Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь выдаткуе на барацьбу з п’янствам 19,5 млн даляраў. На што яны пойдуць


Асноўныя выдаткі — лякарням. Большасьць працы — заканадаўцам.

Беларускі ўрад апублікаваў (PDF) праграму мерапрыемстваў па папярэджаньні і пераадоленьні п’янства і алькагалізму на 2016-2020 гады. На рэалізацыю праграмы разьлічваецца выдаткаваць 39,2 млн дэнамінаваных рублёў альбо 19,5 млн даляраў па курсе на момант публікацыі.

Сярод «дарагіх» мерапрыемстваў праграмы — будаўніцтва ў Менску клінічнага цэнтру «Наркалёгія», капітальны рамонт 8 корпусу РНПЦ псыхічнага здароўя («Навінкі»), а таксама ўмацаваньне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў аховы здароўя, якія будуць аказваць наркалягічную дапамогу. Усё гэта мае фінансавацца з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

Большасьць пунктаў праграмы не патрабуюць фінансавых выдаткаў, а толькі дзейнасьці заканадаўцаў.

Так, у праграме плянуецца «ўрэгуляваць» акцызы на алькаголь, але не гаворыцца, ці трэба іх падвышаць альбо паніжаць (Лукашэнка выступаў за паніжэньне). Таксама ў праграме плянуецца скараціць пастаўкі алькаголю на ўнутраны рынак і падвысіць пастаўкі на экспарт.

Продаж алькаголю (у тым ліку піва) прапануецца дазволіць толькі зь 9 раніцы да 22 вечара, гэтая мера заплянаваная ўжо на 2017-2018 гады. Продаж таксама прапануецца забараніць у 500 мэтрах ад установаў адукацыі, аховы здароўя, культуры і спартовых пабудоваў (але не ва ўстановах грамадзкага харчаваньня). У вялікіх крамах прапануецца ізаляваць алькагольныя аддзелы ад іншых.

У бліжэйшыя 5 год урад плянуе ініцыяваць пытаньне пра абмежаваньне дзеяздольнасьці тых, хто злоўжывае алькаголем. Іх сем’ям прапануецца аказваць сацыяльную, псыхалягічную, прававую і іншую падтрымку (пра фінансавую не гаворыцца).

Рэкляму алькаголю прапануецца цалкам забараніць у СМІ, а сацыяльную рэкляму супраць алькагалізму зрабіць абавязковай у месцах продажу алькаголю. Непаўнагадовым акрамя антыалькагольнай прапаганды і прапаганды здаровага ладу жыцьця прапануецца зладзіць заняткі ў гуртках і студыях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG