Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аптымізацыя ня будзе тычыцца баявых частак, а будзе — складоў, наглядных органаў.

У беларускім войску ў 2016 годзе будзе скарочана каля 1300 пасадаў, заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» дзяржсакратар Савету бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась.

Мэта аптымізацыі — дасягнуць колькасьці 65 тысяч чалавек у беларускім войску. Пад аптымізацыю мусяць трапіць склады і сілы забесьпячэньня.

«Гэта будзе не за кошт баявых частак, а так званага абозу», — завярае Зась.

У МНС, прыводзіць прыклад ён, за гэты год скарочана 500 пасадаў, міністэрства пазбаўляцца часткі кантрольных і наглядальных органаў. Стварэньне падразьдзяленьня па ахове БелАЭС не прывядзе да росту колькасьці міліцыі, а будзе зьдзейсьнена за кошт аптымізацыі і пераразьмеркаваньня.

Сыстэма дзяржаўных органаў нацыянальнай бясьпекі ў Беларусі, мяркуе Зась, працуе дастаткова эфэктыўна, кардынальна рэфармаваць і рэарганізоўваць яе ён ня бачыць патрэбы.

«Хочацца вялікага войска, але прыйдзецца скарачаць» — Алесін

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«Лукашэнка пра аптымізацыю заявіў даўно, — згадвае ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін. — „По одёжке протягиваем ножки“, як кажуць. Улічваючы цяжкае эканамічнае становішча ў краіне, як бы мы не хацелі ўтрымліваць большае войска, прыйдзецца яго скарачаць.

Відавочна, зь фінансаваньнем войска сытуацыя настолькі складаная, што будуць рэзаць вайсковыя расходы. Найперш там, дзе гэта адразу не адаб’ецца на баяздольнасьці. І калі эканамічная сытуацыя ня выправіцца, будуць больш сур’ёзныя меры. Гэта будзе ўжо не аптымізацыя, а скарачэньне».

Скарачэньне «абозу», мяркуе ён, пагоршыць умовы ўтрыманьня запасаў баявой тэхнікі і ўзбраеньняў. І гэта адаб’ецца на баяздольнасьці тады, калі разгортваць войска да памераў штату ваеннага часу і выводзіць з захаваньня тэхніку, якая захоўвалася шмат год. Без належнага дагляду гэтая тэхніка можа проста не завесьціся, кажа Алесін.

Пытаньне колькасьці войскаў залежыць ад іх задачаў, заўважае экспэрт, і можа быць меншай за цяперашнюю. Але чыста вайсковым разьлікам пярэчаць палітычныя:

«Лукашэнка казырае беларускім войскам як сур’ёзным інструмэнтам вайсковай палітыкі ў рэгіёне, — заўважае Алесін. — Ён часьцяком казаў, што гэта апошняя перашкода для НАТО па дарозе на Маскву. Але цяпер выходзіць, што Расея ў гэта ня верыць і разгортвае другую лінію абароны на ўсходніх межах».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG