Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзень вышыванкі: час гульні ў БССР падыходзіць да канца


Віталь Портнікаў

Віталь Портнікаў

У Беларусі ўпершыню на афіцыйным узроўні адзначылі Дзень вышыванкі — мабыць, першае сьвята, якое ня выклікала ніякага антаганізму ў беларускім грамадзтве, якое дазволіла апрануцца ў аднолькавую вопратку і адэптам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, і самым заўзятым апазыцыянэрам.

Вядома, можна было б паставіцца да гэтага сьвяткаваньня паблажліва, як да яшчэ аднаго неабавязковага этнаграфічнага фэстывалю, калі б толькі ў суседзяў-украінцаў шмат гадоў таму назад усё таксама не пачыналася з этнаграфічных фэстываляў. З вышыванак. Са зьездаў казачнікаў-кабзароў. І сёньня вышыванка — і ў палітычным сэнсе, і ў этнаграфічным — суадносіцца менавіта з Украінай. Украінскі Дзень вышыванкі — агульнанароднае сьвята, падчас якога на вуліцах Кіева ці Львова цяжэй сустрэць чалавека ў паўсядзённым адзеньні, чым апранутага ў вышываную кашулю.

Здавалася б, што тут такога? Ну апранаецца сабе і апранаецца. Але калі паглядзець на вышыванку з гістарычнага пункту гледжаньня, то мы зразумеем, што яе апраналі, пратэстуючы супраць імпэрскай уніфікацыі: вось мы — іншыя і адзеньне ў нас іншае, у вас такую ня носяць. І яшчэ гэта сымбаль канчатковай перамогі ўкраінскага сяла і маленькага гарадка над русыфікаваным мэгаполісам. Мэгаполіс пакуль яшчэ гаворыць па-расейску — і, напэўна, яшчэ адно пакаленьне будзе размаўляць на ўкраінскім варыянце гэтай мовы, але ўжо з задавальненьнем апранаецца ў кашулі сваіх дзядуляў і бабуль, ператвараючы іх у сучасную вопратку і элемэнт дызайну. Так старадаўняя вышыванка становіцца адным з сымбаляў сучаснай Украіны. Але пры чым жа тут Беларусь?

А вось пры чым. Варта ўзгадаць, пад якімі лёзунгамі перамагаў у 1994 годзе на першых і апошніх сапраўдных прэзыдэнцкіх выбарах у гэтай краіне малады Аляксандр Лукашэнка. У сваім проціборстве з відавочным фаварытам гэтых выбараў, тагачасным кіраўніком ураду Вячаславам Кебічам будучы «бацька» праявіў бліскучую інтуіцыю. Ён зразумеў, што яго суграмадзяне хочуць справядлівасьці і спакою — я б сказаў, гістарычнага, савецкага спакою. Ён быў галоўным постсавецкім змагаром з карупцыяй — цяперашнія змагары могуць толькі пазайздросьціць яго талентам. І ён зразумеў, што жыхары Беларусі атаясамліваюць стабільнасьць і дзяржаўнасьць зь Беларускай ССР, а зусім не з даўно забытым на гэтых землях Вялікім княствам Літоўскім. Для абывацеля Вялікае княства — гэта была Літва. А Беларусь — гэта была БССР. Апазыцыя зь яе бел-чырвона-белым сьцягам і «літоўскім» гербам — «Пагоняй» заставалася дзесьці на ўзбочыне народнага ўспрыманьня.

Вядома, калі б на выбарах перамог Кебіч, ён пабудаваў бы звычайны постсавецкі рэжым, але пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Аднак такі рэжым (як паказвае той жа ўкраінскі вопыт) дапускае магчымасьць канкурэнцыі хоць бы ў аддаленай будучыні і адстойвае права калі не самой дзяржавы, то, прынамсі, яго алігархічнай эліты на прыняцьце сувэрэнных рашэньняў. Лукашэнка ніякай такой канкурэнцыі дапусьціць ня мог. Яму патрэбна была савецкая мадэль, пры якой ён мог бы стаць «бацькам» і кіраваць да пасіненьня. А такой мадэлі патрэбен быў іншы сьцяг, іншы герб, іншы Дзень незалежнасьці — і ўсё гэта было зьменена пры відавочнай грамадзкай падтрымцы. Рэспубліка Беларусь так і засталася краінай у кансэрвавай слоіку, пародыяй на БССР.

У гэтым кансэрвавым слоіку ўсё беларускае працягвала лічыцца «вясоквым» і «непрэстыжным». Успамінаю, як быў вельмі зьдзіўлены некалькі гадоў таму мой малады беларускі калега — між іншым, вялікі сябар Украіны, але і вялікі моднік, — які апынуўся ў Кіеве на Дзень вышыванкі. Госьць зусім ня мог зразумець, як яго аднагодкі маглі фарсіць па сталіцы ў кашулях, якія ў Беларусі можна было ўбачыць толькі ў музэях этнаграфіі і народнай творчасьці, ды яшчэ на бабулях і дзядулях у богам забытых вёсках. Цяпер, перад напісаньнем гэтага тэксту, я спэцыяльна праверыў старонку калегі ў сацыяльнай сетцы. Ён застаецца сябрам Украіны і застаецца моднікам. Таму яго апошнія фатаграфіі, вядома ж, у вышыванцы.

Час гульні ў БССР падыходзіць да канца. Цяпер Лукашэнка будзе будаваць сваю — гэта значыць беларускую — дзяржаву. Так, аўтарытарную. Так, эканамічна маргінальную і ўсё яшчэ залежную ад Масквы. Але сваю

Калега ў вышыванцы, вядома, нядрэнна выглядае, а яго дзяўчына выглядае яшчэ лепш. Але чаму Аляксандар Лукашэнка зь яго адкрыта «саўковай» сыстэмай каштоўнасьцяў павінен адчуваць задавальненьне, назіраючы за тым, як Менск ці Магілёў пачынаюць — паводле яго найвышэйшага ўказу — быць падобныя да Кіева і Львова?

А таму што Аляксандар Лукашэнка хоча кіраваць да пасіненьня, як мы ўжо высьветлілі. І ён адчувае (менавіта адчувае, а не разумее), што савецкі дыскурс яго кіраваньня вычэрпваецца разам з тымі, хто яшчэ памятае «сапраўдную» савецкую Беларусь — і разам з расейскімі грашыма. Час гульні ў БССР падыходзіць да канца. Цяпер Лукашэнка будзе будаваць сваю — гэта значыць беларускую — дзяржаву. Так, аўтарытарную. Так, эканамічна маргінальную і ўсё яшчэ залежную ад Масквы. Але сваю.

А бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» беларусам верне іх наступны прэзыдэнт. І ён жа падпіша з расейскім калегам пагадненьне аб вывадзе войскаў суседняй дзяржавы з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Не зьдзіўлюся, калі людзі, якія будуць хлебам-сольлю выпраўляць расійскіх салдат і афіцэраў на пэронах беларускіх вакзалаў, апрануць сьвяточныя вышыванкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG