Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТО прапануе афіцыйныя перамовы з Расеяй неўзабаве пасьля свайго саміту ў Варшаве


Генэральны сакратар НАТО Енс Стольтэнбэрг

Генэральны сакратар НАТО Енс Стольтэнбэрг

Генэральны сакратар НАТО Енс Стольтэнбэрг заявіў, што Паўночнаатлянтычны саюз мае намер правесьці афіцыйныя перамовы з Расеяй неўзабаве пасьля свайго саміту на гэтым тыдні.

Як заявіў Стольтэнбэрг, Рада НАТО — Расея адыгрывае важную ролю як форум для дыялёгу і можа павялічыць прадказальнасьць у адносінах, таму НАТО зараз працуе з Масквой адносна правядзеньня сустрэчы пасьля саміту.

Паводле яго словаў, дамовіцца з Расеяй пра такую сустрэчу напярэдадні саміту, да чаго імкнуліся ў НАТО, не ўдалося.

На саміце 8-9 ліпеня ў сталіцы Польшчы Варшаве альянс НАТО, сярод іншага, павінен абмеркаваць разьмяшчэньне дадаткова чатырох батальёнаў па 1000 вайскоўцаў у Эстоніі, Латвіі, Літве і Польшчы, каб умацаваць бясьпеку гэтых краін, якія мяжуюць з усё больш агрэсіўнай Расеяй. У гэтых краінах засьцерагаюцца, што Масква пасьля агрэсіі супраць Украіны можа зацікавіцца імі. Расея заяўляе, што дасьць належны адказ на нарошчваньне ваеннай прысутнасьці НАТО на сваіх межах. Некаторыя аналітыкі ўбачылі першы знак такой рэакцыі Масквы ў разьмяшчэньні вайсковага злучэньня ў Бранскай вобласьці непадалёку ад мяжы зь Беларусьсю.

Адносіны паміж НАТО і Расіяй рэзка пагоршыліся пасьля акупацыі Крыму, а затым яе агрэсіі на часткі ўкраінскага Данбасу. Паўночнаатлянтычны альянс перапыніў практычную супрацу з Масквой, але пакінуў магчымасьць палітычных кантактаў. Рада Расея — НАТО сабралася на сваё паседжаньне ў красавіку гэтага года ўпершыню пасьля двухгадовага перапынку. Аднак сустрэча завяршылася канстатацыяй «глыбінных разнагалосьсяў» у пазыцыях бакоў у пытаньні Ўкраіны і шэрагу іншых.

XS
SM
MD
LG