Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ва ўкраінскім Дняпры пакажуць «Беларусаў з Украінай у сэрцы»


Фрагмэнт афішы

Фрагмэнт афішы

Выстава прац беларускіх мастакоў, якія рабіліся падчас пленэру пад Данецкім аэрапортам мінулай восеньню, адкрыецца 5 ліпеня.

З 5 па 10 ліпеня ў Дняпры (Украіна) адкрыецца выстава прац «Беларусы з Украінай у сэрцы». Урачыстае адкрыцьцё заплянаванае на 13:00 5 ліпеня на першым паверсе гандлёвага цэнтру «Пасаж».

На выставе пакажуць чатыры дзясяткі работ Генадзя Драздова, Алеся Сушы, Алеся Цыркунова, Алеся Пушкіна, Андруся Такінданга і ўкраінца Тараса Носара, якія рабіліся ў лістападзе 2015 году ў Пясках, недалёка ад Данецкага аэрапорту на тэрыторыі, якую кантралююць украінскія вайскоўцы. Карціны маляваліся амаль у баявых умовах, практычна на перадавой.

Выстава будзе дапоўненая інсталяцыяй з рэчаў, знойдзеных у зруйнаванай будоўлі школы ў Пясках.

«У нас ёсьць надзея, што праз мастацтва ўдасца спыніць вайну», — казаў Свабодзе адзін з удзельнікаў пленэру Андрусь Такіданг, які пазьней запісаў песьню «Страляюць» і зьняў кліп па матывах пленэру.

«Роля мастака — антымілітарная, антываенная, — тлумачыў Свабодзе іншы ўдзельнік пленэру Алесь Пушкін. — Нельга забіваць адзін аднаго дзеля розных перакананьняў. Трэба ў любых умовах дамаўляцца і мірна суіснаваць. Мастацтва мусіць адцягваць увагу чалавека ад вайны. На жаль, яе пакуль не ўдаецца канчаткова патушыць у нашай братняй Украіне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG