Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«АіФ» агучыў краязнаўчыя казкі на беларускай мове


Штотыднёвік «Аргумэнты і факты ў Беларусі» запусьціў аўдыёпраект на беларускай мове. Вядомыя артысты агучылі краязнаўчыя казкі, якія ў рэдакцыю дасылалі чытачы газэты.

Некалькі гадоў таму «АіФ» прапанаваў чытачам дасылаць цікавыя гісторыі пра ўзьнікненьне родных гарадоў і вёсак. Чытацкія гісторыі друкаваліся ў рубрыцы «Краязнаўчая казка».

Сёлета рэдакцыя агучыць дзесяць казак. Для запісу запрасілі вядомых артыстаў, у тым ліку Івана Кірчука, Сяржука Доўгушава, Паліну Рэспубліку, Русю, Андруся Такінданга, Ганну Хітрык і Рамана Падаляку. Падтрымалі праект мабільны апэратар velcom і радыёстанцыя «Мір».

Ігар Сакалоў

Ігар Сакалоў

Па словах Ігара Сакалова, галоўнага рэдактара «АіФ», праект на беларускай мове рэдакцыя вырашыла зрабіць у год культуры.

«Цяпер „Аргумэнты і факты“ можна ня толькі чытаць, але і слухаць», — сказаў Сакалоў.

Ад 5 ліпеня 2016 году штотыдзень па аўторках на сайце будзе даступная новая казка зь дзесяці агучаных. Аўдыёвэрсію можна праслухаць або сьцягнуць з інтэрнэту. Першая казка будзе прысьвечана ўзьнікненьню старажытнага гораду Браслава.

Гэта ня першы беларускамоўны праект «АіФ». Раней па-беларуску тут выходзілі рубрыкі «Народны каляндар» і «АіФарызмы». А з 2013 году газэта стала пастаянна зьмяшчаць паўнавартасныя матэрыялы на беларускай мове. Сярод усіх рэгіянальных выданьняў холдынгу толькі беларускі выходзіць на дзьвюх мовах.

XS
SM
MD
LG