Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦВК заклікаў мясцовыя органы не перашкаджаць кандыдатам ладзіць пікеты


Ілюстрацыйнае фота. Мікалай Лазавік, Лідзія Ярмошына, Алег Сьліжэўскі. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году

Ілюстрацыйнае фота. Мікалай Лазавік, Лідзія Ярмошына, Алег Сьліжэўскі. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году

Як адзначыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, гэта няправільна, што ў некаторых паселішчах мясцовыя ўлады забараняюць рабіць пікеты каля адміністрацыйных цэнтраў, чыгуначных і аўтобусных вакзалаў, на аўтобусных прыпынках.

Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў заклікае мясцовыя органы ўлады не звужаць рамак дзейнасьці ініцыятыўных груп, моцна абмяжоўваючы месцы магчымага правядзеньня пікетаў у падтрымку вылучэнцаў у кандыдаты ў дэпутаты.

Пра гэта заявіў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік у інтэрвію праграме «Контуры» тэлеканала АНТ, паказаным увечары 10 ліпеня, перадае сайт naviny.by.

«На пачатку выбарчай кампаніі мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы павінны былі вызначыць месцы, дзе забаронена праводзіць пікеты па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку кандыдатаў», — сказаў Лазавік.

Некаторыя выканкамы, паводле яго слоў, пайшлі «па шляху мінімальнага абмежаваньня — паказалі, што забараняецца праводзіць такія пікеты каля будынка выканкаму, суда, пракуратуры, КДБ».

«Іншыя пайшлі па шляху звужэньня рамак дзейнасьці ініцыятыўных груп. Акрамя адміністрацыйных аб’ектаў яны паказалі, што забаронена праводзіць пікеты каля адміністрацыйных цэнтраў, чыгуначных і аўтобусных вакзалаў, нават на аўтобусных прыпынках. Пытаньне, а дзе ж тады праводзіць пікеты? Там дзе людзі — нельга? За ваколіцай дзесьці?» — задаўся пытаньнем прадстаўнік Цэнтарвыбаркаму.

«Мы заклікаем улічыць досьвед Менску. Яны дазволілі ўсюды, акрамя асобных пунктаў. Гэтыя асобныя пункты паказалі», — сказаў Лазавік.

Пры гэтым ён прызнаў, што ЦВК можа толькі заклікаць да гэтага, але не загадваць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG