Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 6 ліпеня: Купальле


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. Сустрэча з Андрэа Віктарын, кіраўніцай Дэлегацыі Эўразьвязу ў Беларусі. Дыпляматка раскажа пра свой вопыт кіраваньня кадрамі ў МЗС Нямеччыны і пра некаторыя аспэкты Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў. Пачатак у 18:00.

Менск. Адкрыцьцё выставы кандыдата гістарычных навук Ігара Мельнікава, прысьвечанай гісторыі ўдзелу беларусаў у складзе Войска Польскага ў барацьбе з нацызмам на розных франтах Другой сусьветнай вайны. Месца правядзеньня — Нацыянальны гістарычны музэй (вул. К. Маркса, 12). Пачатак а 17:00.

Менскі р-н, в. Азярцо. Сьвята Купальля. У праграме: купальскія песьні і традыцыйная жывая беларуская музыка; здабываньне «жывога агню»; карагоды вакол купальскага вогнішча; майстар-клясы па беларускіх танцах; пошук папараць-кветкі; купальскія гульні і забавы; варажба каля ракі; конкурс «Русальны вянок». Месца правядзеньня — Музэй народнай архітэктуры і побыту. Пачатак а 19:00.

Лагойскі р-н, Гарналыжны цэнтар «Сілічы». Сьвята «Купальле-2016». Можна будзе пакатацца на конях і атракцыёнах, пераскочыць праз купальскія вогнішча і паваражыць на нарачонага, пускаючы вянкі, а таксама паўдзельнічаць у конкурсах. Пачатак у 18:00.

У ГІСТОРЫІ:

1253 — вялікі князь літоўскі Міндоўг каранаваны ў сваёй рэзыдэнцыі ў Наваградку, які тады быў сталіцай Вялікага Княства Літоўскага.

Карл Фрыдрых Лесінг. «Ян Гус у Саваеце ў Канстанцы»
Карл Фрыдрых Лесінг. «Ян Гус у Саваеце ў Канстанцы»

1415 — спалены Ян Гус, чэскі рэлігійны дзяяч, нацыянальны герой Чэхіі, прапаведнік, мысьляр, ідэоляг чэскай Рэфармацыі. Быў сьвятаром і некаторы час рэктарам Праскага ўнівэрсытэту. 6 ліпеня 1415 году ў горадзе Канстанц быў спалены разам са сваімі працамі. Сьмерць Гуса спрычынілася да пачатку Гусіцкіх войнаў, якія вялі яго прыхільнікі (гусіты) супраць Габсбургаў і іх прыхільнікаў. Радыкальныя гусіты (табарыты), якія патрабавалі рэлігійнай рэформы, пацярпелі паразу, памяркоўныя гусіты (чашнікі) вымушаныя былі спыніць барацьбу, таму Рэфармацыя ў Чэхіі не адбылася. Дагэтуль каталіцкая царква не рэабілітавала Гуса. Нягледзячы на гэта, у Чэхіі Гус карыстаецца павагай, існуюць помнікі, музэі і вуліцы, якія носяць яго імя.

1786 — даляр зрабіўся нацыянальнай валютай ЗША.

1947 — адбыўся Першы зьезд беларусаў у Остэргофэне (Нямеччына) і выбары Беларускага нацыянальнага камітэту (БНК), у які ўвайшлі Францішак Кушаль, Аўген Калубовіч, Леў Гарошка, Барыс Рагуля і іншыя.

1957 — адбылася першая сустрэча Джона Ленана і Пола Макартні.

У памяці:

1851 — нарадзіўся Янка Лучына, беларускі паэт. Ягоны зборнік «Вязанка» быў выдадзены пад выглядам кніжкі на баўгарскай мове, каб абысьці расейскую цэнзуру, якая забараняла беларускамоўны друк. У сваёй «Гісторыі беларускай літаратуры» Максім Гарэцкі адзначаў: «З друкаваных асабліва вызначаецца яго верш „Роднае старонцы“, дзе чуецца засмучоная душа шчырага сына роднай старонкі».

1887 — нарадзіўся сусьветна вядомы мастак габрэйскага паходжаньня Марк Шагал, які пражыў 97 гадоў.

1905 — нарадзіўся Пятро Глебка, беларускі паэт, драматург, перакладчык.

1909 — нарадзіўся Сяргей Грыцавец. Ваенны лётчык і двойчы герой Савецкага Саюзу, ён паходзіў зь вёскі Бароўцы Баранавіцкага раёну. Бюст Грыцаўца доўгі час стаяў у Менску на тым месцы, дзе цяпер помнік Янку Купалу ў Купалаўскім сквэры. Цяпер бюст стаіць у іншым сквэры — на праспэкце Незалежнасьці. Сяргей Грыцавец з 1936 году ваяваў у Гішпаніі, у 1939-м змагаўся на рацэ Галгін-Гол. Там быў падбіты самалёт ягонага сябра, і той на парашуце спусьціўся проста ў лягер праціўніка. Грыцавец хутка пасадзіў сваю машыну на варожай тэрыторыі, схапіў калегу і ўзьняўся ў паветра.

1927 — нарадзіўся Кастусь Харашэвіч, беларускі мастак.

1946 — нарадзіўся Джордж Буш-малодшы, 43-ці прэзыдэнт ЗША.

1962 — памёр амэрыканскі пісьменьнік Уільям Фолкнэр, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1949.

1977 — нарадзіўся Макс Мірны, беларускі тэнісіст.

Ёсьць нагода:

У Літве адзначаецца Дзень дзяржавы, зьвязаны з каранацыяй вялікага князя Міндоўга.

Цытата:

Той, хто баіцца сьмерці, губляе радасьці жыцьця.

Ян Гус

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG