Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ад «Гавары праўду» зьбіраюць подпісы і пад дзяржаўным сьцягам, і пад БЧБ


Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» дазваляе сваім кандыдатам зьбіраць подпісы пад дзяржаўным чырвона-зяленым сьцягам, але толькі калі побач будзе бел-чырвона-белы.

Пра гэта заявіў Свабодзе адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.

У сацсетках зьявілася фота кандыдата ад «ГП» Яраслава Журыка, які зьбірае подпісы каля гатэлю «Турыст» пад дзяржаўным сьцягам і сьцягам «Гавары праўду».

«Ёсьць таксама іншы фотаздымак гэтага пікету, дзе ёсьць бел-чырвона-белы сьцяг і чырвона-зялёны сьцяг, — кажа Свабодзе Андрэй Дзьмітрыеў. — Проста яны тады вывесілі чырвона-зялёны сьцяг і не пасьпелі яшчэ вывесіць бел-чырвона-белы, бо не знайшлі і паехалі купіць. Гэта была такая ініцыятыва кандыдата».

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

Між тым магчымасьць сумяшчэньня двух сьцягоў падчас парлямэнцкай кампаніі — гэта афіцыйная пазыцыя «ГП».

«Гэта афіцыйная пазыцыя „Гавары праўду“. Мы ня супраць выкарыстаньня ў пікетах „Гавары праўду“ дзяржаўнага сьцяга, але толькі разам зь бел-чырвона-белым сьцягам. Ідэалёгія „Гавары праўду“ заснавана на прыняцьце ўсёй гісторыі Беларусі — і пэрыяду БССР, і пэрыяду БНР, і ВКЛ. Для нас гэта ўсё ёсьць пацьверджаньнем права Беларусі на сваю дзяржаву. Таксама гэта дыялёг: сёньня і прыхільнікі чырвона-зялёнага сьцяга, і бел-чырвона-белага сьцяга павінны размаўляць. Павінен быць дыялёг, бо інакш мы Беларусь не збудуем. Калі мы хочам ісьці наперад, то трэба зразумець, што Рэспубліка Беларусь уключае ў сябе і чырвона-зялёны сьцяг, і бел-чырвона-белы сьцяг. Таму наша пазыцыя такая: хочаце чырвона-зялёны — на здароўе. Але разам зь бел-чырвона-белым», — падкрэсьлівае Дзьмітрыеў.

Трэба адзначыць, што іншыя апазыцыйныя кандыдаты зьбіраюць подпісы толькі пад БЧБ і партыйнымі сьцягамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG