Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі журавінавы рай даступны для ўкраінцаў. Часова


Апошнія некалькі гадоў у летні сэзон памежнікі Беларусі неаднаразова затрымлівалі грамадзян Украіны, якія незаконна перасякалі мяжу для збору ягад і грыбоў у беларускіх лясах.

Сёлета Беларусь дазволіла ўкраінцам «ціхае паляваньне» на сваёй тэрыторыі. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра сэзонны доступ жыхароў памежных раёнаў Роўненскай вобласьці на тэрыторыю беларускага запаведніка «Альманскія балоты».

Летась з чэрвеня па кастрычнік у гэтым рэгіёне беларускія памежнікі затрымалі каля сотні грамадзян Украіны за парушэньне памежнага рэжыму, 15 зь іх былі дэпартаваныя зь Беларусі з забаронаю на розныя тэрміны наступнага ўезду.

Украінская статыстыка парушальнікаў яшчэ большая: у той жа сэзон памежнікі затрымалі 2300 дарослых і 860 непаўналетніх, якія спрабавалі трапіць на беларускую тэрыторыю для збору чарніц і журавін. Сёлета гэтая статыстыка мае стаць меншай.

Беларускія і ўкраінскія памежнікі дамовіліся пра арганізацыю сэзоннага доступу ўкраінцаў на тэрыторыю Беларусі. Ён будзе дзейнічаць двойчы — у пэрыяд з 1 ліпеня да 10 жніўня, а таксама з 1 верасьня па 15 лістапада.

Цяпер жыхары 12 памежных населеных пунктаў Ракітнаўскага раёна Ровенскай вобласьці змогуць перасякаць мяжу для збору дзікіх расьлінаў на тэрыторыі «Палескага лясгасу» Беларусі і не баяцца быць затрыманымі.

Але пры выкананьні пэўных умоваў. Спрошчаны парадак дзейнічае штодня ад шостай ранку да дзесятай гадзіны вечара ўлетку і ад 8.00 да 20.00 увосень у трох часовых пунктах «Дроздынь», «Бярозавае» і «Познань» з абавязковым вяртаньнем на тэрыторыю Ўкраіны ў дзень перасячэньня дзяржаўнай мяжы.

Пры гэтым грамадзяне могуць перасякаць мяжу толькі пешшу або на ровары. І галоўнае — апроч пашпарту і дакумэнтаў, пацьвярджаючых пражываньне ў памежных вёсках, украінцы маюць атрымаць адмысловы пропуск памежнай службы Беларусі і імянную квітанцыю пра аплату за наведваньне рэспубліканскага ляндшафтнага заказьніка «Альманскія балоты» цягам сэзону — 210 беларускіх рублёў. Разам з тым, яшчэ ня ўсе жыхары памежных раёнаў адаптаваліся да новага парадку. Ужо сёлета ўкраінскія памежнікі затрымалі трох парушальнікаў і папярэдзілі спробы незаконна перасекчы мяжу 500 дарослымі і 201 непаўналетнімі. Іх пропускі на наведваньне памежнай зоны скасаваныя, а самі яны прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці.

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны таксама папярэджвае грамадзян, што Беларусь можа ў аднабаковым парадку скасаваць дамоўленасьці пра сэзонны спрошчаны парадак перасячэньня мяжы «ў выпадку сыстэматычных парушэньняў, незаконнай высечкі лесу, распальваньня вогнішчаў, выкіданьня сьмецьця і несвоечасовага вяртаньня на тэрыторыю Ўкраіны».

XS
SM
MD
LG