Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хто яна, беларуская русалка?


«Сьвіцязянка». Карціна Казіміра Альхімовіча (фрагмэнт), напісаная ў 1898–1900 гадох. Створана паводле аднайменнай баляды Адама Міцкевіча «Сьвіцязянка»

«Сьвіцязянка». Карціна Казіміра Альхімовіча (фрагмэнт), напісаная ў 1898–1900 гадох. Створана паводле аднайменнай баляды Адама Міцкевіча «Сьвіцязянка»

Гутарка з этнакультуролягам Цімафеем Авіліным.

Вячаслаў Ракіцкі: У вершы Янкі Купалы «Русалка» чытаем:

У ціне, як бледны месяц засьвеціцца,

Будзе русалка плаваць, кружыцца;

К ёй вадзянік там збліжыцца сватацца,

Выйдзе і сядзе зь ёй над крыніцай!

А вось і радкі Максіма Багдановіча пра русалку:

Месяц белы цягне з возера срэбныя сеці.

У іх русалкі заблуталі косы, —

Рвуць і блытаюць срэбныя ніці;

Ноч плыве над зямлёй, сее росы,

Ноч шапоча русалкам: «Засьніце».

А яшчэ можна было працытаваць і паэтычныя радкі Адама Міцкевіча пра ўсё тую ж русалку. Гэты міталягічны пэрсанаж папулярны і ў іншых народаў. Узгадайма хоць бы знакамітую казку Ганса Хрысьціяна Андэрсана «Русалачка» і скульптуру, прысьвечаную ёй у Капэнгагене, якая стала сымбалем гораду.

Дык чаму русалка такі папулярны пэрсанаж у фальклёры многіх народаў сьвету, у тым ліку, і беларускага?

Цімафей Авілін: Мяркую, што ня толькі русалкі папулярныя, але і шмат іншых пэрсанажаў. Папулярнасьць — у чымсьці паняцьце гарадзкое, навукова-папулісцкае, — бо, насамрэч, чалавек, які верыць у гэтыя пэрсанажы, часта нават не дае ацэнкі гэтай зьяве. Яны проста існуюць разам у адной прасторы і часе. А ў гарадзкой прасторы, відавочна, зьяўляецца шмат штучных узмацняльнікаў — мода, абавязковая адукацыя, інтэрнэт. Большасьць людзей уяўляюць русалку як дзяўчыну з хвастом ці ўзгадваюць Пушкіна — для іх сапраўдная беларуская русалка не існуе ў тым выглядзе, якім яна была.

Адна з заставак да праскіх выданьняў Францішка Скарыны - малюнак «Русалкі», 1517 – 1519 гады. Выкарыстаны 8 разоў

Адна з заставак да праскіх выданьняў Францішка Скарыны - малюнак «Русалкі», 1517 – 1519 гады. Выкарыстаны 8 разоў

Ракіцкі: Вось пра беларускую русалку і будзем гаварыць. Якое яе паходжаньне? Хто яна, беларуская русалка?

Авілін: Як правіла, русалкай становіцца пасьля сьмерці чалавек, які патапіўся, часам — апойца і ўвогуле — самагубцы. Ад таго русалку ўяўлялі часьцей як звычайную жанчыну — маладую дзяўчыну, апранутую ў лахманы або белую сукенку (часам у вясельную сукенку) часам — як страшную старую жанчыну. Дарэчы, ёсьць вераваньні, што русалкамі становяцца маладыя нявесткі, якія ўпіліся да сьмерці падчас вясельля.

Ракіцкі: Русалкі — гэта жанчыны ці мужчыны?

Авілін: Як правіла, русалку параўноўваюць з жанчынай, радзей — з мужчынам. Бо, разумееце, душа — яна бязгендэрная, так бы мовіць. Хаця, канешне, уяўляць жанчыну з рагамі або капытамі нешта ня дужа хочацца.

Ракіцкі: Дзе яны водзяцца?

Авілін: Русалкі ня маюць нейкай адной трывалай прапіскі. Беларусы вылучалі некалькі асноўных месцаў жыхарства — лес, поле, вада (возера, рака). Вядомыя і меней распаўсюджаныя — агароды і могілкі, калодзеж, лазьня, неба. Лічыце, што русалкі жылі побач з чалавекам, так бы мовіць, памяталі сваё папярэдняе месца жыхарства. У прынцыпе, амаль кожны міталягічны пэрсанаж жыве побач з чалавекам, бо інакш ад яго няма ніякага сэнсу. Хто ў нас будзе распавядаць пра эльфаў якіх ці горных карлікаў?

Ракіцкі: Каму зьяўляюцца русалкі і калі?

Часьцей за ўсё русалка яўлялася на Русальны тыдзень. У некаторых аповедах русалкі нават цэлы год жывуць у чалавека і працуюць у хаце харчуючыся толькі парам.

Авілін: У прынцыпе, русалку мог пабачыць кожны чалавек. Але часьцей за ўсё русалка яўлялася на Русальны тыдзень. Даволі часта інфарманты згадваюць, што бачылі русалак на полі падчас красаваньня жыта. У некаторых аповедах русалкі нават цэлы год жывуць у чалавека і працуюць у хаце харчуючыся толькі парам. Ёсьць матывы, калі русалка губляе сваё дзіцянё, а чалавек знаходзіць яго — за тое русалка яму дапамагае.

Ракіцкі: Русалкі ў фальклёры пэрсанажы станоўчыя, ці адмоўныя?

Авілін: Мне падаецца, ні ў міталёгіі, ні ў жыцьці падзяляць на добрае і злое нельга — атрымліваецца гэткая бінарнасьць нуля і адзінкі. Русалка — амбівалентны пэрсанаж: у некаторых выпадках яна можа забіць чалавека — гэта, ведама ж, адмоўная рыса, але забівае тых, хто топча жыта. У іншых выпадках, русалка дапамагае чалавеку. Тады яна цалкам станоўчы пэрсанаж.

Ракіцкі: Кім ёсьць русалка ў народным мэнталітэце? Нячыстай сілай, сьвятой?

Авілін: Зноў жа — у некаторых рэгіёнах кажуць, што русалка — нячыстая сіла, а ў іншых, што яна сьвятая. Увогуле, мне падаецца, што паняцьці сьвятасьці і нячыстасьці вельмі блізкія, паміж імі вельмі тонкая мяжа. Глядзіце, з аднаго боку, русалка — дзяўчына-тапелец, якая не дайшла, што вельмі важна, да Бога і засталася на гэтым сьвеце ў новым, так бы мовіць, абліччы. А зь іншага боку —гэта калісьці вясковая дзяўчына, то бок, у некаторай ступені наш продак, які нам дапамагае.

Вячаслаў Ракіцкі і Цімафей Авілін у студыі Радыё Свабода

Вячаслаў Ракіцкі і Цімафей Авілін у студыі Радыё Свабода

Ракіцкі: Русалкі — гэта вобраз эратычны?

Авілін: Калі пад эротыкай разумець «духоўную прагу інстынкту працягу роду», дык наўрад ці памерлая дзяўчына або старая са шклянымі грудзямі будзе выклікаць падобныя пачуцьці. Іншая справа, што русалкі маглі праз свае чароўныя песьні і прыгажосьць заманьваць маладых хлапцоў. У такім разе, за конт падобнага «падману» — так, можна лічыць іх эратычнымі. Больш за тое, сучасны папулярны вобраз русалкі безумоўна зьяўляецца эратычным, хоць і ўся эротыка ў тым, што русалкі уяўляюцца топлес.

Ракіцкі: Якія вераваньні архаічных беларусаў увасобіліся ў вобраз русалкі?

Авілін: Мне падаецца, што лепей запытацца, чаму русалка ўвогуле была важная нашым продкам. І тут ёсьць некалькі сапраўды даволі старажытных адгалоскаў, якія дайшлі да нашых дзён. У Беларусі вядомае такое сьвята як «Провады русалкі», якое, як мяркуюць, некаторыя дасьледчыкі, можа быць адной з трансфармацыяў сьвята «Важджэньне куста», які сваімі вытокамі зьвязаны з патрыярхальна-родавай супольнасьцю. Падобнага тыпу абрады характэрныя для дрыгавічоў, якія, як вядома, мелі некаторы ўплыў і на радзіміцкую культуру. Яшчэ адна важная старажытная функцыя русалак — ахоўная. Русалка ахоўвае жыта, каб яго не памялі.

Кожнае лета апошнія два дзесяцігодзьдзі ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёну ладзяць старадаўні летні абрад — Русальле:

Ракіцкі: Чым адрозьніваюцца беларускія русалкі ад русалак у фальклёры іншых народаў? Прыкладам, ад дацкай русалачкі Андэрсана?

Авілін: Русалка Андэрсана, гэта хутчэй такая марская дзева. У нас таксама вядомыя хвастатыя русалкі, але усё ж беларускі народ часьцей згадвае пра чалавекападобных русалак.

Ракіцкі: Русалка зьяўляецца толькі ў абліччы людзей?

Авілін: Што цікава, антрапаморфны вобраз не адзіны, хоць і вельмі разнастайны і распаўсюджаны. Гэта можа быць старая страшная жанчына, якая можа заказытаць велічэзнымі жалезнымі цыцкамі. Або жанчына з інфэрнальнымі прыкметамі — мець рогі, капыты, луску, велічэзныя зубы. Назваць такую жанчыну чалавекам, даволі рызыкоўна! Апроч гэтага, беларусы ўяўлялі сабе русалку і ў вобразе жалезных птушак і нават малпаў!

Ракіцкі: Чаго баяцца, што любяць русалкі?

Авілін: Русалкі любяць сьпяваць, вадзіць карагоды, вышываць — усё тое, што любіла ў мінулым вясковая дзяўчына. Калі пужаньне людзей, асабліва дзяцей, якія топчуць жыта, можна назваць любімай справай — тады так, гэта яны таксама любяць рабіць. А вось са страхаў — хіба што, звычайныя практыкі людзей супраць нячысьцікаў — малітва і крыж. Ёсьць вераваньні, што русалка ня можа перасекчы мяжу на полі, але зноў жа — гэта своеасаблівы вобраз мяжы паміж яе сьветам і чалавечым.

Ракіцкі: А сёньня, ці ёсьць людзі, якія ў іх вераць? Навошта сучасным людзям гэтыя байкі?

Авілін: Канешне, ёсьць. Нават некаторыя інфарманткі мне распавядалі, як самі бачылі русалак! А іншыя, да прыкладу, маглі самі апрануцца ў лахманы і схавацца ў жыце. А потым, як дзеці пачыналі гуляць і таптаць жыта, дык жанчына выскоквала зь яго і пужала дзяцей! Навошта сучасным людзям гэтыя байкі — пытаньне важнае. У прынцыпе, яго можа экстрапаляваць на ўсе традыцыйныя міталягічныя пэрсанажы — навошта яны нам? Мне падаецца, што ў чалавека заўжды застанецца хоць крыху містычнай прасторы, у якой гэтыя пэрсанажы будуць жыць. Гэта могуць быць казкі, кампутарныя гульні, расповеды падчас турыстычных маршрутаў, нейкія ўпрыгожаньні прыладаў. Кожны міталягічны пэрсанаж — невычарпальная крыніца для творчасьці ва ўсіх яе праявах. У навуковым пляне, кампаратывісцкія дасьледаваньні русалкі як пэрсанажа фальклёру дазволяць знайсьці новыя факты генэзісу беларусаў, уплываў іншых народаў на нашы мову і літаратуру. І зноў жа — без вывучэньня беларускай культуры немагчыма асэнсаваць эўрапейскую культуру ў цэлым.

За горэю крэмянэю. Кліп гурту «GUDA»:

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG