Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенская масажыстка вярнула знойдзены тэлефон і... трапіла ў турму


Для былой жонкі кіраўніка гарадзенскага БХД паход у басэйн скончыўся крымінальнай справай. Пра гэта інфармуе тэлеканал Белсат.

47-гадовая Іна Верамеенка 28 лютага 2016 году пайшла ў гарадзенскі аквапарк на вуліцы Горкага. У пустой шафцы для пераапрананьня яна знайшла тэлефон. Паколькі час, адведзены на плаваньне, Іна губляць не хацела, то вырашыла спачатку акунуцца, а пасьля ўжо разьбірацца са знаходкай.

Раней спадарыня Верамеенка працавала ў таксі, таму ня раз вяртала кліентам тэлефоны і іншыя забытыя рэчы. Вось што яна расказала тэлеканалу Белсат:

«Калі я выйшла з басэйну на вуліцу, то адразу набрала апошні нумар сярод „прапушчаных“, — распавядае Іна, — Падняла дзяўчына, якая і была ўладальніцай тэлефону. Аказалася, што яна сама яшчэ ў аквапарку, таму я прапанавала ёй выйсьці на прыступкі. Добра, думаю, ісьці нікуды ня трэба, каб вяртаць. Аддаю, а яна кажа, што трэба прайсьці ўсярэдзіну. А там нас ужо чакала сьледчая група...»

Спачатку ўсё было добра. Прэтэнзіяў, нібыта, ніхто ні да каго ня меў: тэлефон на месцы, а іншых рэчаў у шафцы не было. На выхадзе, аднак, сьледчы Юры Біч прапанаваў жанчынам паехаць у аддзяленьне, хоць і была ўжо дзявятая гадзіна вечара. Там Іна Верамеенка даведалася, што капітан Біч зьбіраецца заводзіць супраць яе крымінальную справу. Падазраваную ў крадзячжы зьмясьцілі ў ізалятар на тры дні.

На трэція суткі да Іны прыйшоў сьледчы ў кампаніі з новым адвакатам. Службовец прапанаваў жанчыне два магчымыя сцэнары: або яна прызнае віну і выходзіць на свабоду з тым, каб на судзе атрымаць штраф шэсьць мільёнаў рублёў, або, калі віна ня будзе прызнаная, жанчыну чакае два месяцы ў турме, а пасьля зноў жа штраф, толькі ўжо дзесяць мільёнаў...

Турэмнае зьняволеньне на два месяцы пагражала Іне яшчэ і стратай працы: жанчына працуе масажыстам, штомесяц падпісваючы дамову. Таму яна падпісала прызнаньне, каб выйсьці на волю.

Цяпер Іна Верамеенка падала апэляцыю ў абласны суд, таму зараз чакае рашэньня, якое мае прыйсьці на працягу месяца. Штраф ня сплачвала, чакаючы канчатковага рашэньня. У Сьледчы камітэт таксама была пададзеная скарга, але ў адказе гаворыцца пра тое, што ў дзеяньнях сьледчага Біча няма аніякіх парушэньняў.

У інтэрвію Белсату яна кажа:

«Каб мне калі сказалі, што можна знайсьці тэлефон, вярнуць і сесьці ў турму — я б не паверыла, што такое можа быць. Аказалася — можа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG