Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама накіраваўся ў пяцідзённае эўрапейскае турнэ, у Варшаве ён возьме ўдзел у саміце НАТО. Затым ён нанясе першы візыт за гады свайго прэзыдэнцтва ў Гішпанію.

У сераду дарадца прэзыдэнта ЗША Бэн Родс паведаміў, што саміт НАТО пройдзе ў надзвычай важны час, на які накладаюць адбітак рашэньне аб выхадзе Вялікай Брытаніі з ЭЗ, напружанасьць у адносінах з Расеяй і агульная для ўсіх праблема ўцекачоў.

Праграма знаходжаньня прэзыдэнта Абамы ў Варшаве ўключае сустрэчу са старшынём Эўрапейскай Радый Дональдам Тускам і кіраўніком Эўракамісіі Жанам-Клёдам Юнкерам ў пятніцу раніцай, на якой, у прыватнасьці, будуць абмяркоўвацца Brexit і адносіны з Расеяй. Заплянаваныя пасьля гэтага перамовы з генэральным сакратаром НАТО Ёнсам Столтэнбэргам стануць, па словах Родса, «традыцыйнай зьверкай гадзіньнікаў» перад пачаткам саміту. Затым прэзыдэнт ЗША сустрэнецца з кіраўніком краіны, якая прымае саміт НАТО, прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам.

Як паведаміў Бэн Родс, першая сэсія Рады НАТО будзе прысьвечана агульным пытаньням, у ліку якіх — уступленьне ў альянс Чарнагорыі, выдаткі на абарону, кібэрбясьпека. На другім пасяджэньні лідэраў НАТО, якое адбудзецца ў пятніцу ўвечары, галоўная ўвага будзе нададзена Расеі.

З моманту заснаваньня НАТО прайшло 27 сустрэчаў на вышэйшым узроўні. Першая зь іх адбылася ў сьнежні 1957 году. Апошняя — у Валіі ў верасьні 2014 году. Гэты саміт зьяўляецца першым, які праходзіць у Польшчы. Пяцьдзесят восем афіцыйных дэлегацый прымуць удзел у саміце. Гэта прадстаўнікі ўсіх 28 саюзьнікаў па НАО, а таксама Чарнагорыі, чыё ўступленьне ў альянс цяпер у працэсе ратыфікацыі, 26 краін-партнэраў, а таксама прадстаўнікоў ААН, ЭЗ, Сусьветнага банку і Парлямэнцкай асамблеі НАТО. Каля 2500 афіцыйных дэлегатаў і 2000 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі таксама прымуць удзел у саміце.

XS
SM
MD
LG