Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На пікеце па зборы подпісаў за Дарафееву: «Дзіма, пашпарт ёсьць? Падыдзі — здымем, што падпісваесься»


Вікторыя зьбірае подпісы за Юрася Губарэвіча

Вікторыя зьбірае подпісы за Юрася Губарэвіча

Распачаўся збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Сябры ініцыятыўных груп ладзяць пікеты ня толькі ў цэнтры Менску, але і ў так званых, «спальных» раёнах гораду.

Першы намесьнік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч — вылучэнец ад правацэнтрысцкай кааліцыі, якую складаюць Абʼяднаная грамадзянская партыя, БХД і рух «За свабоду». Сябры ягонай ініцыятыўнай групы штодня зьбіраюць подпісы ля аднаго з прыпынкаў на бульвары Талбухіна, побач з паркам Чалюскінцаў.

Месца ажыўленае, але да пікету пад бел-чырвона-белым сьцягам падыходзіць няшмат людзей. Яшчэ менш падпісваюцца, кажа сябра ініцыятыўнай групы Аляксандар:

«За чатыры гадзіны сабралі дзесяць подпісаў. У асноўным людзі ня вераць у выбары, што наш кандыдат можа быць абраны. Усе кажуць, што вынікі будуць сфальшаваныя, бо нікога не дапусьцяць да падліку галасоў. Маўляў, каго з Масквы прызначаць, той і будзе абраны. Ня вераць таксама чыноўнікам, але, калі мы кажам, што наш кандыдат апазыцыйны, то тады больш-менш цікавяцца».

Бел-чырвона-белы сьцяг выклікае ў часткі мінакоў моцныя і супярэчныя рэагаваньні, кажа актывістка Вікторыя:

«Некаторыя бачаць бел-чырвона-белы сьцяг, адразу падыходзяць і хочуць падпісацца. Шкадуюць, калі тлумачым, што гэта можна зрабіць толькі жыхарам пэўнай акругі. А ёсьць і такія, што лаюцца, абзываюць нас фашыстамі і г. д. Але такіх менш. Таксама многа людзей, якія наўпрост кажуць, што баяцца падпісвацца. Маўляў, а гэта трэба пакідаць пашпартныя зьвесткі, а пасьля мяне прагоняць з працы, будуць перасьледаваць».

Сьпявачка Ірына Дарафеева свой пікет аздобіла дзяржаўным чырвона-зялёным сьцягам, а таксама бела-блакітнымі сьцягамі праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Яе пікет трывае ў самым людным месцы праспэкту Незалежнасьці — каля ГУМу. Аднак некалькі юнакоў і дзяўчат у кепках з лягатыпамі ФПБ таксама стаяць у самоце. Каб зьняць момант подпісу напагатове стаяць два відэаапэратары і фатограф. Празь некаторы час чаканьня падпісанта, старэйшая ў групе зьвяртаецца да паплечніка: «Дзіма, пашпарт ёсьць? Падыдзі — здымем, што падпісваесься». У Дзімы пашпарту не было. Тады відэаапэратары з фатографам заняліся здымкамі мінака, які аглядаў партрэт сьпявачкі на інфармацыйным стэндзе.

Збор подпісаў за Ірыну Дарафееву. Апэратары групы падтрымкі здымаюць першых зацікаўленых мінакоў

Збор подпісаў за Ірыну Дарафееву. Апэратары групы падтрымкі здымаюць першых зацікаўленых мінакоў

Некалькі чалавек са сьцягамі «Белай Русі» таксама ў самотным пікеце дзяжурылі каля помніка Калініну на аднайменнай плошчы.

Больш ажыўленым стаўся пікет непадалёк ад Менскага аўтазаводу. Тут подпісы за свайго паплечніка Аляксея Янукевіча пад бел-чырвона-белым сьцягам зьбіралі актывісты Партыі БНФ. Адна зь іх Наста паведаміла Свабодзе:

«Як толькі мы паставілі пікет, да нас адразу пачалі падыходзіць — па 3-4 чалавекі з прыпынку. Як толькі бачаць сьцяг — адразу спыняюцца, запытваюцца зь якой нагоды стаім, цікавяцца выбарамі. Ня вераць, што будуць справядлівымі, але мы стараемся запэўніць людзей, што ад нас таксама шмат залежыць».

Аляксей Янукевіч на пікеце размаўляе зь людзьмі

Аляксей Янукевіч на пікеце размаўляе зь людзьмі

Актывіст Юрась Лукашэвіч распавёў карэспандэнту Свабоды:

«Калі мы стаялі ў цэнтры гораду, непадалёк ад кінатэатру „Перамога“, то людзі ў пераважнасьці выяўлялі абыякавасьць і праходзілі міма. А тут людзі маюць менш падзей і ўвагі да сябе, яны хочуць паразмаўляць, задаць пытаньні і выказаць свае меркаваньні. Менавіта тут, дарэчы, мы некалькі чалавек нават запісалі ў сябры Моладзі БНФ».

За Янукевіча падпісваецца Зьміцер Захарэвіч

За Янукевіча падпісваецца Зьміцер Захарэвіч

Зь пікетоўцамі мінакі раз-пораз усчыналі палкія дыскусіі, у якіх узяў удзел і сам прэтэндэнт у кандыдаты Аляксей Янукевіч. Паводле Аляксея, перадусім людзі сёньня не напалоханыя, але абыякавыя і непаінфармаваныя:

«Шмат людзей зьдзіўляюцца, маўляў, а што ўжо выбары, а якія выбары? І асноўная праблема ня страх, а бязьверʼе ў тое, што нешта можна зьмяніць. Маўляў, што вы можаце зрабіць, ці што мы можам зрабіць, калі ўсё ўжо падзелена і схоплена. І на гэта мы адказваем, што пытаньне зьменаў у Беларусі, гэта пытаньне зьмены стаўленьня. І праблема не ў Лукашэнку, а ў нашых галовах».

Выбары ў Беларусі пройдуць 11 верасьня 2016 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG