Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчыя камісіі: зьмены ў законах ёсьць, зьменаў у працэсах -- няма


Як прайшоў і чым адзначаны першы этап выбарчай кампаніі — фармаваньне выбарчых камісіяў.

Абмяркоўваюць: Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч.


Цыганкоў: На гэты момант выбарчая кампанія не выклікае вялікай увагі як грамадзтва, гэтак і журналістаў. Яна знаходзіцца на пэрыфэрыі грамадзкай думкі. Яскравых навінаў няма, але варта прааналізаваць першыя вынікі фармаваньня выбарчых камісіяў.

27 чэрвеня ў Беларусі завяршылася фармаваньне абласных і акруговых выбарчых камісіяў. У склад тэрытарыяльных выбарчых камісій для працы на парлямэнцкіх выбарах ўвайшло 22 прадстаўнікі палітычных партыяў, у склад акруговых — 195, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 29 чэрвеня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску. Але якія гэта партыі? Перш за ўсё, праўладныя. Сярод партыяў найбольшае прадстаўніцтва ў складзе акруговых камісіяў у Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) — 77 чалавек і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці (РППС) — 42, па 10 прадстаўнікоў Лібэральна-дэмакратычнай партыі і БНФ.

Нягледзячы на «лібэралізацыю» адносінаў з Захадам, улады зноў не дапусьцілі прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі, і не зьбіраюцца праводзіць выбары неяк па-іншаму. На думку вядомага палітоляга Юрыя Чавусава, прапорцыі прыблізна тыя самыя, што былі і ў 2012 годзе.

Людзі, якія валодалі палітычнымі рэгаліямі, мелі вагу і пэўную вядомасьць, здаецца, патрэбныя народу, у камісіі не праходзілі, а тыя, у каго быў зусім ніякі бэкграўнд, але якія падтрымлівалі ўладу, там апынуліся. Ёсьць на нашых постсавецкіх шыротах літара закону, а ёсьць дух закону.

Улада не баіцца прымаць заканадаўчыя зьмены, якія нібыта ў іншых краінах прыводзяць да большай дэмакратызацыі працэсу, але ў канкрэтнай беларускай не прыводзяць нават да ўяўнай лібэралізацыі.

Перад заходнімі назіральнікамі ўлады прынялі нейкія новыя, нібыта больш прагрэсіўныя ці дэмакратычныя, палажэньні, якія павінныя былі лібэралізаваць выбарчы працэс. Але мэтады ўжываньня гэтых рэгуляцыяў яны абарочваюць на сваю карысьць. Улада паказала, што прыгожа можа спраўляцца з новымі папраўкамі, каб на месцы выдаваць свой вынік.

Апазыцыйныя партыі гэта ўсё разумеюць. Напрыклад, партыя БНФ заяўляе: у склад камісіяў «патрапілі прадстаўнікі праўладных арганізацыяў, якія гатовыя выканаць любы загад улады. Вылучэньне ад гэтых арганізацыяў належным чынам не было аформленае. Вылучэнцаў ад Партыі БНФ, якія прадставілі належным чынам аформленыя дакумэнты, не ўключылі ў камісіі таму, што яны маглі б перашкодзіць фальсыфікацыям выбараў».

Я б канстатаваў новую рэальнасьць, калі ўлада не баіцца прымаць заканадаўчыя зьмены, якія нібыта ў іншых краінах прыводзяць да большай дэмакратызацыі працэсу, але ў канкрэтнай беларускай не прыводзяць нават да ўяўнай лібэралізацыі.

Дракахруст: Прыгадваецца стары анэкдот часоў перабудовы: як на савецкіх заводах ні рабі канвэрсію, усё роўна на выхадзе атрымліваецца аўтамат Калашнікава. Як тут ні лібэралізуй заканадаўства, усё роўна атрымліваецца тое самае, пакуль сыстэма не складзецца як картачны дамок. А пакуль яна не складаецца, то дзейнічае паводле ранейшых альгарытмаў.

Станоўчы момант — апазыцыя, можа ня ўся, але частка, пайшла ў народ. Днямі адбыўся пікет каля Батанічнага саду ў Менску, дзе былі прадстаўленыя тры лідэры правацэнтрысцкай апазыцыі — Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч.

Варта сказаць, што паводле беларускага заканадаўства партыі на сваіх зьездах могуць вылучаць кандыдатаў наўпрост рашэньнем партыйнага органу, так што збор подпісаў не такі ўжо для партыяў і абавязковы. Але яны ідуць на тое, каб дубляваць гэтыя партыйныя вылучэньні і зборам подпісаў ад народу.

Народ злы, народ шукае альтэрнатыву. Але гэта ня значыць, што зараз ён прыме любую альтэрнатыву.

Адзін пікет ня робіць вясны, але цікава, якой будзе актыўнасьць людзей, як яны будуць прыходзіць на гэтыя пікеты, слухаць, што гавораць кандыдаты. На мітынгі прыходзіць ня так шмат людзей, а тут дазволеная сустрэча з апазыцыяй. Гэта будзе добрым індыкатарам, якія ўсё ж настроі людзей, наколькі сацыяльнае незадавальненьне можа трансфармавацца ў палітычнае дзеяньне.

Таксама гэта выпрабаваньне для партыяў, для кандыдатаў, якія ідуць на выбары. Народ злы, мы ведаем вынікі апошняга апытаньня НІСЭПД — народ шукае альтэрнатыву. Але гэта ня значыць, што зараз ён прыме любую альтэрнатыву. Сказаць, што тысячы людзей на гэты пікет зьбегліся, нельга. Але ўсё можа быць, калі будзе сказанае нейкае слова, нешта будзе прапанаванае, то можа зьбягуцца.

Не зьбягуцца, дык Ярмошына ўсё падлічыць, як раней лічыла. А пачнуць зьбягацца, то хто ведае — сёе-тое ў сьвеце адбываецца і насуперак волі Ярмошынай і яе боса.

Карбалевіч: Пакуль усё ідзе паводле звыклага сцэнару. Адзінкі прадстаўнікоў апазыцыі дапусьцілі ў абласныя і акруговыя выбарчыя камісіі. Напрыклад, па дадзеных руху «За Свабоду», з 48 яго вылучаных прадстаўнікоў у камісіі патрапіла ўсяго двое. Напрыклад, у Сухарава не ўключаная ў склад камісіі вядомы адвакат Тамара Сідарэнка.

Лукашэнка даў сыгнал «вэртыкалі», што выбары павінны прайсьці, як звычайна, а лібэральныя заявы Ярмошынай адрасаваныя выключна Захаду.

Ад БНФ у абласныя камісіі ўключылі дваіх з шасьці. Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску агучыла выніковыя лічбы. Паводле Ярмошынай, у 110 акруговых камісяў трапілі 77 прадстаўнікоў КПБ, 42 — Партыі працы і справядлівасьці, 10 — ЛДПБ. З апазыцыйных партый у камісіі трапілі 5 сяброў Партыі БНФ (з 45). Ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі нікога ў выбарчыя камісіі не ўключылі.

Лідзія Ярмошына патлумачыла, што ўлады тут ні пры чым — маўляў, апазыцыянэры самі вінаватыя, бо спазьніліся з падачай дакумэнтаў. Гэта новы аргумэнт — зьніклі дакумэнты. АГП даказвае, што з падачай дакумэнтаў усё было ў парадку, яны былі пададзеныя своечасова.

Лукашэнка на закрыцьці пятага Ўсебеларускага сходу 23 чэрвеня выказаўся так: «У чарговы раз хачу цьвёрда заявіць: ніхто, акрамя беларускага народа, ня можа вырашаць, як яму жыць, як разьвівацца, якім законам быць на нашай зямлі і якім будзе парлямэнт і іншыя органы ўлады». Гэта — сыгнал «вэртыкалі», што выбары павінны прайсьці, як звычайна, а на лібэральныя заявы Ярмошынай ня варта зьвяртаць увагі, яны адрасаваныя выключна Захаду.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG