Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя па справе зьбітага самалёта рэйса МН17 прыбылі ў Маскву


Рэканструкцыя з абломкаў самалёта рэйса МН17, які ўпаў на Данбасе
Рэканструкцыя з абломкаў самалёта рэйса МН17, які ўпаў на Данбасе

Прадстаўнікі міжнароднага расьсьледаваньня, якое высьвятляе акалічнасьці катастрофы самалёта рэйса MH17 авіякампаніі Malaysian Airlines у небе над Данбасам, 5 ліпеня прыбылі ў сталіцу Расеі.

Прадстаўнік гэтай групы Вім дэ Бруйн паведаміў расейскім СМІ, што дэлегацыя сьледчых, пракурораў і паліцэйскіх будзе знаходзіцца ў Маскве два дні. Ён не ўдакладніў, з кім менавіта будуць сустракацца прадстаўнікі міжнароднага расьсьледаваньня, і сказаў, што ня будзе рабіць ніякіх заяваў па выніках паездкі ў Маскву.

Паводле дадзеных інфармацыйнага агенцтва «Інтэрфакс», сьледчыя сустрэнуцца з прадстаўнікамі абароннага сэктару Расеі.

У сьледчую групу ўваходзяць экспэрты з Аўстраліі, Бэльгіі, Малайзіі, Нідэрляндаў, Украіны, узначальвае гэтую групу пракуратура Нідэрляндаў. Асноўная задача расьсьледаваньня — высьветліць, хто вінаваты ў катастрофе.

Раней сьледзтва выявіла, што самалёт «Боінг-777» «малайзійскіх авіяліній» рэйса MH17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур быў зьбіты над Данбасам 17 ліпеня 2014 году ракетай зэнітна-ракетнага комплексу «Бук», які выраблялі ў СССР, а цяпер вырабляюць у Расеі. Тады загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся ў самалёце.

Пасьля прэзэнтацыі вынікаў гэтага тэхнічнага расьсьледаваньня старшыня Рады расьсьледаваньняў па справах бясьпекі Нідэрляндаў асобна заявіў, што ракета, якой зьбілі лайнэр, была выпушчаная з часткі Данбасу, захопленай сэпаратыстамі.

Захад і Ўкраіна заяўляюць, што маюць доказы таго, што самалёт зьбілі з комплексу «Бук», дадзенага сэпаратыстам Расеяй; пакуль дакладна не даказана, ці датычныя да гэтага кадравыя расейскія вайскоўцы і расейскае ваеннае камандаваньне. Грамадзянскія сьледчыя кажуць, што вызначылі некалькі расейскіх вайскоўцаў, зь якіх некаторыя бясспрэчна маюць дачыненьне да зьбіваньня самалёта. Баевікі і Расея сваю датычнасьць адмаўляюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG