Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кітаі затрымалі 8 беларускіх танцоўшчыц з пачатку году


МУС Беларусі засьцерагае беларусак ад нелегальнай працы ў Кітаі па запрашэньнях праз інтэрнэт.

Чатыры беларускі былі затрыманыя ў сакавіку ў кітайскай правінцыі Чжэцьзян за нелегальную працу танцоўшчыцамі ў начным клюбе. Пазьней за тое ж былі затрыманыя яшчэ чатыры беларускі, піша Міністэрства ўнутраных спраў.

У першым выпадку вядома, што беларускі працавалі без працоўных візаў і іншых неабходных дакумэнтаў. Пасьля пэўнага часу ў сьледчым ізалятары яны былі дэпартаваныя з Кітаю зь пяцігадовай забаронай на ўезд у краіну.

Адна зь беларусак, затрыманая ў Кітаі ў чэрвені, ня здолела выплаціць штраф за пражываньне ў Кітаі без дазволу і нелегальную працу танцоўшчыцай у начным клюбе, таму правяла месяц у турме.

Як паведамляе МУС, большасьць затрыманых дзяўчат трапілі на працу ў Кітай на запрашэньне празь Viber, «УКантакце» і кітайскія сацсеткі. Ад імя азіяцкіх кампаніяў-вярбоўцаў выступаюць грамадзяне Ўкраіны і Расеі.

Дзяўчынам абяцаюць працу манэкеншчыц, мадэлей, удзельніц творчых калектываў. Іх запэўніваюць, што для гэтага дастаткова турыстычнай ці бізнэс-візы. На месцы ім выстаўляюць «непрымальныя патрабаваньні», часам схіляючы да заняткаў прастытуцыяй.

МУС адзначае, што Кітай дазваляе кітайскім працадаўцам наймаць замежнікаў толькі тады, калі на мясцовым рынку працы ёсьць недахоп канкрэтных спэцыялістаў, Міністэрства працы штогод вызначае сьпіс дапушчальных работаў для замежнікаў. Для працы ў Кітаі патрэбная адмысловая віза катэгорыі Z. Падрабязнасьці правілаў уладкаваньня на працу ў Кітаі МУС публікуе тут.

Замежнікаў, якія працуюць у Кітаі нелегальна, чакае штраф да 3 тысяч даляраў.

У выніку нелегальнай працы можна трапіць у працоўнае рабства ня толькі ў Кітаі, але і ў суседніх краінах — напрыклад, Расеі ці Ўкраіне. У Беларусі ж адзначаюцца выпадкі «легалізаванай» прымусовай працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG