Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вяртаюцца культавыя «Навінкі»: «У Беларусі шмат шызовага, ахвяраў для кпінаў хапае»


Газэта "Навінкі", 1998 год

Газэта "Навінкі", 1998 год

Касьцяк рэдакцыі застаецца ранейшым — Паўлюк Канавальчык і Лёлік Ушкін. І хоць цяпер «Навінкі» будуць існаваць у Інтэрнэце ў выглядзе сатырычнага блогу, мэты яго не зьмяняюцца — кпіць і высьмяхацца.

1 ліпеня ў інтэрнэце запрацаваў сайт «Навінкі» — электронная вэрсія палітычна-сатырычнай газэты, якая выходзіла ў Беларусі з 1998 па 2005 год.

Дзень, калі ў Беларусі адбылася дэнамінацыя, абраны для запуску сайту невыпадкова. Як адзначыў яго галоўны рэдактар Паўлюк Канавальчык, «у Беларусі адбываецца шмат шызовага, але да гэтага часу няма спэцыялізаванага інтэрнэт-выданьня, якое б асьвятляла гэты абсурд праз прызму сатыры гумару».

Стваральнікі сайту называюць «Навінкі» «сатырычным блогам ад выдаўцоў калісьці культавай газэты «Навінкі» і запрашаюць да супрацы крэатыўных стваральнікаў сатырычных матэрыялаў любой формы.

Павал Канавальчык

Павал Канавальчык

«Мы будзем ствараць унікальны кантэнт, а не перадрукоўваць тое, што ўжо існуе. Мы моцна арыентуемся на сацыяльныя сеткі, але ня лічым іх канкурэнтам, хоць менавіта там і ствараецца вялікая колькасьць гумарыстычнага і сатырычнага матэрыялу на тэму актуальных падзеяў у Беларусі. Але канкурэнцыі тут ня будзе. Мы наадварот заклікаем да супрацы тых, хто саматужна робіць нешта, скажам, у Фэйсбуку і хоча ствараць нешта ў іранічным ці сатырычным стылі — калажы, карыкатуры, коміксы, відэа, музыку, коўбы. Гэта тое, што цяпер моцна запатрабавана. Нездарма ж амаль усе значныя для грамадзтва выданьні маюць рубрыку гумарыстысна-сатырычнага кшталту», — кажа Паўлюк Канавальчык.

Ён адзначае, што за амаль 20 год, якія прайшлі з часу выхаду друкаваных «Навінак», да непазнавальнага зьмяніліся формы і спосабы дзейнасьці СМІ, але аб’ект, пра які яны пішуць, застаўся тым самым:

«На жаль, аб’ектам застаюцца ўсё тыя ж грамадзкія дачыненьні, як і 20 гадоў таму. Вядома, яны зьмяняюцца, але генэральна „воз і цяпер там“. Таму ўзнаўленьне „Навінак“ у выглядзе сатырычнага блогу — гэта таксама і спроба мабілізаваць цікаўную частку грамадзтва, і мэтад ўплываць на настрой у грамадзтве».

Сябра рэдакцыі «Навінак» Лёлік Ушкін кажа, што пакуль сайт існуе ў выглядзе аматарскай ініцыятывы, але да восені ёсьць пляны сфармаваць моцную крэатыўную рэдакцыю:

«Тым больш, што поле палітычнай сатыры ў Беларусі вольнае, а патэнцыйных ахвяраў для жартаў хапае».

Лёлік Ушкін

Лёлік Ушкін

Лёлік Ушкін лічыць, што сатырычнае выданьне знойдзе сваю нішу ў Беларусі, дарма што жарты і кпіны ў вялікай колькасьці зьяўляюцца ў сацыяльных сетках:

«Можам для прыкладу ўзяць любое эўрапейскае грамадзтва. Скажам, украінскае. Там інтэрнэт-прастора таксама нашпігавана жартамі і сьмешнымі камэнтарамі і коміксамі, але ўсё роўна ёсьць выданьні, якія спэцыялізуюцца ў гэтым сэгмэнце. Калі ўзяць Францыю, то можна ўзгадаць часопіс „Charlie Hebdo“. Увогуле, у любой краіне ёсьць прафэсійныя рэнтабэльныя выданьні такога кшталту. У нас ёсьць амбіцыя не спыняцца на жартах і прыколах, а даводзіць матэрыял да ўзроўню якаснага прафэсійнага прадукту, які мог бы канкураваць, скажам, на расейскім рынку сатыры».

Лёлік Ушкін лічыць, што ў людзі ў Беларусі гатовыя адкрыта кпіць з уладаў — рэагуючы на словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што трэба «раздеваться и работать», беларусы зладзілі флэшмоб — сталі фатаграфавацца на працоўных месцах без вопраткі і выкладаць здымкі ў сацыяльныя сеткі. Пра акцыя напісалі вядучыя СМІ сьвету.

«У гэтай акцыі цікавая бытавая форма. Увогуле флэшмобам „распранайся і працуй“ людзі паспрабавалі рэагаваць на словы ўлады на сваіх працоўных месцах, рабілі гэта публічна. Для Беларусі гэта ня самы кепскі варыянт. Прынамсі, гэта лепш, чым называць рэжым крывавым, але нічога пры гэтым не рабіць. Вынас сваёй пазыцыі за межы кухні — гэта добра», — адзначыў Лёлік Ушкін.

Газэта «Навінкі» была заснаваная напачатку 1998 актывістамі анархічнай групоўкі «Чырвоны Жонд». Выданьне адразу дакладна вызначылася са стылістыкай — жорсткі трэшавы сьцёб з палітычных рэаліяў, кліпавы мантаж, палітычная карыкатура на мяжы прыстойнасьці, максымальна ангажаваная падача навінаў, сатырычныя коміксы, палітычныя і культуралягічныя правакацыі.

Рэдакцыя акрэсьлівала сваю канцэпцыю як сплаў традыцыяў польскай «Nie!», «Памаранчовай альтэрнатывы», францускага тыднёвіка Charlie Hebdo і савецкага «Кракадзілу».

Спачатку газэта «Навінкі» выходзіла штомесяц накладам 299 асобнікаў, на правах самвыдату чорна-белым друкам. Зь лютага 1999 афіцыйна зарэгістравалася і перайшла на двухкаляровы друк. Зь сярэдзіны 2001 году ў газэце зьявілася аналітычная ўкладка, прысьвечаная міжнароднай палітыцы, беларускім сацыяльным праблемам. У траўні 2003 году выхад газэты быў прыпынены на тры месяцы пасьля двух запар папярэджаньняў Міністэрства інфармацыі Беларусі «за парушэньне маральных нормаў грамадзтва» і «абразу прэзыдэнта». З канца 2003 году выходзіла нерэгулярна накладам 299 асобнікаў у фармаце глянцавага каляровага часопісу.

XS
SM
MD
LG