Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь не галасавала па «крымскай» рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ?

Глод: На штогадовай летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая завяршылася 5 ліпеня ў Тбілісі, прынялі спэцыяльную рэзалюцыю «Парушэньні правоў чалавека і асноўных свабодаў у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопаль». Гэты дакумэнт зьяўляецца адной з дадатковых рэзалюцый да асноўнага дакумэнта, які атрымаў назоў «Тбіліская дэклярацыя».

У рэзалюцыі асуджаецца акупацыя Расеяй у 2014 годзе ўкраінскай Аўтаномнай Рэспублікі Крым, крытыкуюцца парушэньні правоў чалавека на акупаванай тэрыторыі. Таксама падкрэсьліваецца неабходнасьць міжнароднай прысутнасьці ў Крыме дзеля маніторынгу правоў чалавека, называюцца праблемы доступу прадстаўнікоў АБСЭ ў Крым і кантраляваныя сэпаратыстамі рэгіёны Ўкраіны, гаворыцца пра перашкоды доступу Чырвонага крыжа да незаконна затрыманых украінскіх грамадзянаў.

ПА АБСЭ выступіла за далейшае захаваньне палітычных і эканамічных санкцыяў супраць Расеі. Разам з тым Расею і іншыя бакі канфлікту заклікаюць выконваць Менскія пагадненьні.

Беларусь ня ўдзельнічала ў галасаваньні па «крымскай» рэзалюцыі, паведаміла Свабодзе сябра дэлегацыі Нацыянальнага сходу ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня Валянціна Лявоненка. Яна распавяла, што беларусы папярэдзілі, што ня будуць галасаваць па спрэчных пытаньнях, якія тычацца Расеі і Ўкраіны, сваіх калегаў па ПА АБСЭ з абедзьвюх гэтых краін.

Такое рашэньне патлумачылі тым, што беларускія парлямэнтары ня хочуць нават такім чынам разбураць менскую перамоўную пляцоўку. Беларуская дэлегацыя лічыць, што ў гэтай сытуацыі яна павінна захоўваць нэўтралітэт.

Расея ж была супраць дэклярацыі. Так, сябра Савету Фэдэрацыі Людміла Казлова заявіла, што «на Расею ліюць бруд», «уварваньня Расеі ў Крым не было», «ва Ўкраіне адбыўся дзяржаўны пераварот», а лідэры Крымскіх татараў, за рэпрэсіі супраць якіх у тым ліку крытыкуюць Расею, «практычна пакінулі жыхароў Крыму без ацяпленьня, сьвятла, вады і прадуктаў».

На знак пратэсту расейская дэлегацыя двойчы пакідала пасяджэньне — калі абмяркоўвалі рэзалюцыі па Крыме і па Грузіі. У абодвух выпадках Маскву падтрымала толькі Армэнія.

Калі паглядзець на вынікі галасаваньня, то супраць «крымскай» рэзалюцыі галасавала толькі дэлегацыя Армэніі. Беларусы, як я ўжо адзначаў, наагул ня ўдзельнічалі ў галасаваньні. Казахстан, напрыклад, — устрымаўся, а Азэрбайджан падтрымаў рэзалюцыю.

А цяпер вернемся да яшчэ аднаго знакавага галасаваньня — 27 сакавіка 2014 году прынялі рэзалюцыю ААН «Аб тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны». Тады з краін, што ўваходзяць у АБСЭ, супраць рэзалюцыі, якая асуджала расейскі захоп Крыму, галасавалі дзьве — тая самая Армэнія і Беларусь.

З таго часу прайшло больш за два гады. І таму маё пытаньне да вас, калегі, наступнае: што за гэты час паўплывала на зьмены ў стаўленьні афіцыйнага Менску да ўкраінскай праблемы?

Дракахруст: Я б сказаў, што асаблівых зьменаў не адбылося. таму што і тады падчас галасаваньня на генэральнай асамблеі ААН Беларусь не падтрымала рэзалюцыю, якая асуджала Расею, і цяпер яна яе не падтрымала. Але ёсьць адрозьненьні ў нейкіх адценьнях, акцэнтах.

Па-першае, у аргумэнтацыі. Напачатку Беларусь адстойвала такі пункт гледжаньня, што падобнага роду рашэньні не паспрыяюць вырашэньню праблемы, маўляў, мы не расстаўляем кропкі над «і», ня кажам, хто мае рацыю ў канфлікце, а хто — не, мы проста лічым, што такія рэзалюцыі прымаць ня трэба.

А пасьля пачатку Менскага працэсу ў верасьні 2014 году, асабліва пасьля падпісаньня ў лютым 2015 году Менскіх пагадненьняў, дадаўся яшчэ адзін аргумэнт. Паводле яго паколькі Беларусь — перамоўная пляцоўка, пастаўнік добрых паслугаў у перамовах, то як жа мы можам асуджаць той або іншы бок?

Зьмянілася аргумэнтацыя — не зьмянілася сутнасьць. Хаця можна ўбачыць адценьні ў паводзінах. Усё ж падчас таго самага галасаваньня на генасамблеі ў 2014 годзе Беларусь галасавала супраць адпаведнай рэзалюцыі. А цяпер пазыцыя «на паўмілімэтра» далейшая ад пазыцыі Расеі. Беларусь проста не галасавала. Гэта ня за, але ўсё ж і ня супраць. Беларусь апынулася як бы паміж Армэніяй і Казахстанам.

Можна аналізаваць вось гэтыя тонкія дэталі, але калі адысьці ад гэтых тонкасьцяў, то варта прыгадаць ваш, Валер, выступ на нядаўняй канфэрэнцыі, якую праводзіў Цэнтар імя Астрагорскага. Вы абсалютна правільна сказалі, што калі Беларусь паспрабуе заняць пазыцыю нэўтралітэту дэ-юрэ — выйсьці з АДКБ, абвясьціць пра свой нэўтралітэт, то наступствы могуць быць самыя сур’ёзныя, ажно да паўтарэньня ў Беларусі крымскага сцэнару. Тое самае — у выпадку прамога дыпляматычнага выступу супраць Расеі, скажам, галасаваньня за «крымскую» рэзалюцыю на ПА АБСЭ.

Пры гэтым нэўтралітэт дэ-факта Расею раздражняе, але неабавязкова выклікае рэзкія дзеяньні ў адказ. Беларусь — пляцоўка для перамоваў, што ў прынцыпе задавальняе і Расею. Беларусь ухіляецца ад прызнаньня прыналежнасьці Крыму да РФ, як патлумачыў кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей, Крым не незалежная дзяржава, каб яго прызнаваць, а Расею Беларусь і раней прызнавала.

Беларусь забясьпечвае значную частку патрэбаў Украіны ў паліве, зьяўляюцца зьвесткі аб супрацоўніцтве Менску і Кіеву і ў вайскова-тэхнічнай галіне.

Але такі нэўтралітэт дэ-факта не перасякае «чырвоную рысу», праведзеную Расеяй.

Глод: Цікава, як адрэагавалі на вынікі гэтага галасаваньня расейскія СМІ. У іх зьявіліся артыкулы, у якіх сьцьвярджаецца, што цяпер у Расеі ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, а гэта болей за 50 краінаў, застаўся толькі адзіны надзейны саюзьнік — Армэнія. Пра Беларусь яны ўжо, бачыце, ня кажуць.

Карбалевіч: Пазыцыя Беларусі даволі пасьлядоўная. Вось спадар Глод нагадаў галасаваньне ў ААН у 2014 годзе. Магу таксама нагадаць пазыцыю Беларусі на Рыскім саміце «Ўсходняга партнэрства» летась, дзе Менск не падтрымаў рэзалюцыю, якая асуджала палітыку Расеі адносна Ўкраіны.

Тут важна зьвярнуць увагу на такі момант. Дэлегацыя Расеі галасавала супраць, пакідала паседжаньне. Беларускія прадстаўнікі не капіявалі пазыцыю Расеі, не цалкам салідарызаваліся з РФ. Яны проста ня ўдзельнічалі ў галасаваньні.

Менск ухіляецца ад дакладнага адказу на пытаньне, чый Крым. Ён лавіруе. І гэта лягічна ў рамках той дыпляматычнай парадыгмы, якую спрабуе цяпер рэалізаваць існы рэжым.

Прычым, беларускі бок, тлумачачы Расеі сваю нэўтральную пазыцыю, прыдумаў цудоўную адмазку: мы ня хочам «разбураць менскую перамоўную пляцоўку». Пакуль такая лінія працуе і дае афіцыйнаму Менску палітычныя дывідэнды. З аднаго боку, удалося не пасварыцца з Расеяй з-за гэтага пытаньня, а зь іншага боку, пачаўся працэс нармалізацыі стасункаў з Захадам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG