Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вольга Карач ня будзе ўдзельнічаць у сёлетніх выбарах па стане здароўя


Кіраўніца міжнароднага цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом», які афіцыйна зарэгістраваны ў Чэхіі, Вольга Карач ня будзе ўдзельнічаць у сёлетніх выбарах у Палату прадстаўнікоў. Сваё рашэньне яна патлумачыла Свабодзе так:

«Я на вялікі жаль, калі казаць пра апошнія 12 месяцаў, перанесла дзьве апэрацыі. Былі даволі хваравітыя пераліваньні крыві. Адзін час я нават не бачыла нічога адным вокам. І мне яшчэ патрэбны пэўны час на рэабілітацыю. На шчасьце, я ўжо пачала рухацца без кійкоў. Але пакуль перасоўвацца ўсё ж цяжкавата.

Мне вельмі хацелася ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Аднак я бачу, што фізычна не змагу пацягнуць гэту кампанію. Шчыра скажу: ірвуся ў бой і разумею, што не пасьпяваю».

Вольга Карач -- вядомая ў Беларусі грамадзкая актывістка. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году многія чакалі, што яна вылучыць сваю кандыдатуру ў прэзыдэнты Беларусі.

Вольга Карач гаворыць, што ад «Нашага дому» будзе некалькі кандыдатаў у дэпутаты:

«Напрыклад, Алеся Садоўская. Мы лічым, што яна абавязкова павінна балятавацца і прабіваць зьмены ў закон, які дазваляе ўладам забіраць дзяцей у бацькоў.

У нас будуць кандыдаты, і ўсім ім я абавязкова буду дапамагаць. А з канкрэтнымі прозьвішчамі „Наш дом“ вызначыцца літаральна праз некалькі дзён».

Выбары ў палату прадстаўнікоў шостага скліканьня прызначаныя на 11 верасьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG