Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я пабывала нібы ў пекле» — актывісткі ўзяліся палепшыць умовы абслугоўваньня парадзіх


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У Магілёве незарэгістраваны гендэрны цэнтар «Ружа» распачаў грамадзкую кампанію «За паляпшэньне ўмоваў парадзіх у радзільнях».

Актывісткі цэнтру «Ружа» лічаць: правы парадзіх у мэдычных установах парушаюцца, і многія жанчыны нават не дапускаюць, што тыя правы ў іх ёсьць. Нярэдка, кажа лідэрка суполкі Алена Барысава, да парадзіх ставяцца ў лякарнях не па-людзку. Пацыенты радзільняў сутыкаюцца, цьвердзіць яна, з маральна-псыхалягічнай зьнявагаю.

«Дастаткова пачытаць на форумах у інтэрнэце водгукі жанчын пра час праведзены ў радзільнях, каб зразумець праз што ім давялося прайсьці. Нават у камэнтарах з падзякаю мэдыкам жанчыны заўважаюць, што ім пашанцавала патрапіць на добрую зьмену», — даводзіць актывістка.

Алена Барысава

Алена Барысава

«Я пабывала нібы ў пекле і хачу ўцячы адсюль хутчэй». Гэтак апісвае знаходжаньне ў мэдычнай установе адна з парадзіх, — працягвае Алена. — Сытуацыя вусьцішная. Парадзіхі трапляюць у радзільнях на своеасаблівы «канвэер» і ставяцца да іх не як да асобаў. Праблема тут, як мне падаецца, у прафэсійнай трансфармацыі мэдычнага пэрсаналу. Жыцьцё чалавека не ўспрымаецца ім як каштоўнасьць«.

«Я нараджала ў сьнежні 2015 году. Гэта было пекла, — напісала ў водгуках адна з парадзіх. — Стаўленьне пэрсаналу наагул забівала, грубыя людзі. Загадчыца аддзяленьня непрыязна ставілася да мажненькіх і непрыгожа выказвалася на іх адрас».

Чытаю апошнія водгукі і знаходжуся ў шоку. Можа, нешта зьмянілася з таго часу, як я пабывала ў гэтым ЖАХЛІВЫМ месцы (а была я ў лютым 2014), хаця мала веру ў перамены...

«Чытаю апошнія водгукі і знаходжуся ў шоку. Можа, нешта зьмянілася з таго часу, як я пабывала ў гэтым ЖАХЛІВЫМ месцы (а была я ў лютым 2014), хаця мала веру ў перамены...» — выказалася яшчэ адна пацыентка радзільні.

«Я нараджала ў студзені 2014 году і засталася незадаволенай, — піша яшчэ адна парадзіха. — Пэрсанал пачаў хаміць з самага майго прыходу... Пазьней, калі даведаліся, што я ад некага, стаўленьне рэзка зьмянілася, але не надоўга. Камплект для парадзіхі можаце не набываць, я набыла і нічога ад яго не пабачыла: ні бахіл, ні шапачкі, нічога іншага...»

Адна з магілёўскіх радзільняў

Адна з магілёўскіх радзільняў

Алена Барысава спадзяецца, што жанчыны, якія сутыкнуліся ў радзільнях з парушэньнем сваіх правоў, наважацца пра гэта паведаміць у грамадзкую прыёмную, якую зьбіраюцца адкрыць пры цэнтры.

«Мы будзем зьбіраць такія гісторыі, пастараемся праводзіць анкетаваньні цяжарных і тых, хто ўжо выпісаўся з радзільняў, каб распрацоўваць рэкамэндацыі для мэдычных установаў дзеля паляпшэньня абслугоўваньня парадзіх у радзільнях Магілёва, — адзначае Алена. — У гэтых рэкамэндацыях мы будзем абапірацца на досьвед падобнай працы ў Польшчы і Чэхіі. У гэтых краінах таксама была такая ж сытуацыя ў радзільнях, як цяпер у нас».

Не адзін год на падворку гаспадараць будаўнікі. Пакуль жанчыны нараджаюць, будаўнікі рамантуюць будынак

Не адзін год на падворку гаспадараць будаўнікі. Пакуль жанчыны нараджаюць, будаўнікі рамантуюць будынак

Вакол радзільні парадзіхі бачаць такі краявід

Вакол радзільні парадзіхі бачаць такі краявід

Каардынатарка кампаніі, лекар з трыццацігадовым стажам і шматдзетная маці Натальля Шкадун дадае: закон «Аб ахове здароўя» дазваляе грамадзкім арганізацыям зьвяртацца ў дзяржаўныя органы з прапановамі дзеля паляпшэньня ўмоваў аказаньня мэдычнай дапамогі парадзіхам. Трапіўшы ў радзільню са схваткамі, болем ды страхам многія зь іх, кажа яна, ня маюць сіл для патрабаваньняў і адстойваньня сваіх правоў. Жанчыны проста выконваюць тое, што ад іх патрабуюць.

Натальля Шкадун

Натальля Шкадун

«Напрыклад, жанчын, якія паступаюць у адно з радзільных аддзяленьняў гораду, прымушаюць пераапранацца на ўваходзе ў яго, — адзначае суразмоўніца. — Гэта невялікае памяшканьне, поўнае чужых цяжарнай людзей. Калі ж цяжарная, альбо тыя хто яе суправаджаў да бальніцы, пачынаюць наракаць на ўмовы абслугоўваньня, то малодшы мэдычны пэрсанал рэагуе з выклікам, парушаючы этычныя нормы. Калі малодшы пэрсанал пачынае рэгуляваць правілы паводзінаў у радзільні, то гэта не нармальна».

«З такой сытуацыяй сутыкнулася мая дачка, калі я прывезла яе ў радзільню», — даводзіць Натальля Шкадун.

Такое стаўленьне да пацыентаў — зьнявага іх чалавечай годнасьці.

«Калі ж я запатрабавала кнігу скаргаў і прапановаў ды папрасіла выклікаць загадчыка аддзяленьня, то гэта паўплывала на пэрсанал. Дачку адвялі ў асобны пакой. Мне патлумачылі, што пацыенты натоптваюць. Такое стаўленьне да пацыентаў — зьнявага іх чалавечай годнасьці».

«Пра якое якаснае абслугоўваньне можа ісьці гаворка, калі на аддзяленьне адна прыбіральня і адна душавая. Зразумела, каб у іх трапіць, трэба пастаяць у чарзе, — працягвае актывістка. — У перадродавых палатах цяжарную аглядаюць на вачах іншых парадзіх, якія знаходзяцца ў гэтым жа пакоі. У такіх умовах жанчына, якую аглядаюць, адчувае дыскамфорт. Мэдычныя працэдуры іншым разам робяць мэдыкі-практыканты. У парадзіхі не запытваюць, ці згодная яна на тое, каб зь ёю працавалі некваліфікаваныя спэцыялісты. Бываюць выпадкі, калі практыкантам лекар паказвае на цяжарнай, як трэба рабіць працэдуры. Прыемнага ў такім падыходзе мала».

Натальля Шкадун адзначае, што парадзіхі сутыкаюцца і з праблемамі мэдычнага характару падчас знаходжаньня ў лякарні. У гэтым выпадку шанцуе тым цяжарным, адзначае яна, у якіх родзічы мэдыкі.

Актывісткі спадзяюцца, што адкажуць на пытаньне, як палепшыць умовы для парадзіх

Актывісткі спадзяюцца, што адкажуць на пытаньне, як палепшыць умовы для парадзіх

Многія пацыенты радзільняў, заяўляе суразмоўніца, ня ведаюць пра законы, у якіх прапісаныя іх правы, напрыклад, згаданы ўжо закон «Аб ахове здароўя».

«Згодна з гэтым законам пацыент мае права на аказаньне мэдычнай дапамогі ў той мэдычнай установе, у якой хоча абслугоўвацца. Мае права зьвяртацца па мэдычную дапамогу да таго лекара, якому давярае. Аднак сытуацыя складаная і ў самой сыстэме аховы здароўя. Лекар, да якога пацыенты хочуць трапіць, ня мае даплат. Гэта ўжо пытаньні арганізацыі самой сыстэмы аховы здароўя».

На думку Натальлі Шкадун, беларускай мэдыцыне варта пераймаць замежны досьвед функцыянаваньня радзільняў і паволі пераходзіць да страхавой мэдыцыны.

Пакуль у нас ня будзе перагледжаная сыстэма разьмеркаваньня падаткаў і рацыянальнага выкарыстаньня сродкаў, якія ідуць на ахову здароўя, гаварыць пра рэальныя перамены складана.

«За страхавой мэдыцынай будучыня, — заяўляе Натальля. — Гэта мэдыцына платная, але куды ідуць у нас выплаты ў страхавы фонд, можна толькі здагадвацца. Гэтыя ж выплаты немалыя. 34 працэнты працадаўца плаціць за кожнага працаўніка. Пакуль у нас ня будзе перагледжаная сыстэма разьмеркаваньня падаткаў і рацыянальнага выкарыстаньня сродкаў, якія ідуць на ахову здароўя, гаварыць пра рэальныя перамены складана».

Гендэрны цэнтар «Ружа», са словаў яго кіраўніцы Алены Барысавай, займаецца выяўленьнем дыскрымінацыі паводле полавай прыналежнасьці, праблемаў працоўных узаемадачыненьняў, а таксама кансультуе жанчын, якія патрапілі ў складаную жыцьцёвую сытуацыю. Арганізацыя атрымала адмову ў рэгістрацыі.

Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму палічыла, што мэта выкараненьня дыскрымінацыі па прыкмеце полу ўказвае на наяўнасьць такой дыскрымінацыі ў Беларусі, але гэтая мэта не адносіцца да кампэтэнцыі грамадзкага абʼяднаньня, бо Канстытуцыя Беларусі гарантуе грамадзянам роўныя правы незалежна ад полу.

XS
SM
MD
LG