Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанская камісія прызнала заўчасным ўварваньне ў Ірак ў 2003 годзе


Даклад Джона Чылката
Даклад Джона Чылката

У Лёндане прадстаўленыя асноўныя вынікі дакладу незалежнай камісіі на чале з сэрам Джонам Чылкатам, прысьвечанага ўдзелу брытанскіх войскаў у ірацкай кампаніі 2003-2009 гадоў.

Спэцыяльная брытанская камісія ў справе расьсьледаваньня абставінаў ўварваньня ў Ірак у 2003 годзе прыйшла да высновы, што ваенная апэрацыя, у якой удзельнічала Вялікабрытанія, была пачата заўчасна.

У дакладзе камісіі гаворыцца, што ў 2003 годзе рэжым Садама Хусэйна не ўяўляў непасрэднай пагрозы, а мірныя спосабы раззбраеньня Іраку не былі вычарпаныя. Урад прэм’ер-міністра Тоні Блэра, на думку камісіі, казаў пра пагрозу прымяненьня Іракам зброі масавага паражэньня «з пэўнасьцю, якая не была абгрунтавана».

Поўная вэрсія дакладу паводле аб’ёму ў чатыры разы большая за раман «Вайна і мір»: яна займае 12 тамоў і ўтрымлівае каля 2,6 млн слоў. Дакумэнты апублікаваныя без цэнзуры і скарачэньняў.

Паводле мэдыя-карпарацыі ВВС, асноўныя вынікі дакладу Чылката можна сфармуляваць так:

-Рашэньне пра ўварваньне ў Ірак было заснавана на памылковай разьведвальнай інфармацыі і ацэнках. Яны не былі пастаўлены пад сумнеў, хоць павінны былі.

-Пра небясьпеку наяўнасьці ў Іраку зброі масавага зьнішчэньня гаварылася з такой ступеньню ўпэўненасьці, якая не была апраўданая.

-Наступствы ўварваньня былі недаацэненыя, нягледзячы на выразныя засьцярогі.

Паводле дадзеных камісіі, у 2003-2009 гадах у Іраку загінулі ня менш за 150 тысяч чалавек, у асноўным мірныя жыхары. Больш за мільён чалавек сталі ўцекачамі. У выніку баявых дзеяньняў загінулі больш за 200 брытанцаў.

ЗША і Вялікабрытанія пачалі ўварваньне ў Ірак 20 сакавіка 2003 году. 9 красавіка быў узяты Багдад, а 1 траўня ЗША абвясьцілі пра заканчэньне актыўных баявых дзеяньняў.

Былы прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тоні Блэр у інтэрвію CNN у 2015 годзе прызнаў, што ўварваньне ў Ірак спрыяла зьяўленню «Ісламскай дзяржавы».

Тоні Блэр у сувязі з расьсьледаваньнем заявіў: «Я прыму поўную адказнасьць за любыя памылкі — без якіх-небудзь выключэньняў або апраўданьняў». Тым ня менш, журналісты адзначаюць, што ў дакладзе нідзе не вядзецца мовы пра непасрэдную адказнасьць Блэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG