Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Рассельгаснагляд спыніў пастаўкі сухога малака з 5 беларускіх прадпрыемстваў? Ці спраўдзілася пагроза Ўладзімера Пуціна, што ў выпадку працягу ўвозу падсанкцыйных тавараў з Беларусі ў РФ у беларускіх вытворцаў сельгаспрадукцыі зьявяцца праблемы зь іх збытам?

Чаму Рассельгаснагляд спыніў пастаўкі сухога малака з 5 беларускіх прадпрыемстваў? Ці спраўдзілася пагроза Ўладзімера Пуціна, што ў выпадку працягу ўвозу падсанкцыйных тавараў з Беларусі ў РФ у беларускіх вытворцаў сельгаспрадукцыі зьявяцца праблемы зь іх збытам?

Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.


Дракахруст: Рассельгаснагляд з 4 ліпеня прыпыніў дзеяньне дазволаў на экспарт у Расею сухога малака з шэрагу прадпрыемстваў Беларусі. Паводле заявы кіраўніка гэтага ведамства Сяргея Данкверта, прадукцыя была прызнаная небясьпечнай і няякаснай паводле паказьніку масавай долі бялку ў сухім абястлушчаным рэчыве.

Па дадзеных Рассельгаснагляду, паніжаная доля бялку была знойдзена ў прадукцыі Ваўкавыскага прадпрыемства «Беллакт», Слуцкага сыраробнага камбінату і яго Любанскага філіялу, Рагачоўскага малочнакансэрвавага камбінату, Баранавіцкага малакакамбінату.

Беларусь зьяўляецца адным з вядучых пастаўшчыкоў малочнай прадукцыі ў РФ, у тым ліку і сухога малака. Доля Беларусі ў малочным імпарце Расеі за апошнія гады імкліва расьце, не ў апошнюю чаргу — ў выніку контрсанкцыяў РФ адносна харчовай прадукцыі з ЭЗ. Калі ў 2013 годзе доля Беларусі ў малочным імпарце Расеі складала 42%, летась — ужо 83%.

Як толькі ў Расеі псаваліся адносіны зь нейкай краінай, адразу ж знаходзілі ў харчах з гэтай краіны шмат шкодных рэчываў. І здымалі прэтэнзіі, як толькі стасункі наладжваліся.

Ня выключана, што апошнія крокі Рассельгаснагляду тлумачацца сапраўды праблемамі зь якасьцю беларускай прадукцыі. Днямі адпаведнае ведамства Беларусі — дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду — сам прыпыніў выдачу вэтэрынарных сэртыфікатаў на экспарт у Расею прадукцыі некалькіх беларускіх прадпрыемстваў, а прадукцыя шэрагу іншых прадпрыемстваў пераведзеная на ўзмоцнены лябараторны кантроль.

Нейкія парушэньні знайшлі самі беларусы, нейкія іншыя і сапраўды маглі знайсьці расейцы.

Але вядомая шматгадовая практыка Рассельгаснагляду. Як толькі ў Расеі псаваліся адносіны зь нейкай краінай ці Масква хацела нейкую краіну за нешта пакараць, гэтае ведамства адразу ж знаходзіла ў харчах з гэтай краіны шмат шкодных рэчываў. І гэтак жа вокамгненна здымала ўсе прэтэнзіі, як толькі стасункі наладжваліся.

Прынамсі, такая сытуацыя была з беларускай малочнай прадукцыяй летам 2009 году. Тады Масква была незадаволеная збліжэньнем Беларусі з Эўропай, і беларускае малако раптам стала няякасным. Адыграў тады сваю ролю і лябісцкі ціск на расейскі ўрад з боку расейскіх вытворцаў малака, незадаволеных канкурэнцыяй беларускіх калегаў.

Лукашэнка тады ўчыніў палітычны дэмарш, не паехаў на саміт АДКБ, намякнуў на магчымасьць выхаду краіны з гэтай арганізацыі. Праз пэўны час канфлікт быў залагоджаны і «атрута» з беларускага малака гэтак жа хутка зьнікла, як і зьявілася.

Варта прыгадаць, што нядаўна Ўладзімер Пуцін, падчас візыту ў Менск, заявіў, што калі Беларусь будзе працягваць пхаць у Расею падсанкцыйныя тавары, то ў вытворцаў уласна беларускай сельгаспрадукцыі могуць узьнікнуць цяжкасьці ў яе збыце ў Расею.

Як той казаў, як у ваду глядзеў. У малако, у дадзеным выпадку.

Магчыма, цяперашняя малочная вайна — сапраўды рэалізацыя гэтай пуцінскай пагрозы. Могуць быць і іншыя крыўды — ня скончыўся газавы канфлікт, доўг Беларусі Газпрому, які Менск не прызнае, працягвае расьці. Пад дываном працякае і іншы канфлікт, зьвязаны з тым, што Беларусь не сьпяшаецца ўстаць у расейскі ваенны шыхт. Расейскіх дэсантнікаў могуць запрасіць, каб прайшлі маршам па Менску 3 ліпеня, а наконт, скажам, той жа авіябазы расейцы ўзаемнасьці не адчуваюць. І гавораць: а ў вас малако кепскае. А ў падтэксьце — саступайце па газу, базе і шэрагу іншых пытаньняў.

Карбалевіч: Нагадаю, што паміж Беларусьсю і Расеяй працягваецца нафтагазавая вайна. Беларусь адмовілася плаціць за расейскі газ паводле літары кантракту з «Газпромам», а плаціць удвая ніжэйшую цану, якую сама ўстанавіла. Таксама Менск адмаўляецца пастаўляць нафтапрадукты на расейскі рынак. У адказ Расея аб’явіла, што скарачае пастаўкі нафты ў Беларусь на 5 млн тон, з 23 млн т, як плянавалася, да 18 млн т.

Як лічаць расейскія саюзы вытворцаў малака, беларуская прадукцыя на расейскім рынку канкурэнтаздольная за кошт таго, што беларускія вытворцы атрымліваюць дзяржаўныя датацыі.

Што тычыцца малочнай вайны. Думаю, у яе аснове ляжыць канкурэнтная барацьба расейскіх і беларускіх вытворцаў за расейскі рынак. Зразумела, расейскія ўлады абараняюць сваіх вытворцаў. Гэтая гісторыя цягнецца шмат гадоў.

Справа ў тым, што, як лічаць расейскія саюзы вытворцаў малака, беларуская прадукцыя на расейскім рынку канкурэнтаздольная за кошт таго, што беларускія вытворцы атрымліваюць дзяржаўныя датацыі. Таму яны патрабавалі ад уладаў РФ абмежаваць пастаўкі малочнай прадукцыі з Беларусі. Былі ўведзеныя квоты. Што, дарэчы, супярэчыць прынцыпу адзінай эканамічнай прасторы, якая зафіксавана ў дамовах аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Цяпер, у зьвязку з тым, што Расея ўвяла эмбарга на пастаўкі харчаваньня з ЭЗ, магчымасьці Беларусі павялічыліся. Але вось зноў зьявіліся абмежаваньні. Масква пусьціла ў ход звыклую зброю — Рассельгаснагляд. Калі ў адзін момант высьвятляецца, што прадукцыя адразу некалькіх беларускіх прадпрыемстваў раптам стала не адпавядаць патрэбнай якасьці, то відавочна, што за гэтым стаіць рашэньне дзяржаўных органаў РФ трохі абмежаваць беларускі імпарт малочнай прадукцыі.

Беларусь за кошт расейскіх ільготаў па энэргарэсурсам падтрымлівае сваіх вытворцаў, якія выціскаюць расейскіх вытворцаў на іх жа рынку.

Тут цікавая сама сытуацыя. Беларусь за кошт расейскіх ільготаў па энэргарэсурсам падтрымлівае сваіх вытворцаў, якія выціскаюць расейскіх вытворцаў на іх жа рынку. Вось такая «брацкая інтэграцыя».

Цыганкоў: Беларусь за гэтыя гады неяк здолела стварыць сабе імідж — прынамсі, у расейцаў — вытворцы высокаякаснай прадукцыі, сапраўднай, прыроднай, натуральнай. Але на самой справе гэта ў пэўным сэнсе ілюзія.

Сапраўды, у Беларусі нормы вышэйшыя, чым, напрыклад, у Расеі — але яны далёкія ад эўрапейскіх стандартаў. Заўважу, што прэтэнзіі да беларускага малака выказваліся ня толькі Расеяй — у верасьні 2015 году на гэтую тэму выказваўся прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў.

«Мы з нашым сябрам Аляксандрам Рыгоравічам спрачаемся. Ён шпарыць сюды парашок гэты, парашок разводзіцца і прадаецца. Гэта зусім ня цэльнае малако, гэта малочны напой, ён на Захадзе такім і лічыцца, а прадаецца па такіх жа коштах, па якіх прадаецца нашае малако», — адзначыў тады Назарбаеў.

Малочная вайна будзе разгарацца ці прыглушацца паводле палітычных прычынаў.

Малочная вайна будзе разгарацца ці прыглушацца паводле палітычных прычынаў. Але ёсьць і падставы чыста тэхналягічныя — гэта і прыклад з Назарбаевым, і тое, што расейскае малочнае лобі ўвесь час адстойвае свае пазыцыі.

Беларускае малако трапляе на расейскі рынак у значнай ступені за кошт чаго? За кошт датацыяў беларускім вытворцам. Гэта па нормах Эўразьвязу недапушчальна, паколькі там вельмі строга сочаць за цэнамі і датацыямі, а тут атрымліваецца за кошт таннай расейскай нафты і дзярждатацыяў Беларусь робіць больш таннае малако і ім заваёўвае расейскі рынак. Расейская дзяржава такім чынам спансаруе беларускіх вытворцаў і хавае сваіх уласных.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG