Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Упершыню за апошнія 105 гадоў у Менску асьвечаны новы касьцёл


Асьвячэньне сьвятыні адбылося 3 ліпеня ў менскай парафіі Маці Божай Будслаўскай.

Урачыстую імшу ўзначаліў папскі пасланьнік, аўстрыйскі кардынал Крыстаф Шонбарн, які ўзяў удзел у адзначэньні 25-годзьдзя заснаваньня Менска-Магілёўскай мітраполіі, паведамляе сайт catholic.by.

Сярод гасьцей былі мітрапаліт Бухарэсту арцыбіскуп Іаан Робу, мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Менска-магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі, апостальскі візытатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Паводле пробашча Францішка Рудзя, парафія Маці Божай Будслаўскай зарэгістравана ў 1996 годзе, будаўніцтва касьцёла працягвалася шэсьць гадоў.

Кардынал Крыстаф Шонбарн адзначыў у сваёй прамове:

«Мяне цешыць, што я магу быць сьведкам таго, што каталіцкі касьцёл у Беларусі ўваскрос і разьвіваецца. Божы народ у гэтай краіне шмат выцерпеў, сутыкнуўшыся з перасьледам. Людзі шмат чаго ахвяравалі дзеля веры, але яны яе захавалі».

Кардынал Шонбарн сказаў, што прыемна ўражаны беларускімі католікамі і «жывым касьцёлам» у Беларусі:

«Калі я буду даваць справаздачу сьвятому айцу Францішку пра свой візыт у Беларусь, я абавязкова распавяду аб тым, што тут перажыў. Перадам, што ўбачыў тут вельмі жывы касьцёл. Няхай Пан Бог бласлаўляе кожнага з вас!»

XS
SM
MD
LG