Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: Беларусь выступае за прамы, без пасярэднікаў, дыялёг з усімі партнэрамі, уключаючы НАТО


Удзельнікі саміту НАТО ў Варшаве

Удзельнікі саміту НАТО ў Варшаве

Беларусь заўсёды выступала і выступае за прамы, без пасярэднікаў, дыялёг з усімі партнэрамі, уключаючы НАТО, зыходзячы з сваіх нацыянальных інтарэсаў і на аснове ўзаемнай павагі.

Так у беларускім МЗС пракамэнтавалі заяву польскага міністра замежных спраў Вітольда Вашчыкоўскага пра тое, што Польшча хоча быць пасярэднікам у збліжэньні Беларусі з НАТО.

«Калі казаць пра ўзаемадзеяньні з Арганізацыяй Паўночнаатлянтычнай дамовы, то тут няма альтэрнатывы адкрытаму, шчыраму дыялёгу паміж усімі зацікаўленымі бакамі на нашым кантынэнце ў інтарэсах міру і стабільнасьці. Мы выступаем за канструктыўнае ўзаемадзеяньне паміж НАТО і Беларусьсю, НАТО і Расеяй, паміж усімі інтэграцыйнымі (як эканамічнымі, так і ваенна-палітычнымі) блёкамі, у мэтах сумеснага рэагаваньня на многія выклікі рэгіянальнай бясьпекі. Пры гэтым, падкрэсьліваю, Беларусь адназначна выступае супраць нагнятаньня ваеннай напружанасьці ў нашым рэгіёне, супраць таго, каб ствараліся новыя падзяляльныя лініі ў Эўропе», — сказала намесьніца начальніка ўпраўленьня інфармацыі — кіраўніца аддзелу прэс-службы МЗС Беларусі Марыя Ваньшына.

Паводле прадстаўніцы МЗС, Беларусь выступае за ўмацаваньне дружалюбных і добрасуседзкіх адносінаў з краінамі-суседзямі «па ўсім пэрымэтры нашых межаў».

«Мы адкрытыя для далейшага разьвіцьця супрацоўніцтва з Польшчай, якая, апроч усяго іншага, традыцыйна ўваходзіць у першую дзясятку гандлёвых партнэраў і інвэстараў Беларусі», — адзначыла Ваньшына.

XS
SM
MD
LG