Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская партыя «Яблоко» выступіла за вяртаньне Крыму Ўкраіне


Ілюстрацыйнае фота. Кангрэс партыі "Яблоко"

Ілюстрацыйнае фота. Кангрэс партыі "Яблоко"

Партыя прапануе правесьці ў Крыме міжнародна прызнаны рэфэрэндум паводле ўкраінскіх законаў.

У новай перадвыбарнай праграме расейскай партыі «Яблоко» (DOCX), прадстаўленай 1 ліпеня, адназначна акрэсьленая пазыцыя партыі адносна Крыму і баявых дзеяньняў на Данбасе. Простым тэкстам у праграме гаворыцца: партыя лічыць, што Крым належыць Украіне.

Партыя выступае за непарушнасьць межаў у Эўропе, за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, за скасаваньне анэксіі Крыму, якую лічыць незаконнай, за вызначэньне будучыні Крыму жыхарамі паўвострава адпаведна законам. Рэфэрэндум пра аддзяленьне Крыма ад Украіны «Яблоко» лічыць незаконным, праведзеным пасьпешліва і «па-за ўсімі правіламі» пад «аховай» расейскіх узброеных сілаў.

Разам з тым «Яблоко» заклікае спыніць «вайскова-палітычную авантуру» на паўднёвым усходзе Ўкраіны і паспрыяць вяртаньню тэрыторыяў да мірнага жыцьця.

«Патрэбная агульная стратэгія, накіраваная на дасягненьне Расеяй і Ўкраінай блізкіх па сутнасьці мэтаў: руху абедзьвюх краінаў у Эўропу, — гаворыцца ў праграме. — У канчатковым выніку менавіта ў гэтым заключаецца рашэньне асноўных праблемаў, у тым ліку і Крыму. Гэта азначае адмову Расеі ад антыэўрапейскага курсу і яе паступовы рух да эўрапейскай палітыкі і ладу жыцьця. Толькі так можна стварыць падмурак рэальнага міру».

Аптымальным рашэньнем пытаньня Крыму партыя бачыць міжнародна прызнаны рэфэрэндум, праведзены паводле ўкраінскага заканадаўства пад эгідай ААН ці АБСЭ, працэдура якога мае быць вызначаная на міжнароднай канфэрэнцыі з удзелам у тым ліку народаў паўвострава, Расеі, Украіны і Эўразьвязу.

«Адмова ад так званай „дактрыны абмежаванага сувэрэнітэту“ ў дачыненьні да Ўкраіны, як і ўсіх іншых постсавецкіх рэспублік, — абсалютны імпэратыў XXI стагодзьдзя, — дадаецца ў праграме. — Чым раней Расея да гэтага прыйдзе, тым лепш для яе».

Беларусь у праграме практычна ня згадваецца: толькі ў кантэксьце гандлёвых рашэньняў Мытнага саюзу і экспарту «беларускіх крэвэтак».

***

«Яблоко» — левацэнтрысцкая партыя, заснаваная ў 1993 годзе як выбарчы блёк «Яўлінскі-Болдыраў-Лукін». У 1995-2003 гадах была прадстаўленая ў Дзяржаўнай думе ў якасьці фракцыі, затым, паводле афіцыйных вынікаў, не праходзіла на выбарах бар’ер у 5%. Экс-лідэр партыі Рыгор Яўлінскі, які быў кандыдатам у прэзыдэнты Расеі ў 1996 і 2000 гадах, зьбіраецца выставіць сваю кандыдатуру і на прэзыдэнцкіх выбарах у 2018 годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG