ганна Пятроўна выпадкі падзяжу сьвіней у раёне. — Усё гэтаксама, як і ў іншыя летнія месяцы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG