Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС: Футбаліст Булынёнак нанёс удар нагамі ў грудзі спэцсупрацоўніку


Сяргей Булынёнак пасьля затрыманьня
Сяргей Булынёнак пасьля затрыманьня

Прэс-служба МУС Беларусі выказала афіцыйную вэрсію акалічнасьцяў затрыманьня футбаліста каманды «Ашмяны» Сяргея Булынёнка, які ў выніку апынуўся ў бальніцы і мае патрэбу ў апэрацыі.

Затрыманьні праводзіліся пасьля матчу ў Ашмянах 2 ліпеня. Паводле МУС, пяцёра ўдзельнікаў матчу, якія, на думку апэратыўнікаў, маглі быць датычныя або мелі зьвесткі пра яго дагаворны характар, на аўтамашыне паспрабавалі ўцячы ў напрамку Менску.

«Каб выявіць усе акалічнасьці, а таксама дзеля канфіскацыі магчымых улікаў і рэчыўных доказаў было прынята рашэньне пра перасьлед», — паведамляе МУС.

На трасе Ашмяны-Менск, пасьля таго як машына была спынена, супрацоўнікі міліцыі ў цывільным абвясьцілі ўцекачам пра мэту прыпынку, было прадʼяўлена службовае пасьведчаньне. Чацьвёра грамадзян выканалі патрабаваньні міліцыянтаў і пакінулі аўтамабіль.

Аднак Сяргей Булынёнак адмовіўся выйсьці з машыны.

«Адхіліўшыся на заднім сядзеньні аўтамабіля, ён некалькі разоў нанёс удар нагамі ў грудзі супрацоўніку спэцпадразьдзяленьня. У сувязі з гэтым да яго была ўжыта фізычная сіла. Іншага фізычнага ўзьдзеяньня да футбаліста не ўжывалася», — цьвердзіць МУС.

Супраціву міліцыянтам з боку Булынёнка дадзена прававая ацэнка. Пасьля разбору Булынёнак быў адпушчаны.

«Яго фізычны стан занепакоенасьці не выклікаў, сам ён прэтэнзій не выказваў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Цяпер праваахоўнікамі правяраецца датычнасьць футбаліста ФК «Ашмяны» Булынёнка да магчымай арганізацыі дамоўленых матчаў, устанаўліваюцца іншыя фігуранты крымінальнай справы і эпізоды.

Таксама прэс-служба МУС паведамляе пра выкрыцьцё злачыннай групы, якая займалася арганізацыяй дамоўленых матчаў чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай і першай лігах.

«Апэратыўнікі атрымалі інфармацыю аб праведзенай сустрэчы прадстаўнікоў крымінальных структур Украіны, Беларусі, Расейскай Фэдэрацыі. Асноўнай тэмай абмеркаваньня была магчымасьць укладаньня грошай у арганізацыю так званых дамоўленых матчаў і пасьля, празь сетку букмэкерскіх кантор, забесьпячэньня вялікага прыбытку. Такая схема часьцяком выкарыстоўваецца для легалізацыі злачынных даходаў», — паведаміла МУС.

У злачынную групу ўваходзілі грамадзянін Украіны, а таксама шэсьць грамадзян Беларусі, у тым ліку прадстаўнікі трэнэрскага штабу і гульцы ФК «Луч».

Сьледчым камітэтам распачата крымінальная справа ў дачыненьні да сямі чалавек.

Выкрыцьцё злачыннай групы стала вынікам пасьпяховага ўзаемадзеяньня Беларускай фэдэрацыі футболу з органамі ўнутраных спраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG