Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня памятаю, калі першы раз яе ўбачыў, ці то на джаз-фэсьце, ці то ў нейкай багемнай кампаніі, ці то на запісе на тэлевізіі, дзе тады працаваў.

Але дакладна памятаю сваё надзвычайнае ўражаньне: яна сьпявала свой джаз зусім непадобна да іншых, пачынаючы ад голасу й сканчаючы манерай. Дый зьнешне яна была зусім ня джазавая дзіва.

Стаяла каля мікрафону такая тоненькая, сьветлая. І каса за сьпінай – доўгая, тоўстая, тугая каса. Дзе вы бачылі джазавую сьпявачку з касой.

Мы й не знаёміліся, так неяк само склалася. Да яе музыкі папросту магнітам цягнула. Тэксты найлепшых паэтаў, файная аранжыроўка, адметнае выкананьне. І харызма.

Яна выйгравала ўсе айчынныя джазавыя конкурсы, якія на той час праводзіліся, таму ў дадатак да свайго ўласнага імя – Катарына – у асяродку аматараў джазу заслужыла адпаведнае музычнае дапасаваньне – Катарына-джаз альбо джаз-Катарына. Гэты дадатак ёй пасаваў. Народ, даючы камусьці свае імёны, звычайна не памыляецца.

Былі вясёлыя часы, край жыў абсалютнай імправізацыяй, джаз гучаў з усіх бакоў. Зь дзяржаўных устаноў, канцэртных пляцовак, тэлевізійных экранаў, дваравых альтанак, падземных пераходаў, і Катарына была ягонай неад'емнай часткай. Ягонай Каралевай.

Карацей, як той казаў: быў дзень, быў джаз, была эпоха.

Але аднойчы раптам усё памянялася, заміж джазу на край насунулася змрочная готыка. У змрочных готаў былі свае музычныя густы.

Імправізацыя была абвешчаная злачынствам, джазавых канцэртаў усё менела. Пасьля зьявіліся чорныя сьпісы джазмэнаў, музыкі пачалі хто зьяжджаць з краіны, хто мяняць прафэсію, хто сыходзіць у глыбокі андэграўнд.

Памятаю, на адной з апошніх джазавых імпрэз у клюбе «Каза» нейкі гот-ахоўнік схапіў дзьвюх дзяўчатак, што падняліся патанчыць, і павалок з залі. Катарына так рыкнула ў мікрафон, што гот-ахоўнік зьніякавеў, выпусьціў дзяўчат і выскачыў з залі сам.

Канцэрт скончыўся шалёнай імправізацыяй, але джаз-Катарына зразумела час наперад і распусьціла свой бэнд.

Іншыя спрабавалі неяк існаваць, але плёну было мала. Канцэрты то дазваляліся, то не. Калі дазваляліся, то асобным пунктам у дамове стаяла адмова ад імправізацыі. Але што за джаз без імправізацыі?..

Катарыны гэта ня тычылася, яе канцэртаў не дазвалялі зусім. Зусім. Так цягнулася доўгі-доўгі час.

Пакуль у змрочных готаў ня здарыўся крызыс, іхную музыку адмаўлялася слухаць усё больш і больш народу, і тады яны нібыта абвесьцілі амністыю джазу і паклікалі джазмэнаў на перамовы. Джазмэны схапілі свае кантрабасы, флейты, саксафоны й напружана думалі, ісьці ці не. І вырашылі йсьці.

Шмат хто зь іх пасьля вельмі шкадаваў і шкадуе пра гэты крок, бо нічога добрага з гэтага ня выйшла, адно расчараваньне.

Лішне казаць, што джаз-Катарыне змрочныя готы нават не прапаноўвалі тыя перамовы, бо ведалі каралеўскі адказ наперад.

Ішлі гады, я стаў забывацца на джаз. Толькі рэдка калі зь якога аўто пачуўшы «Не, гэта ня сьмерць, вочы твае за шклом, у залатой смузе, я ў іх тану-тану…», тужліва згадваў час вясёлых імправізацый.

Але усё цячэ, усё мяняецца. Каля Сталічнай Ратушы спачатку цішком, але далей усё сьмялей пачалі абвяшчацца і праходзіць джазавыя вечары. Патроху вяртаецца атмасфэра.

Навучаны ня лепшым досьведам, я скептычна ставіўся да гэтых спробаў вярнуць вольную музыку ў нашу прастору, пакуль ня ўбачыў рэклямны плякат, дзе абвяшчалася пра яе канцэрт. Так. Катарына-джаз. Заўтра. У Верхнім Горадзе.

Ажно ня верыцца. Каля Сталічнай Ратушы можна будзе пачуць той самы вольны джаз, тыя самыя хіты: «Я хацела парушыць звычайны парадак…», «Мне на сэрцы золатам вышывалі краты…», «Мая краіна пад белым сьцягам…»

Можа й сапраўды нешта хруснула ў гэтым змрочным царстве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG