Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС: Булынёнак ударыў нагамі міліцыянэра. Футбаліст: Нічога такога не было!


Супрацоўнікі МУС выкрылі крымінальную групу, якая арганізоўвала дамоўленыя матчы ў Чэмпіянаце Беларусі па футболе. А Беларуская асацыяцыя футболу заяўляе, што дамоўленыя матчы праходзілі ня толькі ў Першай, але і ў Найвышэйшай лізе.

На адной стаўцы атрымалі прыбытак у сотні тысячаў даляраў

Рэзанансную гісторыю пра затрыманьне гульцоў «Промня» і «Ашмянаў», калі быў зьбіты футбаліст Сяргей Булынёнак, пракамэнтавалі ў Міністэрстве ўнутраных спраў.

Як паведамляе прэс-служба МУС, супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй атрымалі інфармацыю пра сустрэчу крымінальных структур Украіны, Беларусі і Расеі. Яны абмяркоўвалі арганізацыю дамоўленых матчаў.

Па інфармацыі праваахоўных органаў, у злачынную групу ўваходзілі таксама і прадстаўнікі трэнэрскага штабу і гульцы менскай каманды «Прамень». Таксама быў засьведчаны подкуп гульцоў і трэнэрскага штабу «Промня», якія павінны былі гарантаваць патрэбны вынік у матчах супраць «Ашмянаў» і «Гомельжэлдартрансу».

Толькі на адной стаўцы праз азіяцкую букмэкерскую кантору злачынныя структуры атрымалі прыбытак у некалькі сотняў тысяч даляраў.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу па артыкуле па частцы 1 артыкулу 253 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафэсійных спартовых спаборніцтваў і відовішчных камэрцыйных конкурсаў).

«Нічога такога і не было, гэта дакладна»

«Пры гэтым пяць удзельнікаў матчу, якія, на думку апэратыўнікаў, маглі быць датычныя або ведалі аб „дамоўленым“ характары, на аўтамашыне паспрабавалі схавацца ў напрамку Менску. З мэтай устанаўленьня ўсіх акалічнасьцяў, а таксама канфіскацыі магчымых доказаў і рэчыўных доказаў было прынята рашэньне аб перасьледзе», — паведамляецца ў прэс-рэлізе.

Сяргей Булынёнак

Сяргей Булынёнак

МУС сьцьвярджае, што пасьля спыненьня машыны супрацоўнікі міліцыі ў цывільным абвясьцілі пра мэту спыненьня і паказалі службовыя пасьведчаньні. Чацьвёра грамадзянаў выканалі патрабаваньні супрацоўнікаў міліцыі і выйшлі з машыны.

«Аднак футбаліст ФК „Ашмяны“ Булынёнак С.А. адмовіўся выйсьці з машыны, — сказана ў прэс-рэлізе. — Адхіліўшыся на заднім сядзеньні аўтамабіля, ён некалькі разоў нанёс удар нагамі ў грудзі супрацоўніку спэцпадразьдзяленьня. У сувязі з гэтым да яго была ўжыта фізычная сіла. Іншага фізычнага ўзьдзеяньня да футбаліста ФК „Ашмяны“ не ўжывалася».

Тым часам раней Сяргей Булынёнак казаў, што супраціву міліцыянтам не аказваў.

«Нічога такога і не было, гэта дакладна. Навошта мне трэба было гэта рабіць?» — пацьвердзіў ён свае словы Свабодзе.

У дамоўленыя матчы ўцягнутыя і клюбы Найвышэйшай лігі

Над справай аб дамоўленых матчах супрацоўнікі міліцыі працавалі больш за год, перадалі падчас учорашняга выпуску «Панарамы» на канале «Беларусь-1».

Намесьнік старшыні АБФФ Сяргей Сафар’ян паведаміў, што Беларуская фэдэрацыя футболу сама зьвярнулася да праваахоўных органаў.

«Зьвесткі прыходзілі зь некалькіх крыніц, — сказаў Сафар’ян у інтэрвію „Зоны-Х“. — Былі рознага роду чуткі, акрамя таго, у нас і раней узьнікалі сумневы адносна вынікаў тых ці іншых паядынкаў».

Потым у фэдэрацыі атрымалі сыгнал з УЕФА пра дамоўленыя матчы.

«А матч-прывід (неіснуючы матч паміж „Шахцёрам“ і „Слуцкам“ у 2015 годзе — Р.С.) пераканаў, што праблема сапраўды існуе, — сказаў Сафар’ян. — Як бы непрыемна гэта было прызнаваць, відавочна, што людзі і арганізацыі за межамі Беларусі, якія гэтым даўно займаліся, уключылі нашу краіну і наш футбол у сфэру сваіх інтарэсаў».

Па словах Сафар’яна, фэдэрацыя валодае інфармацыяй па дамоўленых матчах і ў Найвышэйшай лізе.

Таксама прадстаўнік футбольнай фэдэрацыі дадаў, што расьсьледаваньні праваахоўных органаў працягнуцца.

«Гэта толькі пачатак, — сказаў Сафар’ян „Прэсболу“. — Тое, што здарылася, — першае дзеяньне. І далёка не апошняе. Ня ведаю, якім чынам праваахоўныя органы будуць дзейнічаць: выклікаць, ці затрымліваць, ці браць падпіску аб нявыезьдзе. Гэта ня наша сфэра дзейнасьці. Але тое, што ў гэтую арганізацыю ўцягнутая значна больш людзей, чым трапіла пад сьледзтва, адназначна. У нас шмат інфармацыі аб супрацьзаконнай і антыфутбольнай дзейнасьці».

XS
SM
MD
LG