Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брамнік «Дынама» Васіль Хамутоўскі выказаўся за адукацыю па-беларуску


Васіль Хамутоўскі
Васіль Хамутоўскі

У вялікім інтэрвію газэце «Прессбол» беларускі футбаліст і трэнэр Васіль Хамутоўскі распавёў пра тое, як у яго складаліся адносіны са школьнымі прадметамі, і параўнаў беларускую і нямецкую адукацыю. Ён выказаў жаданьне, каб Беларусь вярнулася да адукацыі па-беларуску:

«Ёсьць выдатная фраза: „Хочаш загубіць народ, вынішчы яго мову“, — кажа „Прэсболу“ Хамутоўскі. — Мне вельмі падабаецца беларуская мова. Гэта нашы карані. Калі сканчаў школу, у нас некаторыя прадметы пачыналі выкладаць на беларускай мове.

Дык вось, я б хацеў, каб да гэтага вярнуліся. Родную мову забываць ня варта. У мяне, дарэчы, на дыплёме аб сярэдняй адукацыі стаіць герб „Пагоня“. Я за тое, каб перавесьці сыстэму адукацыі на беларускую мову.

Але трэба гэта рабіць плаўна. Ёсьць жа выпрацаваныя мэтодыкі. Прадмет за прадметам, без галёпу. Зрабіць на добры розум. Але ні ў якім разе не забываючы расейскую мову. Яе таксама трэба пакінуць у школах — гэта мова нашых суседзяў і братоў. Трэба вучыць і расейскую, і іншыя мовы — францускую, нямецкую.

А беларуская павінна быць у прыярытэце. Зь цягам часу мы ўсе павінны навучыцца думаць на беларускай. Я люблю нашу мову, хоць вольна на ёй не размаўляю. У будучыні паспрабую выправіцца».

Таксама Хамутоўскі выказаў захапленьне гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, сказаўшы, што чым больш чытаеш пра гісторыю Беларусі, тым больш любіш і шануеш сваю краіну. У прыватнасьці, футбаліст выказаў захапленьне кнігамі Вадзіма Дзеружынскага «Міты пра Беларусь» і «Таямніцы беларускай гісторыі». Гуляючы за замежныя клюбы, кажа Хамутоўскі, ён вастрэй адчуваў любоў да радзімы, разумеў, што ён беларус. А калі хто казаў кепска пра яго радзіму, «уставаў на дыбкі і не даваў сваю радзіму крыўдзіць».

Сёньня 37-гадовы Васіль Хамутоўскі гуляе на пазыцыі брамніка ў менскім «Дынама», трэніруе іншых брамнікаў. За сваю кар’еру згуляў 26 гульняў за зборную Беларусі, зьмяніў 17 футбольных клюбаў зь Беларусі, Расеі, Украіны, Румыніі і Нямеччыны. У складзе БАТЭ быў чэмпіёнам Беларусі, у складзе «Сьцяўі» — двойчы чэмпіёнам Румыніі, у складзе «Пэтралула» — уладальнікам кубку Румыніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG