Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 ліпеня споўнілася 240 гадоў з дня прыняцьця Дэклярацыі незалежнасьці Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Злучаныя Штаты ў панядзелак сьвяткуюць 240-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці ад Вялікабрытаніі. З гэтай нагоды па ўсёй краіне цэлы дзень будуць праходзіць парады, пікнікі і фаервэркі, паведамляе радыёстанцыя «Голас Амэрыкі».

Прэзыдэнт Абама наладжвае ў Белым доме барбэкю для сем’яў вайскоўцаў, а таксама канцэрт, дзе выступяць Кендрыка Ламар і Жанэль Манэ. Калі да вечара не пачнецца абяцаны дождж, гасьцям адкрыецца цудоўны від на галоўнае гарадзкое шоў фаервэркаў, якое пройдзе на Нацыянальнай алеі.

А дакумент, які паклаў пачатак гэтаму сьвяту, захоўваецца ў будынку Нацыянальных архіваў (National Archives), які разьмешчаны паміж Белым домам і Капітоліем. Гэта Дэклярацыя незалежнасьці (Declaration of Independence), складзеная Томасам Джэфэрсанам і прынятая Кангрэсам 4 ліпеня 1776 году.

«Мы зыходзім з той самавідавочнай ісьціны, што ўсе людзі створаныя роўнымі, яны надзеленыя іх Творцам пэўнымі неатчужнымі правамі, да ліку якіх адносяцца жыцьцё, свабода і імкненьне да шчасьця», — гаворыцца ў дакумэнце, у якім былі закладзеныя асноўныя прынцыпы і каштоўнасьці амэрыканскай нацыі.

Цэнтральнае месца ў Дэклярацыі займае крытыка на адрас брытанскага караля Георга: яго называюць тыранам, які неаднаразова пакідаў без увагі просьбы амэрыканскіх калёній палепшыць іх становішча.

У ліку 27 пунктаў, выкладзеных Джэфэрсанам: разьмяшчэньне на тэрыторыі калёній буйных брытанскіх вайсковых частак, спыненьне гандлю паміж калёніямі і астатнім сьветам, увядзеньне падаткаў бяз згоды мясцовага насельніцтва і прыпыненьне дзейнасьці мясцовых заканадаўчых органаў.

Вайна за незалежнасьць ЗША да таго моманту ішла ўжо каля году і працягвалася да 1783-га, калі ў Парыжы было падпісана пагадненьне, якое афіцыйна замацавала за ЗША сувэрэнітэт і незалежнасьць. Гэты дакумэнт таксама захоўваецца ў Нацыянальным архіве.

Па традыцыі, 4-га ліпеня на прыступках ля ўваходу ў будынак Нацыянальнага архіву зачытваюць тэкст Дэклярацыі незалежнасьці. Сам дакумэнт разьмешчаны ў пастаяннай экспазыцыі разам з Канстытуцыяй і Білем аб правах.

Неўзабаве пасьля цырымоніі пачынаецца шматтысячны парад, які стартуе ад Констыт’юшн-авэню, затым перасякае 10 кварталаў на захад і заканчваецца, прайшоўшы паміж Белым домам і манумэнтам ў гонар першага прэзыдэнта Злучаных Штатаў Джорджа Вашынгтона.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG