Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка: Кожны сам стварае беларускамоўную прастору вакол сябе


Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

Вядомаму палітыку, мовазнаўцу і выкладчыку Вінцуку Вячорку 7 ліпеня споўнілася 55 год. Вінцук Вячорка прызнаўся, што не сьвяткуе Дзён Народзінаў, а пагатоў 55 год гэта не юбілей, але пагадзіўся адказаць на пытаньні карэспандэнта Радыё Свабода.

Вы палітык, мовазнаўцам, працягваеце выкладаць і папулярызуеце беларускую мову. А самі вы як лічыце: якая з іпастасяў у вас дамінуе: палітык, вучоны, выкладчык?

— Іпастасі гэтыя я не шукаў, яны самі сабой да мяне прыйшлі. Значыць, гэтак лёс распарадзіўся, што давялося пабываць у розных іпастасях. Пэўна, так бывае ў пераломныя эпохі. А каго ўва мне больш, хай мяркуюць людзі.

Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам

Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам

Рубрыка на Радыё Свабода прысьвечаная беларускай мове і культуры. Думайце па-беларуску! Слухаць на Soundcloud

У канцы 90-ых — пачатку 2000-ых гадоў вы былі старшынёй БНФ. Тады БНФ быў перадавым атрадам апазыцыі. На вашу думку, якую ролю цяпер адыгрывае БНФ, ці адпавядае партыя вашым надзеям? Можа бой за БНФ яшчэ не прайграны?

— Не, Беларускага народнага фронту цяпер няма. У тых ідэйных мэтах, якія ставіў перад сабой БНФ, яго ўжо няма. Ніякая ролі цяперашнія структуры пад гэтай назвай ужо не адыгрываюць. Ва ўсякім разе тое, што яны робяць, настолькі нязначна для грамадзтва, што нават і ацэнку не выпадае даваць. Наагул інстытуцыянальныя структуры, якія ствараліся на хвалі нацыянальнага адраджэньня ў 80-ыя, пачатку 90-ых гадоў, перажываюць вялікі сыстэмны крызіс. Беларускае грамадзтва і цяпер у атамізаваным стане, у чымсьці падобным да стану перад развалам Савецкага саюзу, і павінна адбыцца пэўная новая крышталізацыя, новыя інстытуцыі павінны зьявіцца. Статусныя палітычныя структуры цяпер у цэлым практычна не адыгрываюць ніякай палітычнай ролі.

Пагатоў, калі гаварыць пра тую структуру, якая мела быць носьбітам беларускай нацыянальнай ідэі, дык яе не відаць. Беларускае грамадзтва не заўважае палітыкі ў цэлым і гэтай структуры ў прыватнасьці.

А што можа прымусіць Вас вярнуцца ў палітыку?

Вырасла новае пакаленьне, якое цалкам гадавалася пры цяперашняй уладзе і ня бачыла іншых ідэалягічных прыярытэтаў і фізіяноміяў на тэлевізійным экране.​

Не карыстаўся б азначэньнем палітыка ў нейкім вузкім сэнсе. Калі карыстацца звужаным значэньнем гэтага слова, дык гэта палітычныя партыі, выбары, кампаніі. Але ў сярэдзіне 80-ых гадоў ніхто з тых, хто хацеў зьмяніць сытуацыю, нават увагі не зьвярталі на тое, калі адбываюцца выбары ў фармальны Вярхоўны савет БССР. Усе выдатна разумелі, што гэта ні пра што і гэта нікуды. Гісторыя апісала пэўную сьпіраль. Для мяне ж палітыка — гэта наяўнасьць пазыцыі, наяўнасьць каштоўнасьцяў і адчуваньне таго, ці шмат нас, носьбітаў такіх каштоўнасьцяў, і ці мы здольныя кудысьці рушыць.

СПАМПАВАЦЬ КНІГУ "ПА-БЕЛАРУСКУ ЗЬ ВІНЦУКОМ ВЯЧОРКАМ"

ЧЫТАЦЬ І ГЛЯДЗЕЦЬ ПЕРАДАЧЫ З СЭРЫІ "ПА-БЕЛАРУСКУ ЗЬ ВІНЦУКОМ ВЯЧОРКАМ"

СЛУХАЦЬ ПЕРАДАЧЫ ВІНЦУКА ВЯЧОРКІ НА SOUNDCLOUD

Вы цяпер найбольш прыкметны ў справе папулярызацыі беларускай мовы. Як ацэньваеце гэты працэс? Каго можаце скрытыкаваць ці, наадварот, пахваліць?

— Вырасла новае пакаленьне, якое цалкам гадавалася пры цяперашняй уладзе і ня бачыла іншых ідэалягічных прыярытэтаў і фізіяноміяў на тэлевізійным экране. Дзякуй Богу, гэтае пакаленьне і тэлевізару ўжо амаль не глядзіць. І заканамерна, што яно вяртаецца да нацыянальных каштоўнасьцяў, як нечага жывога, пэрспэктыўнага, таго, што надае сэнс жыцьцю. Для мяне гэта вельмі важна, бо гэта пацьвярджае правільнасьць ідэйна-каштоўнаснага выбару, які я зрабіў даўным-даўно, яшчэ падлеткам. Мяркую, вельмі важна дапамагчы тым, хто да гэтых каштоўнасьцяў вяртаецца, зрабіць гэта хутка і якасна. І ў гэтым сэнсе адна з маіх місіяў — гэта дапамога вярнуцца да беларускай мовы маладому пакаленьню. Мяркую, сёе-тое ўдаецца. Гэтым я займаюся ўсё жыцьцё і бачу, што цяпер становішча проста непараўнальнае з тым, што было. Калі гаварыць пра прастору ўжываньня беларускай мовы ў горадзе, а Беларусь вельмі ўрбанізаваная нацыя. Не параўнаць, скажам, з 70-мі ці 80-мі гадамі. Але гэта ня дзякуючы ўладам, а насуперак ім. Вельмі скептычна стаўлюся да спробаў як бы нацягнуць на гэтую уладу чужую коўдру і не вышукваю нейкіх прыкметаў іхняй беларусізацыі. Савецкія камуністы былі ня менш, а нават больш беларусізаваныя, чым цяперашні лукашызм. І ня менш, а больш там было вышыванак на абшчапітаўскіх цётках, але ж з таго нічога не выцякала. Галоўнае — гэта стан грамадзтва.

Крокі ўлады Вы скрытыкавалі. А што наконт намаганьняў ТБМ?

— Мяркую, тое, адкуль ідзе бальшыня жывых ініцыятываў, пацьвярджае мае словы, што інстытуцыянальныя структуры знаходзяцца ў глыбокім крызысе.

Нядаўна ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла ваша кніга «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам». А якой Вы бачыце будучыню беларускай мовы праз, скажам, 50 год? Яна выжыве, зьнікне ці ў Вас ёсьць трэці варыянт падзей?

Беларуская мова выжывала ў значна цяжэйшых варунках, чым тыя, якія ёсьць цяпер.

— Беларуская мова выжывала ў значна цяжэйшых варунках, чым тыя, якія ёсьць цяпер. Зразумела, што яна выжыве, іншая рэч, наколькі працяглым будзе гэты працэс. Наколькі ўдасца спачатку адваяваць пэўныя архіпэлягі нацыянальнага бытаваньня беларускай мовы, якія потым злучацца паміж сабой у паўнавартасны кантынэнт. Гэта ўжо залежыць ад эфэктыўнасьці правільных стратэгічных рашэньняў неабыякавых людзей. Вельмі важная тут роля кожнага асобна ўзятага чалавека. Ні ў якім разе нельга спадзявацца, што нейкая структура, фармальна за гэта адказная, а пагатоў дзяржава, раптам возьме і прынясе гэтую беларускамоўную прастору. Кожны сам стварае яе вакол сябе.

Як Вы стварылі сваю беларускамоўную прастору? З чаго пачалося?

Мне абрыдла быць безаблічным савецкім чалавекам і часткай безаблічнага барабаннага піянэрска-камсамольскага зборышча.

— У мяне гэта пачалося ў падлеткавым узросьце, пад уплывам унутранага высьпяваньня і разуменьня таго, што мова ёсьць каштоўнасьць, безь якой я ня тоесны сам сабе. А штуршком стала паездка з бацькамі ў Літву. Мы жылі ў Берасьці і бацькі паехалі ў санаторый на адпачынак. Напэўна, параўнаў тое, што было ў Беларусі з тым, што ўдалося пабачыць у Літве. Жывое бытаваньне літоўскай мовы мяне вельмі ўразіла: на вуліцы, у краме, у тэлевізары. Гэта было вялікім кантрастам з той русіфікаванай атмасфэрай, якая панавала ў БССР. Што ў Берасьці, што ў Менску. Яшчэ атрымаў штуршок ад таго, што бачыў у суседняй Польшчы. Польшча была, здаецца, блізка, а насамрэч гэтак далёка, бо была за Бугам, за калючым дротам. Мне абрыдла быць безаблічным савецкім чалавекам і часткай безаблічнага барабаннага піянэрска-камсамольскага зборышча.

А ці сумуеце па тых часах, калі да Вас, як вядомага палітыка, журналісты зьвярталіся па камэнтар да розных палітычных падзей?

— Я вельмі шчасьлівы, што журналісты да мяне цяпер не зьвяртаюцца па палітычны камэнтар, з чаго абсалютна не вынікае, што мне няма чаго камэнтаваць. Маю дастаткова сур'ёзны досьвед, каб бачыць прычыны падзеяў і іх пэрспэктывы, але ж не канечне пра гэта кукарэкаць кожны дзень. Што да нейкага сэнтымэнту да тых ці іншых часоў, дык кожны час мае сваю вартасьць. І суму такога ў мяне няма.

А маглі б Вы некалькімі словамі вызначыць цяперашні палітычны момант?

Дзякуючы гэтай насьцярожанай паўзе можна перажыць шок і паўтарыць некаторыя рэчы, якія беларускае грамадзтва рабіла ў канцы 80-ых.

— Насьцярожаная паўза. Гэта датычыць грамадзтва і ўлады, прычым ва ўлады гэтая насьцярожаная паўза — чым далей цягнецца, тым менш пэрспэктывы. А вось грамадзтва якраз пэрспэктыву мае. Дзякуючы гэтай насьцярожанай паўзе можна перажыць шок і паўтарыць некаторыя рэчы, якія беларускае грамадзтва рабіла ў канцы 80-ых.

А чаго на Вашу думку баіцца беларуская ўлада?

— Яна завісла. Яна ў поўным ідэалягічным, эканамічным, функцыянальным тупіку. Усьведамляйма, што за 20 гадоў міжваеннай пары Эстонія, Латвія і Літва збудавалі паўнацэнныя нацыянальныя дзяржавы, якія, нават будучы часова зьнішчанымі таталітарнымі рэжымамі, усё роўна адрадзіліся, як Фэнікс з попелу, як толькі ўзьнікла магчымасьць. А гэтая ўлада дагэтуль нас корміць развагамі, што мы маладая дзяржава. І гэта сьведчыць пра тупіковасьць і апрыёры закладзены крызіс тоеснасьці. Крызіс той лініі, якой Лукашэнка і ягоныя памагатыя спрабуюць весьці Беларусь з 94 году. І з гэтага таксама вынікае, што ні Лукашэнка, ні ягоны рэжым ні ў якім разе ня могуць быць гарантамі незалежнасьці Беларусі.

Як мяркуеце, наступны прэзыдэнт Беларусі будзе беларускамоўным? Ці каторым па ліку будзе першы беларускамоўны прэзыдэнт?

— Не адкажу, бо я цалкам за скасаваньне інстытуту прэзыдэнцтва.

СПАМПАВАЦЬ КНІГУ "ПА-БЕЛАРУСКУ ЗЬ ВІНЦУКОМ ВЯЧОРКАМ"

ЧЫТАЦЬ І ГЛЯДЗЕЦЬ ПЕРАДАЧЫ З СЭРЫІ "ПА-БЕЛАРУСКУ ЗЬ ВІНЦУКОМ ВЯЧОРКАМ"

СЛУХАЦЬ ПЕРАДАЧЫ ВІНЦУКА ВЯЧОРКІ НА SOUNDCLOUD

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG