Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьмічны апарат НАСА «Юнона» праз 5 гадоў пасьля запуску выйшаў на арбіту Юпітэра


Касьмічны апарат «Юнона», які будзе дасьледаваць Юпітэр, пасьпяхова зайшоў на арбіту гэтай плянэты, паведамілі ў НАСА.

Аўтаматычная міжплянэтная станцыя пасьпяхова выканала 35-хвілінны манэўр, падчас якога яна паменшыла хуткасьць і апынулася пад уплывам гравітацыйных сіл Юпітэра, паведамляе ВВС.

Падчас гэтага манэўру камандны цэнтар мог абменьвацца з апаратам толькі простымі сыгналамі, паколькі галоўная антэна зонда ў гэты момант была накіраваная не на Зямлю. Падчас манэўру зонд ляцеў на аўтапілёце, і ўмяшаньне апэратараў на Зямлі было фактычна не патрэбнае.

Плянуецца, што місія «Юноны» будзе доўжыцца паўтара года, а пасьля гэтага яна спусьціцца ў атмасфэру плянэты і самазьнішчыцца.

Кошт касьмічнага апарату $ 1,1 млрд. Ён ляцеў да Юпітэра пяць гадоў. «Юнону» запусьцілі ў 2011 годзе і з тых часоў апарат пераадолеў 3 млрд км.

Гэта другі касьмічны апарат, які выйшаў на арбіту Юпітэра пасьля «Галілеа», які знаходзіўся на арбіце плянэты з 1995 па 2003 год.

Калі праект завершыцца пасьпяхова, навукоўцы ўпершыню змогуць зазірнуць пад аблокі Юпітэра і даведацца шмат новага пра гэту плянэту і пра ўсю Сонечную сыстэму. У прыватнасьці, навукоўцы спадзяюцца, што змогуць праверыць гіпотэзу аб наяўнасьці ў Юпітэра цьвёрдага ядра.

XS
SM
MD
LG