Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Далас: пяцёра паліцыянтаў загінулі, сямёра параненыя, адзін падазраваны забіты


Акцыя пратэсту ў Даласе, ЗША 7 ліпеня 2016 году

Акцыя пратэсту ў Даласе, ЗША 7 ліпеня 2016 году

Па апошніх зьвестках, ужо пяцёра паліцыянтаў загінулі ў Даласе (штат Тэхас). Яшчэ шасьцёра праваахоўнікаў і адзін грамадзянін параненыя падчас беспарадкаў, якія ўспыхнулі 7 ліпеня. Паліцыянты сталі ахвярамі двух снайпэраў.

Адзін з падазраваных забіты паліцыяй пасьля перастрэлкі, піша Dallas News. Ён укрываўся ў гаражы і заяўляў, што заклаў у горадзе бомбы.

Як паведамляе The Guardian, паліцыя затрымала трох падазраваных ў сувязі са стралянінай, адзін выпушчаны на волю.

«Мы да гэтага часу не ведаем усіх фактаў, — казаў прэзыдэнт ЗША Барак Абама пра страляніну. — Тое, што мы ведаем, што гэта жорсткі, пралічаны і подлы напад на супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Паліцыя ў Даласе была пры выкананьні службовых абавязкаў, выконвала сваю працу, захоўваючы бясьпеку людзей падчас мірных акцыяў пратэсту».

Паліцыя мяркуе, што ў арганізацыі страляніны на дэманстрацыі бралі ўдзел чацьвёра, але ня кажа пра магчымыя матывы.

Дэманстранты выйшлі на вуліцы, каб выказаць абурэньне сьмерцю на працягу двух дзён двух чарнаскурых мужчын, застрэленых паліцыяй.

Акцыі пратэсту прайшлі таксама ў Чыкага, Нью-Ёрку, Лос-Анджэлэсе, Сэнт-Поле і іншых амэрыканскіх гарадах, але там яны прайшлі без ахвяр.

Удзельнікі акцыяў пратэсту адрэагавалі, у прыватнасьці, на пагібель паблізу горада Сэнт-Пол у штаце Мінэсота 32-гадовага Філанда Кестайла. 6 ліпеня яго сяброўка, Дайманд Рэйналдз апублікавала відэа, як ён памірае ў лужыне крыві. Перад тым Кестайл быў спынены паліцыяй за псаваньне чужога аўтамабіля. Ён быў застрэлены пасьля таго, як праінфармаваў афіцэра паліцыі, што мае пісталет і дазвол на яго нашэньне, а потым, па словах Рэйналдз, пацягнуўся за кашальком.

7 ліпеня іншы чарнаскуры мужчына, Алтон Стэрлінг, быў забіты падчас сваркі з двума афіцэрамі паліцыі ў Батон-Руж, штат Луізіяна. Відэа гэтага інцыдэнту, дзе бацька пецярых дзяцей быў застрэлены, калі быў прыціснуты паліцэйскімі да зямлі, таксама выклікала абурэньне ў сацыяльных сетках.

XS
SM
MD
LG