Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Ціхан Чарнякевіч

Чаму мужчыны #баяцца казаць


Ціхан Чарнякевіч

Ціхан Чарнякевіч

Заўважаю, што ў працэсе разгортваньня флэшмоба пра сэксуальны гвалт чытачы-мужчыны прыкметна нэрвуюцца.

Дзе прычына? Кепская акцыя? Ды не, з акцыяй усё нармальна, нарэшце ўсе пабачылі маштабы праблемы – наколькі цяжка быць жанчынай у сэксуальна заклапочаным, калі не сказаць больш, грамадзтве. Безумоўна, шмат хто задумаўся, прыгадаў расповеды прыяцелек, жонак, паабяцаў сабе навучыцца паважаць асабістую прастору іншага.

І ня раз уздыхнуў. І на трэці ці восьмы ўздых прыгадаў, зразумела, школу. Белы паралелепіпэд зь цёмнымі алеямі калідораў і «цёмнымі каморамі» ўспамінаў.

Ня ведаю, як у дзяўчат нашай клясы, але ў хлопцаў кожнаму хоць раз ды разьбілі твар. Кожнага ў той ці іншы момант білі й прыніжалі. Часам, калі даў слабіну ці не ўпісаўся ў статак, – «чмошылі» плянамерна, мэтадычна й татальна. Як той казаў, «словам, справай і памышленьнем». Ня тое, што выпадкова ці падпіўшы, а проста пры лепшай-першай нагодзе, цягам месяцаў ці гадоў – пакуль не знаходзілася новая ахвяра. Потым пачыналася армія, дзе ад замкнёнай прасторы і ўсёдазволенасьці гвалт ліўся лавінаю. Бацька распавядаў, як салдацік павесіўся ад зьдзекаў проста на дзьвярах – надзейны быў савецкі самарэз, вытрымаў цела навабранца. На наступны дзень камандзір сабраў роту на пляцы і з гадзіну мацерыў самагубцу: «Слабак, здраднік, нюня».

І нікому за гэта нічога не было.

Некаторыя камэнтуюць жаночыя допісы настолькі хварабліва, што ўсё адразу становіцца ясна – нават ня кажучы, #баючысясказаць, у чалавека ўсё кіпіць унутры ад успамінаў. Пра колішнюю ўнутрывідавую барацьбу і правілы натуральнага адбору. Гаварыць яны ня будуць, хоць, я ўпэўнены, у кожнага ёсьць свая гісторыя.

Жанчыны могуць рэзонна запярэчыць: ня блытай божы дар зь яечняй, давай памераемся. Адна справа сэксуальны гвалт, другое – што некалі там цябе пару разоў падпільнавалі, адмудохалі нагамі ў пад’езьдзе і плюнулі ў твар на разьвітаньне. Памерацца, канечне, можна. І сьліна – далёка ня спэрма. Хоць кансыстэнцыя падобная...

Рэч у тым, што ў гэтай краіне ўсё вельмі густа замяшанае на гвалце, нават лексычна й танальна – ад працы Адміністрацыі ППРБ і Саўміну да планёркі ў вашага былога начальніка. Няма як апраўдваць гвалтаўнікоў, але кожны айбаліт ведае: калі добра пакорпацца ў псыхіцы злачынцы, то ясна відзён ранейшы гвалт над ім самым. Які ў друзачкі разбурыў псыхіку і зрабіў яго злачынцам: забойцам, гвалтаўніком, грабежнікам і г.д.

Можна, канечне, усё сьпісаць на спадчыну чырвонага чалавека, савецкага мэнталітэту, які «пасьпяхова пераадольваем» і які, маўляў, ужо ў мінулым. Выпрастаць руку і ўказаць на крэатыўныя хабы, лофты і барбэршопы.

Ня ведаю. За два гады ў дзіцячым садку ў майго сына двойчы кралі вопратку, адзін раз паставілі гематому на галаве, а аднойчы ледзь не праламілі чэрап арматурай. Як яму распавядаць пра сьветлую школьную будучыню, дзе ня б’юць і не прыніжаюць?

Жанчынам мне хацелася б сказаць словамі Міхася Стральцова: «Нам трэба жыць – усхвалявана, але немітусьліва сьпяшаючыся – і не губляць пры гэтым адзін аднаго на вызначаным шляху да адной мэты». І вы, і мы вырасьлі ў атмасфэры гвалту й прыніжэньня. Давайце аб’яднаемся і будзем супрацьдзейнічаць нялюдзкасьці: не раўсьці на дзяцей, не павышаць голас на калегаў, дапамагаць слабейшым, абараняць правы аж да суду і крымінальнага перасьледу.

Вывучаць рэдкія віды расьлінаў і не баяцца каханьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG