Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму пэтыцыю ў Байнэце аб забароне вайсковых парадаў з ужываньнем тэхнікі падпісалі толькі каля 3 тысячаў чалавек?

Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.


Дракахруст: Вайсковыя парады, дакладней, падрыхтоўка да іх, стварае шмат нязручнасьцяў жыхарам гораду. Самалёты і грукат танкаў перашкаджаюць сну, бранетэхніка псуе дарожнае пакрыцьцё, перакрыцьцё частак гораду для рэпэтыцыяў таксама не дадае ўтульнасьці. Ну, і выдаткі на парад у небагатай краіне раздражняюць.

Напярэдадні сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці ў Байнэце зьявіўся зварот да ўладаў з прапановай скасаваць парады ў сталіцы з выкарыстаньнем вайсковай тэхнікі. Але, нягледзячы на тое, што сярод ініцыятараў пэтыцыі быў вельмі папулярны блогер Антон Матолька, подпісы пад ёй паставілі толькі каля 3000 чалавек.

Як на мой погляд, дык няшмат. А чаму? Можа праславуты страх, можа ня менш праславутая апатыя і пасіўнасьць. Можа і так. А можа і не.

Мяне ўразіла назва пэтыцыі «Зручны горад». Зручны горад — справа выдатная. Але нагода — вайсковыя парады, прымушае прыгадаць, што жыцьцё нацыяў не складаецца адно са зручнасьцяў. Бывае і такая нязручнасьць, як вайна. І вайсковыя парады, прынамсі, у некаторых краінах — гэта напамін пра гэта, спосаб згуртаваць нацыю вакол супольных каштоўнасьцяў і інстытутаў.

Парады вельмі любяць аўтарытарныя рэжымы — у парадах у Расеі і Кітаі ўдзельнічаюць дзесяткі тысячаў вайскоўцаў і процьма тэхнікі. Але ня толькі там. Традыцыйны парад з танкамі і самалётамі штогод на 14 ліпеня праводзіцца ў Францыі. 15 жніўня, у гадавіну «цуду на Вісьле», праводзіцца парад у Варшаве. Скажам, летась у ім удзельнічала 170 адзінак бронетэхнікі і 60 самалётаў і верталётаў.

Частка тых, хто падпісаў пэтыцыю, ня мелі б ніякіх прэтэнзіяў, калі б танкі ехалі на парадзе пад бел-чырвона-белымі сьцягамі на Дзень волі 25 сакавіка ці на Дзень вайсковай славы 8 верасьня.

Украіна пасьля «рэвалюцыі годнасьці» адмовілася ад шмат якіх атрыбутаў мінулага. Але не ад вайсковых парадаў. У 2014 годзе, як у Маскве ў лістападзе 1941 году, войскі з параду з Кіеве адразу ішлі на фронт, у Данбас.

Так што вайсковыя парады з тэхнікай — прыкмета зусім ня толькі аўтарытарных і мілітарызаваных рэжымаў.

Знакаміты дасьледчык нацыяў Бэнэдзікт Андэрсан у сваёй кнізе «Ўяўленыя супольнасьці» аналізаваў такі міжнародны фэномэн як Магіла невядомага салдата. Ён падкрэсьліў сымбалічны, умоўны, але пры гэтым агульнапрыняты, агульназразумелы характар гэтага інстытуту: «Дастаткова ўявіць рэакцыю навакольных на гэткага дапытлівага эрудыта, які б „раскрыў“ імя Невядомага салдата або стаў настойліва патрабаваць, каб у магілу паклалі сапраўдныя косткі».

Мне здаецца, што аўтары пэтыцыі ў нечым нагадваюць гэтага «дапытлівага эрудыта», пра якога пісаў Андэрсан — маўляў, нашто тэхніку ганяць, людзей непакоіць, з кім Беларусь ваяваць сабралася?

Ні з кім не сабралася, Украіна таксама не зьбіралася. Але ж давялося.

Ёсьць тут і яшчэ адзін момант. Мяркую, што частка тых, хто падпісаў пэтыцыю, ня мелі б ніякіх прэтэнзіяў, калі б беларускія салдаты пячаталі крок, а танкі ўзброеных сілаў Беларусі ехалі на парадзе пад бел-чырвона-белымі сьцягамі на Дзень волі 25 сакавіка ці на Дзень вайсковай славы 8 верасьня. Ім не падабаюцца вайсковыя парады гэтай улады і ў гэты дзень. Але не вайсковыя парады наагул.

Ну, а ёсьць і сапраўды людзі пасьлядоўныя — нязручны ж горад з тымі парадамі. Хоць пад якімі сьцягамі і з хоць якой нагоды. Маюць права, зразумела. Шмат у якіх краінах парадаў наагул няма. Ці традыцыі няма, ці была, ці скасаваная. Але падаецца, што нацыю, у значнай часткі якой вышэйшай каштоўнасьцю зьяўляецца зручнасьць, могуць чакаць вялікія нязручнасьці.

Карбалевіч: Можна вывесьці пэўную заканамернасьць. Вайсковыя парады праводзяцца ў краінах з даўняй і слаўнай гісторыяй. Гэта такі напамін пра былую веліч. А таксама ў краінах, якія прэтэндуюць на важную міжнародную ролю сёньня. Напрыклад, Кітай Францыя, Расея, Турэччына, Іран. Гэта дэманстрацыя сілы.

Зразумелыя парады ў дыктатарскіх краінах, якія заўсёды, паводле іхняй ідэалёгіі, знаходзяцца ў атачэньні ворагаў.

У ідэалягічным канструкце любой дзяржавы закладзены гераічны міт дзяржаватварэньня. Амаль у кожнай краіне існуе такая ідэалягема, што нашыя продкі перамаглі ворага, атрымалі вайсковую перамогу, у выніку чаго і зьявілася на сьвет нацыянальная дзяржава. Вось палякі сьвяткуюць «цуд на Вісьле» 1920 году. Для Расеі і Беларусі такім гераічным мітам зьяўляецца Вялікая Айчынная вайна.

У ідэалягічным канструкце любой дзяржавы закладзены гераічны міт дзяржаватварэньня.

І ў дакладзе Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе, і ў яго выступе на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня незалежнасьці 1 ліпеня, і на парадзе 3 ліпеня быў прыкметны мілітарысцкі акцэнт. Кіраўнік дзяржавы відавочна вылучае на першы плян пытаньне абароны і бясьпекі, увесь час з гонарам згадвае створаны ракетны комплекс «Палянэз».

Збольшага, для гэтага ёсьць і аб’ектыўныя прычыны. Вельмі прыкметная ваенная падрыхтоўка ў суседніх краінах. У Польшчы, краінах Балтыі ўзмацняецца ваенная інфраструктура НАТО, на ўсходзе Расея плянуе разьмясьціць дзьве новыя дывізіі ў Смаленскай і Бранскай вобласьцях. І Беларусь павінна даваць нейкія адказы на гэтыя выклікі.

Але, акрамя таго, тут дзейнічае яшчэ адзін фактар. Ужо два гады, ад пачатку ўкраінскага крызысу, улады прапануюць народу новы ідэалягічны канструкт, маўляў, цяпер галоўнае не дабрабыт грамадзянаў, не заробкі і пэнсіі, а мір, парадак, бясьпека. І таму патрэбная моцная абарона. Гэта такое своеасаблівае апраўданьне, адцягненьне ўвагі людзей ад іх бядотнага сацыяльна-эканамічнага становішча.

Цыганкоў: Сапраўды, многім людзям не падабаецца ня сам факт параду, а менавіта тое, пад якімі сьцягамі, у які дзень гэты парад адбываецца. Зразумела, што значная частка патрыятычных людзей хацела б, каб гэтыя парады праходзілі пад бел-чырвона-белым сьцягам, напрыклад, на 25 сакавіка ці 25 жніўня, якія можна было б абраць Днём Незалежнасьці.

Калі «іх» танкі псуюць асфальт, дык гэта кепска, а калі б псавалі «нашыя», дык на такія дробязі можна не зважаць дзеля сьвятой справы. Так што на самай справе прынцыповых праціўнікаў вайсковых парадаў у Беларусі ня так і шмат, як гэта паказаў збор подпісаў, які атрымаўся ня надта удалым.

Прынцыповых праціўнікаў вайсковых парадаў у Беларусі ня так і шмат.

За апошнія дні ў сацыяльных сетках была даволі гарачая дыскусія наконт вайсковых парадаў. Нацыяналістычныя людзі выступалі за тое, што ня трэба іх скасоўваць. Такія меркаваньні зьявіліся, мяркую, у апошнія гады на фоне падзей ва Ўкраіне.

Але парады трошкі міталягізуюцца нават з пункту гледжаньня іх эфэкту. Я напісаў у Фэйсбуку, што для чалавека, які служыў у войску, парады заўсёды сьвята, як для каня — «галава ў кветках, а задніца ў мыле». Для шараговых салдатаў ніякай радасьці ў такіх сьвятах няма.

Гэта доўгія гадзіны падрыхтоўкі, часам за кошт вольнага часу, гэта нэрвы, справаздачнасьць перад начальствам. Калі нейкая патрыятычная грамадзкасьць успрымае гэта як паказьнік магутнасьці нацыі і моцы духу, то ў саміх удзельнікаў параду высокай ідэйнасьці няма. Калі яны ідуць, скажу, як чалавек, які служыў у войску, яны думаюць, як паставіцца нага, як ня выйсьці з шыхту, а не пра нешта высокае.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG