Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошынай было «надзвычай прыемна» ў кампаніі з Караткевіч і Бастунцом


Назіральнікі за беларускімі выбарамі ад ПАРЭ ўпершыню зьбіраюцца прыехаць у Беларусь за месяц да пачатку галасаваньня.

Дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы зьбіраецца прыехаць у Менск 9 жніўня. Пра гэта заявіў дакладчык па Беларусі ПАРЭ Андрэа Рыгоні на міжнароднай канфэрэнцыі «Свабода сродкаў масавай інфармацыі як кутні камень дэмакратычных выбараў» у Бэрліне.

«Гэта новае ў адносінах да Беларусі з боку Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы — сказала Свабодзе старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, якая вярнулася з бэрлінскай канфэрэнцыі. — Раней дэлегацыя ПАРЭ прыяжджала ў Беларусь толькі літаральна за пару-тройку дзён да пачатку выбараў і фактычна зьлівалася з назіральнай місіяй АБСЭ. Думаю, мы бачым пэўнае зьмяненьне стаўленьня такой важнай міжнароднай структуры да нашай краіны».

Лідзія Ярмошына сказала, што яе выступ на канфэрэнцыі не плянаваўся. Але ёй тройчы даводзілася адказваць на пытаньні залі:

«Пыталіся найперш, што мы робім, каб забясьпечыць аднолькавыя магчымасьці доступу да СМІ розных кандыдатаў. Таксама ўдакладнялі, як будуць гучаць выступы кандыдатаў на тэлебачаньні і радыё: „ужывую“ ці ў запісе. Яшчэ пыталіся, якія рэкамэндацыі АБСЭ мы выканалі, а якія не і чаму.

Мне надзвычай прыемна было бачыць, што беларуская дэлегацыя, хоць мы як бы з двух лягераў, трымалася дружна, культурна, талерантна, інтэлігентна. Мы паводзілі сябе, як і павінны паводзіць прадстаўнікі цывілізаванай нацыі».

Беларусь у Бэрліне прадстаўлялі чатыры асобы: акрамя спадарыні Ярмошынай, быў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўнаму будаўніцтву, мясцоваму самакіраваньню і рэглямэнту Генадзь Грыцкевіч і былая кандыдатка на прэзыдэнта Тацяна Караткевіч.

Тэму для дыскусіі сфармулявала Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы, а ўдзельнічаць у ёй запрасілі прадстаўнікоў краін, што ўваходзяць у праграму «Усходняя партнэрства».

Тэма свабоды СМІ заслужыла таго, што яе вынесьлі ў пяць першых рэформаў, якія трэба правесьці ў Беларусі на шляху да дэмакратызацыі грамадзтва.

«Я казала, што для беларусаў, якія нязгодныя з палітыкай уладаў, выбары сталі амаль адзіным спосабам трапіць у дзяржаўныя СМІ — сказала Свабодзе Тацяна Караткевіч. — Кандыдатам дазволеныя на агітацыю невялікія грошы. А магчымасьці дэмакратычных СМІ прыкметна абмежаваныя прававой сфэрай, жорсткім кантролем і санкцыямі з боку Міністэрства інфармацыі. У такіх умовах незалежная журналістыка часта вымушаная працаваць у рэжыме самацэнзуры. А гэта прыкметна адбіваецца на якасьці мэдыйнай падтрымкі кандыдатаў, якія знаходзяцца ў апазыцыі да ўлады.

Я падкрэсьліла, што, паводле ацэнак вядучых экспэртаў краіны, тэма свабоды СМІ заслужыла таго, што яе вынесьлі ў пяць першых рэформаў, якія трэба правесьці ў Беларусі на шляху да дэмакратызацыі грамадзтва з дапамогай зьмены заканадаўства».

Спадарыня Караткевіч таксама ўдакладніла, што Андрэа Рыгоні неаднаразова падкрэсьліваў, што парлямэнцкія выбары ў верасьні 2016 году стануць важным этапам на шляху нармалізацыі адносінаў Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам і Радай Эўропы:

«Ён заявіў, што палепшыць заканадаўства і практыку правядзеньня выбараў — значыць павысіць узровень дэмакратыі ў краіне. У нас адна мэта — каб у Беларусі прайшлі дэмакратычныя і свабодныя выбары. Для нармальнага функцыянаваньня парлямэнту неабходныя два бакі — большасьць і апазыцыя. Паступовае збліжэньне Страсбургу і Менску, дыялёг ня маюць альтэрнатывы. Гэта адзіны шлях росту эўрапейскіх стандартаў у Беларусі».

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня прызначаныя на 11 верасьня.

XS
SM
MD
LG