Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці пагражае яе зьяўленьне бясьпецы Беларусі?

Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў, Алег Грузьдзіловіч.


Дракахруст: Расейская мотастралковая дывізія, якая ўвойдзе ў склад 1-й гвардзейскай танкавай арміі ўзброеных сіл Расеі, будзе разгорнутая пад Смаленскам у Ельні ў сярэдзіне наступнага году.

Паведамляецца, што ў склад дывізіі ўвойдуць 10 тысяч чалавек, тры мотастралковыя палкí, па адным танкавым, самаходным артылерыйскім і зэнітна-ракетным, а таксама падразьдзяленьні забесьпячэньня.

Яшчэ дзьве дывізіі, адна ў Варонескай і адна ў Растоўскай абласьцях, пачалі фармавацца раней, іх камплектаваньне завершыцца ў сьнежні сёлетняга году.

Варта нагадаць, што яшчэ ў студзені гэтага году міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што ў 2016 годзе на заходнім напрамку будуць створаныя тры новыя дывізіі.

Так што размова ідзе пра доўгатэрміновыя пляны, якія адносна дывізіі ў Ельні рэалізуюцца нават зь некаторым адставаньнем.

Ці пагражаюць гэтыя дывізіі Беларусі наўпрост? Наўпрост, напэўна, не. Але ўскосна яны, безумоўна, мяняюць ваенна-стратэгічную сытуацыю ў рэгіёне.

Не было расейскіх войскаў ад Воршы да Масквы — а цяпер будуць. Што да пэўнай ступені зьніжае ваенную ролю Беларусі.

Шмат гадоў Аляксандар Лукашэнка казаў: мы — шчыт Расеі на заходнім накірунку, ад нас да Масквы ніякіх расейскіх войскаў няма. Просьбы аб фінансавай дапамозе і зьніжках на энэрганосьбіты матываваліся ў тым ліку і гэтай эксклюзіўнай ваеннай роляй Беларусі і яе арміі для Расеі.

Не было расейскіх войскаў ад Воршы да Масквы — а цяпер будуць. Што да пэўнай ступені зьніжае ваенную ролю Беларусі.

Але справа ня толькі ў гэтым. Канцэнтрацыя войскаў магутных суседзяў на беларускіх межах з захаду і з усходу робіць становішча краіны больш небясьпечным, пра што гаварылі і беларускія дыпляматы, і кіраўнік дзяржавы на Ўсебеларускім сходзе. Нават калі фармальна ніхто ні з кім ваяваць не зьбіраецца. Важныя не намеры, а адмабілізаваныя магчымасьці. Войскі на мяжы — гэта ў любым выпадку палітычны ціск.

Ну, і да таго ж пляны могуць быць розныя. Як адзначаў палітоляг Арсені Сівіцкі, нядаўнія расейскія вучэньні мелі сцэнар: супрацьдзеяньне спробе антыдзяржаўнага перавароту у прымежнай з Расеяй краіне. Якая гэта, цікава, краіна?

Але ў цяперашняй сытуацыі дывізія ў Ельні ў Беларусь хутчэй за ўсё і ня пойдзе. Але калі Беларусь, скажам, захоча зьмяніць накірунак сваёй зьнешняй палітыкі, альбо ў ёй і сапраўды пачнуцца нейкія забурэньні, то на такі выпадак войска ўжо гатовае.

Аналітыкі Сівіцкі і Царык наўпрост пішуць пра расейскую пагрозу, пра сцэнары ўмяшаньня РФ ва ўнутраныя справы Беларусі. Ня выключана, што гэтыя меркаваньні – насамрэч патаемныя думкі і страхі афіцыйнага Менску.

Дарэчы, Арсені Сівіцкі і яго калега Юры Царык — цікавая зьява ў айчыннай аналітычнай супольнасьці. Абодва яны працуюць у дзяржаўных досьледных цэнтрах, але крытыкуюць расейскую зьнешнюю і ваенную палітыку так, як гэта часам ня робяць і апазыцыянэры. Яны наўпрост пішуць пра расейскую пагрозу, пра сцэнары ўмяшаньня РФ ва ўнутраныя справы Беларусі. Пры гэтым дзяржаўныя СМІ бяруць у іх камэнтары з такім жа задавальненьнем, як і незалежныя.

Такая гнуткасьць ужо здаўна была ўласьцівая расейскай палітыцы і расейскай аналітычнай супольнасьці. Бэсьціць, напрыклад, афіцыйны Менск Андрэй Суздальцаў, называе Беларусь здрадніцай. Нават фэдэральныя тэлеканалы час ад часу агучваюць такія яго меркаваньні. Але яго прозьвішча ня Пуцін. А можа, ён агучвае тое, што насамрэч думае Пуцін? Ну, вось і ў Беларусі завялі такіх жа экспэртаў, якія агучваюць меркаваньні, на першы погляд, далёкія ад афіцыйных. Але ня выключана, што гэтыя меркаваньні — насамрэч патаемныя думкі і страхі афіцыйнага Менску.

Грузьдзіловіч: Гэта вельмі небясьпечна для Беларусі з розных меркаваньняў — і палітычнага, і ваенна-палітычнага. Плюс трэба ўлічваць, што за нашай сьпіной, на Захадзе, ёсьць яшчэ Калінінградзкая групоўка. Фактычна Беларусь апынулася ў абцугах паміж дзьвюма расейскімі клінамі. Гэта вельмі небясьпечна з пункту гледжаньня супрацьстаяньня Расеі і НАТО.

Расея рэальна заклапочаная гэтай сытуацыяй, калі на польскіх, літоўскіх межах узьнікаюць новыя базы. Узгадваю, як у 2014 годзе нават расейскія апазыцыянэры-лібэралы Ўладзімер Рыжкоў і Леанід Гозман пагаджаліся з тым, што калі будзе ўзмацненьне НАТО ля расейскіх межаў, то Расеі трэба будзе на гэта даць адказ.

Іншая рэч, што Беларусі з гэтага? Яна зноў апынулася паміж Захадам і Ўсходам. Узгадаем 18-е стагодзьдзе, калі пачаліся падзелы Рэчы Паспалітай, як там хутка ўсё разьвівалася, і ў выніку з абодвух бакоў наблізіліся і разабралі гэтую тэрыторыю, проста разарвалі.

Беларусь нічога ня зможа супрацьпаставіць, калі дойдзе да вайсковага канфлікту паміж Расеяй і Захадам.

Беларусь нічога ня зможа супрацьпаставіць, калі дойдзе да вайсковага канфлікту паміж Расеяй і Захадам. Непасрэдна сёньняшняй Беларусі гэта ня вельмі пагражае ў тым сэнсе, што Лукашэнка мае магчымасьць сказаць, што гэта нашыя суседзі, саюзьнікі.

Іншая рэч, што Лукашэнка сапраўды губляе свой козыр, што толькі беларускія войскі прыкрывалі Расею, а гэта было ягоным спосабам ціску на Расею, каб выбіць нейкія сабе прывілеі. Зараз гэта будзе менш эфэктыўна.

У прапагандзе гэта будзе па-ранейшаму выкарыстоўвацца, але ў кулюарных размовах, хутчэй за ўсё, яму скажуць — сканчай базар.

І тут я згодны з ваенным аглядальнікам Аляксандрам Алесіным, які кажа, што разьмяшчэньне расейскай дывізіі ў Ельні — гэта дэманстрацыя недаверу да Беларусі.

Што будзе далей, калі Беларусь захоча пераарыентавацца з Расеі хоць бы на нейкі нэўтралітэт, а тое і на Захад? Што тады Лукашэнка зможа супрацьпаставіць гэтай і іншым дывізіям? Толькі ўзмацненьне беларускага войска. Значыць, ізноў будзе мілітарызацыя, узмацненьне сілавікоў, якім улада і зараз надае асноўную ўвагу.

Цыганкоў: Расея ў пэўнай ступені губляе давер да Беларусі і ў ваенна-стратэгічным, і ў палітычным сэнсе.

Цывільныя людзі мысьляць сваімі катэгорыямі, у якіх цяжка ўявіць, як нейкая краіна НАТО зьбіраецца нападаць на Расею. Але ў ваенных сваё мысьленьне, і ня проста мысьленьне, а свае задачы. Іх задача — забясьпечыць абароназдольнасьць сваёй краіны. Таму расейскія вайскоўцы лічаць заходні накірунак небясьпечным і разьмяшчаюць там новыя злучэньні, і на іх разуменьне, беларускае войска ня здолее спыніць удар патэнцыйнага ворага.

Расейскія вайскоўцы лічаць заходні накірунак небясьпечным і разьмяшчаюць там новыя злучэньні, і на іх разуменьне, беларускае войска ня здолее спыніць удар патэнцыйнага ворага.

І гэта сапраўды адбірае той козыр у Аляксандра Лукашэнкі, якім ён гуляў дзесяцігодзьдзямі. Ён казаў што паміж Захадам і Масквой ёсьць толькі наша беларускае войска, адзінае, што зможа спыніць натаўскага агрэсара ў паходзе на Маскву. Вось цяпер расейскія генэралы адказваюць: а ёсьць — пад Клінцамі і пад Смаленскам.

Гэта патэнцыйная палітычная пагроза Беларусі, калі тут можа здарыцца нешта, не зусім адпаведнае расейскім стратэгічным інтарэсам. Я б гэты чыньнік не перабольшваў, паколькі гэта частка ня мае наступальнага характару, яна абарончая. Да таго ж у такіх сытуацыях забурэньняў, грамадзянскага канфлікту, звычайныя, лінейныя войскі мала што могуць вырашыць. Ельненская дывізія ня пойдзе на Менск аднаўляць уладу зрынутага дыктатара. Для гэтага трэба спэцыяльныя войскі. Але пэўны псыхалягічна-стратэгічны эфэкт разьмяшчэньне гэтай дывізіі будзе мець.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG