Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША Абама правёў тэлефонную размову з Пуціным


Уладзімер Пуцін (зьлева) і Барак Абама

Уладзімер Пуцін (зьлева) і Барак Абама

У дачыненьні да Ўкраіны прэзыдэнт Абама заклікаў Пуціна прыняць меры, каб пакласьці канец успышцы гвалту на ўсходзе краіны, паведамляе Белы дом.

Паводле ініцыятывы расейскага боку ў сераду адбылася тэлефонная размова Ўладзімера Пуціна з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам. Пра гэта паведамляе прэс-служба Крамля, адзначаючы, што з абодвух бакоў пацьверджаная гатоўнасьць да нарошчваньня каардынацыі па ваеннай лініі расейскіх і амэрыканскіх дзеяньняў у Сырыі.

Пуцін інфармаваў прэзыдэнта ЗША як кіраўніка краіны — сустаршыні Менскай групы АБСЭ па Нагорна-карабахскім урэгуляваньні аб выніках праведзенай 20 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу трохбаковай сустрэчы зь лідэрамі Азэрбайджану Ільхамам Аліевым і Армэніі Сержам Саргсянам.

Як паведаміла прэс-служба Белага дома, прэзыдэнт Абама выказаў гатоўнасьць актывізаваць намаганьні разам з Расеяй і з Францыяй як сустаршынямі Менскай групы Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЕ) у мэтах дасягненьня ўсёабдымнага ўрэгуляваньня канфлікту ў Нагорным Карабаху.

Прэзыдэнт Абама падкрэсьліў важнасьць таго, каб Расея працягвала аказваць ціск на рэжым прэзыдэнта Сырыі Башара Асада, каб ён спыніў наступальныя апэрацыі супраць грамадзянскіх асобаў і бакоў спыненьня агню, адзначыўшы важнасьць поўнага захаваньня першапачатковых умоваў перамір’я. Прэзыдэнты пацьвердзілі сваю прыхільнасьць справе перамогі над экстрэмісцкай групоўкай «Ісламская дзяржава» і фронтам «Джабхат ан-Нусра», філіялам «Аль-Каіды» ў Сырыі.

Прэзыдэнт Абама таксама падкрэсьліў неабходнасьць прагрэсу ў сапраўдным палітычным пераходзе да спыненьня канфлікту ў Сырыі, а таксама забесьпячэньні ўстойлівага доступу для гуманітарнай дапамогі і выказаў сваю падтрымку намаганьням спэцыяльнага прадстаўніка ААН па Сырыі Стафана дэ Містуры.

У дачыненьні да Ўкраіны прэзыдэнт Абама заклікаў прэзыдэнта Пуціна прыняць меры, каб пакласьці канец успышцы сутыкненьняў на ўсходзе краіны і падкрэсьліў надзённую важнасьць поўнага выкананьня Менскіх пагадненьняў.

XS
SM
MD
LG